
8 мая 1943 г. партызаны расстралялі ў Налібаках 128 чалавек. У савецкай гістарыяграфіі аперацыя называецца «разгромам нямецкага гарнізона».
Гэта гісторыя пра тое, як адным травеньскім ранкам савецкія партызаны расстралялі 128 мірных жыхароў заходнебеларускай вёскі Налібакі (сёння — Стаўбцоўскі раён). Першы час я пачуў расказ пра гэта, калі мне было 10 год, ад сваёй бабулі. Яе гісторыя гучала для мяне тады як фантыстыка. На мітынгах у Дзень Перамогі я чуў іншае, у школе мне казалі зусім іншае, у кніжках пра гэта не было ані слова. Сваёй бабулі я доўгі час не верыў. Лічыў, што 80-гадовая жанчына нешта наблытала альбо наўмысна выдумляе.
Адной пагоднай раніцай ужніўні 1942 г. жыхароў Налібакаў сустрэлі расклееныя на слупах па ўсім мястэчку абвесткі:
«Па загадзе каменданта жандармерыі, а таксама кіраўніцтва CC і паліцыі ў Налібаках ствараецца самаахова мястэчка і навакольных вёсак ад рабункаў і тэрору бандытаў з лесу. Усе мужчыны ад 18 да 40 год абавязаныя з’явіцца ў сядзібе гміны на службу. За невыканнне загаду — смерць».
Немцы «ўзбройваюць» 144 мясцовых мужчын 28 старымі вінтоўкамі і пакідаюць мястэчка.
За парадак, спраўнасць тэлефоннай лініі, абарону ад партызанаў і своечасовыя пастаўкі прадуктаў акупантам налібачане адказваюць уласнай галавой.
Налібакі апынаюцца паміж савецкім молатам і нямецкім кавадлам. Пра служэнне немцам няма і мовы. «Абараніцца» ад дзесяці тысяч партызан у пушчы пры дапамозе 28 стрэльбаў — немагчыма. Большасць мясцовых спачувае польскім легіёнам, у шэрагах якіх ёсць і налібачане.
Увесну 1943 году бальшавікі ўжо цалкам кантралююць лясныя групы ў Налібоцкай пушчы. Працягваюцца напады на навакольныя вёскі. Невядомыя рабуюць сялян і гвалцяць жанчын. Тэрор і страх паглынае ўсё болей ахвяр. Страляць у партызан налібачане баяцца, бо ўначы з лесу можа прыйсці помста і адказваць за аднаго ляснога прышэльца давядзецца цэлым сем’ям, як гэта ўжо не раз бывала. Глядзець склаўшы рукі на тое, як партызаны рабуюць мясцовае насельніцтва — «самаахова» не можа. За бяздзеянне
Кіраўнік налібацкай самааховы Яўген Клімовіч вырашае ехаць у лес на перамовы з бальшавікамі. Партызаны прапанаюць правесці імітацыю нападу на «самаахову», каб пазбегчы нямецкай помсты на вёску.
Чальцы «самааховы» павінны паддацца і са зброяй перайсці да партызан. Налібачане меліся патлумачыць пазней немцам, што бальшавікі напалі на вёску і арыштавалі ўсіх «самаахоўцаў».
Савецкія камандзіры ставяць умовы: пасля аперацыі налібацкія мужчыны павінны прыняць прысягу на вернасць Сталіну і ўвайсці ў шэрагі партызанскага атраду. Клімовіч пагаджаецца на імітацыю нападу, але просіць даць яму час, каб абдумаць прапанову аб пераходзе ў партызанку. Бакі дамаўляюцца перад «нападам» сустрэцца яшчэ раз і да «захопу» пазбягаць узаемных сутыкненняў.
Партызаны не стрымалі сваё слова. 8 мая а 5-й раніцы атрады бальшавікоў акружылі мястэчка.
Вось як узгадвае першыя стрэлы партызанаў былы налібачанін Вацлаў Навіцкі.
«Доўгая серыя з кулямёта разарвала пярэднюю сценку пад вокнамі нашага дома і канапу ў іншым канцы пакоя. Кулі затрымаліся на процілеглай сцяне, некалькі сантыметраў над нашымі галовамі. (…) З-за вокнаў далятаў крык: „Давай, давай, вперёд!“. Мама падбегла да вакна і загаласіла: „Вёска гарыць!“. Я выбег у споднім на падворак. Над вёскай і мястэчкам дым. Лямант у нашых суседзяў Лукашэвічаў. Два ўзброеныя чалавекі выводзяць з хаты Караля. За мужам бяжыць жонка Поля, за ёй бацькі. Людзі даводзяць Караля да гумна. Гучаць два сухія стрэлы з пісталета».
Партызаны, мужчыны і жанчыны, забягалі ў хату, стралялі ў гаспадароў, а часам і ў цэлыя сем’і, і з крыкам «Ура» беглі забіваць далей. Спалоханыя байцы «самааховы» самі выбягалі на падворак, мяркуючы, што адбываецца дамоўленая з партызанамі аперацыя. Яны стралялі ўгару, а партызаны адказвалі ім чэргамі з аўтаматаў, забіралі ў хатах каштоўныя прадметы і падпальвалі будынкі.
![]() |
Маёр Павел Гулевіч непасрэдна кіраваў аперацыяй у Налібаках. Забіў чатырох чалавек. |
Яніна Стасюкевіч запомніла, як яна з маці і малым братам хавалася ў склепе. Партызан загадаў ім выйсці. Калі маці выходзіла з малым сынам на руках, партызан стрэліў ёй у нагу. Вераніку Стасюкевіч выратаваў іншы партызан, які загадаў спыніць агонь і прыгразіў застрэліць свайго паплечніка.
Яніна бачыла, як партызаны застрэлілі двух маладых настаўнікаў. 22-гадовыя хлопцы ляжалі мёртвыя ў садзе, а партызаны таўклі ім штыкамі вачніцы і загадалі 6-гадовай Яніне і яшчэ чацвярым дзецям глядзець на гэтую жахлівую сцэну.
У дом Стэфана Стасюкевіча ў пошуках прадуктаў уварваліся жанчына і двое мужчын. Яны пераламалі мэблю, пабілі посуд і, не знайшоўшы ежы, сышлі. Тады на кані пад дом пад’ехаў партызан. Ён папрасіў у Стэфана запалкі, а потым застрэліў гаспадара і падпаліў яго дом.
Мечыслаў Клімовіч, які быў тады падлеткам, памятае, як партызаны выводзілі на вуліцу налібацкіх мужчын і загадвалі станавіцца ў шэраг. Да іх на кані пад’ехала жанчына, прывязала каня да плота і са спакойным тварам пачала страляць па мясцовых.
— Ё. тваю маць, сволач…
Пахіляецца, хапае за руку і шукае гадзіннік. Няма…. «пракляты п…ц». Партызан сцягвае з Альберта штаны і выбягае на двор.
Марыся бачыць, як гараць дамы Карневічаў, Лойкаў, Хмараў…
У сям’і Каржэнькаў партызаны таксама забіваюць старэйшага сына. Малодшы Толік назірае за гэтым з хлява. Калі саветы выходзяць на вуліцу, ён сядае на каня і ўцякае ў бок лесу. Бацька, мяркуючы, што гэта адзін з партызанаў, хапаецца за вінтоўку і страляе. Толік падае на зямлю.
Перад тым, як падпальваць дамы, партызаны іх дашчэнту рабуюць. З сабой у лес яны забіраюць 100 кароў і 70 коней.
За дзве гадзіны ад рук лясных бандытаў загінула 128 налібачан. Ахвяры — пераважна мужчыны, але сярод забітых ёсць тры жанчыны, падлеткі й дзесяцігадовае дзіця.
![]() |
Помнік забітым налібачанам на мясцовых могілках. |
Так трагедыю памятаюць жыхары Налібакаў і сем’і ахвяр. Але такога апісання тагедыі 8 траўня 1943 году дарэмна шукаць у савецкіх крыніцах. Сярод дакументаў тых часоў ёсць, затое, службовая нататка кіраўніка савецкай партызанкі на Наваградчыне, маскоўскага стаўленніка генерала Васілія Чарнышова «Платона»:
«Уначы 8 мая 1943 года партызанскія атрады пад кіраўніцтвам тав. Гулевіча і камісара тав. Муратава знянацку разграмілі нямецкі гарнізон самааховы мястэчка Налібакі. У выніку двухгадзіннай барацьбы загінулі 250 самаахоўцаў».
У Навагрудскім музеі можна пабачыць дакладнае апісанне «перамогі над нямецкім гарнізонам».
«У дзень аперацыі ў густым лесе за 3 км ад вёскі Новы Двор сабралося пяць груп, агулам больш за 1110 партызан абодвух полаў. Кіраваў камандзір Гулевіч. У іх былі аўтаматы ды вінтоўкі. Тры аддзелы партызанаў у складзе 730 чалавек атакавалі Налібокі.
Брыгады ў таямніцы наблізіліся да мястэчка, а 4-й раніцы, адкрываючы дарогу пяхоце, быў адкрыты агонь з вінтовак.
Гарнізон быў здабыты. Вынік сутычкі: 250 членаў самааховы былі забітыя падчас двухгадзіннай барацьбы, было спалена шмат дамоў, здабытая зброя, кулямёты і стрэльбы.
Падчас знішчэння гарнізону ў Налібаках загінулі пяцёра партызанаў, шасцёра былі параненыя.
У гэтым дакуменце завышаная ня толькі колькасць ахвяр (амаль у два разы), але і колькасць партызан. Паводле сведкаў, бальшавікоў было не больш за 150 чалавек.
![]() |
Васілій Чарнышоў "Платон" - аўтар легенды пра "разгром нямецкага гарнізону ў Налібаках". |
За напад на Налібакі адказвае брыгада імя Сталіна. Згаданы вышэй загад генерала «Платона» ад 10 мая 1943 г. пералічвае аддзелы, якія ўзялі ўдзел у нападзе на Налібакі: атрад імя Дзяржынскага, «Бальшавік», імя Суворава і іх камандзіры — тав. Канстанцін Шашкін, тав. Макаеў, тав. Фёдар Суркоў. Сярод нападнікаў былі й партызаны з так званага габрэйскага сямейнага атраду Шлёмы Зорына. У яго шэрагах былі і налібацкія габрэі, якія ўцяклі ў лес пасля прыходу немцаў.
Напад на Налібакі быў карай мясцовым жыхарам за нелаяльнасць партызанам і сумневы ў супрацоўніцтве з бальшавіцкай уладай.
Партызнаскі рэйд стаў таксама выдатнай нагодай да нажывы: вёска была дашчэнту абрабаваная.
Ці адказалі забойцы 128 налібачан за свае забойствы? Не. Гэтага і не магло адбыцца, бо дазвол ці хутчэй загад на забойства выдаў начальнік НКВД у Івянцы Рыгор Сідарок «Дубаў». Ён быў чымсці накшталт куратара партызанаў у Налібоцкай пушчы. Яго разам са згаданым вышэй «Платонам» на пачатку 1943 году перакінулі з Масквы для ўмацавання кіаўніцтва партызанскім рухам. Сваю справу, трэба сказаць, яны выканалі на ўсе пяць. Старшыня Цэнтральнага штаба партызанцкага руху Панцеляймон Панамарэнка ўзнагародзіў кіраўнікоў аперацыі ў Налібаках. Сярод іх быў і камандзір атрада імя Сталіна Павел Гулевіч, які, фактычна, кіраваў забойствамі налібачан. Сам ён хваліўся чатырма забітымі.
![]() |
Грыгорый Сідарок "Дубаў" аддаў загад забіваць жыхароў Налібокаў. |
Распачатую саветамі справу праз тры месяцы завершылі немцы. Пры канцы ліпеня ў рамках антыпартызанскай аперацыі «Герман» у вёску ўвайшла Зондэркаманда СС Дырлевангера і чальцы ўкраінскіх вайсковых фармаванняў.
6 жніўня немцы даюць вяскоўцам паўгадзіны на зборы і загадваюць збірацца на цэнтральнай плошчы. Кажуць, што вывозяць у Нямеччыну. Хворых, старых і нямоглых налібачан расстрэльваюць на месцы. Кулю атрымлівалі і тыя, хто адмаўляўся выконваць загад і не хацеў пакідаць свой дом. Немцы падпальваюць вёску. Да вечара ад
Пасля вайны ў Налібакі вярнуліся многія вывезеныя ў 1943 годзе вяскоўцы. Яны адбудавалі мястэчка, а новая ўлада паставіла ў яго цэнтры помнік партызанам і мясцовым жыхарам, што загінулі ад рук немцаў. Калі я вучыўся ў школе, то мы штогод праводзілі там урачыстасці з нагоды Дня Перамогі.
З часам я адкрыў, што на помніку пералічваюцца імёны некаторых забітых партызанамі аднавяскоўцаў у трагічны дзень 8 мая 1943 года.
![]() |
Панцеляймон Панамэрнка ўзнагародзіў удзельнікаў налібацкага пагрому.. |
Рэшта імёнаў — гэта чужыя мясцоваму вуху прозвішчы. Магчыма, гэта імёны партызанаў, якія забівалі налібачан і самі загінулі падчас аперацыі. Іронія лёсу. І забойцы, і іх ахвяры на адной пліце помніка! Я ня раз казаў пра сваё адкрыццё настаўнікам, дырэктару школы, старшыні сельсавету, пісаў артыкулы ў раённую газету. Праз пару год стары помнік знеслі і ў больш пачэсным месцы паставілі новы. Але прозвішчы на ім засталіся тыя самыя.
Дзмітры Гурневіч.
![]() |
Помнік усталяваны ўладамі ў памяць партызанаў і мясцовых жыхароў у 2000-ых гадах. |
ДЗМІТРЫЙ, ПРЫВІТАННЕ. ВЫДАТНЫ САЙТ, ДЗЯКУЙ. А ЦІ ЎДАЛОСЯ-ТАКІ ВАМ СКЛАСЦІ СПІС АХВЯР НАЛІБАЦКАЙ ТРАГЕДЫІ 8 МАЯ 1943 Г?
ReplyDeleteТак, ён гатовы за выключеннем некалькіх прозвішчаў. Хутка апублікую.
Delete