Monday, June 24, 2013

Пажар у Налібаках у 1622 годзе?






















Здымак з кавалкам гэтай невядомай гравюры я атрымаў у 1998 годзе ад аднаго амерыканскага налібачаніна. Ён сцьвярджаў, што на выяве пажар Налібак у 1622 годзе.

Рака ў левым верхнім куце называецца Labiazda. Паводле ўладальніка здымка, гэта магла быць сённяшняя Лебяжода, якая плыве праз Налібакі. Дарэчы, у "Геаграфіі Беларусі" (1919 г.) Аркадзя Смоліча паралельна з Лебяжодай ужываецца і назва Лебяжадзь.

Былы налібачанін сцьвярджаў у сваім лісце, што лінія ракі на гравюры дакладна сыходзіцца з размяшчэннем адносна будынкаў і касцёла (збудаванага ў 1549 годзе па загадзе Жыгамонта Аўгуста), які згарэў прыблізна ў гэты самы час. Новы касцёл, але на тым жа месцы, збудаваў канцлер Вялікага Княства Літоўскага Альбрэхт Станіслаў Радзівіл.

На выяве добра бачныя вершнікі на конях з коп'ямі. Праўдападобна, што яе аўтар пераказвае ваенныя жахі. Але якая вайна маецца на ўвазе? У 1602-1629 гадах Рэч Паспалітая ваявала са Швецыяй, але ў 20-ах гадах 17 ст. асноўныя баявыя дзеянні гэтай вайны адбываліся на тэрыторыі сучаснай Латвіі.  Невыключана, што гравюра адносіцца да 1632 года, бо дата на ёй невыразная. У той перыяд Рэч Паспалітая ваявала з Масковіяй у так званай Смаленскай вайне. Але ізноў жа, баявыя дзеянні той вайны праходзілі на тэрыторыі сённяшняй усходняй Беларусі. Цалкам верагодна, што на выяве яе аўтар адлюстраваў нейкае дробнае паўстанне ці сутыкненне. Але якое? А можа думка, што на гравюры паказаныя Налібакі, увогуле памылковая?

Заахвочваю аматараў гісторыі разам знайсці адказ на гэтае пытанне. Магчыма, знаўцы гісторыі таго перыяду маглі ўжо дзесьці бачыць гэтую выяву і ведаць, які гістарычны эпізод на ёй адлюстраваны.

Дзмітры Гурневіч



1 comment:

  1. спытайце Андрэя Катлярчука. Інтуітыўна адчуваю, што ён хутчэй за іншых можа апазнаць карцінку. і канешне, Налібокі тут - не факт пакуль

    ReplyDelete