Wednesday, June 26, 2013

"Жыццё ў Налібаках спынілася ў крывавую раніцу 8 траўня 1943 года".















У гэты трагічны дзень я была ў Налібаках. Мне тады было 23 гады. 7 траўня, вяртаючыся з касцёла, я зайшла ў шпіталь, дзе ляжаў мой хворы брат Болесь Адамцавіч і вырашыла там пераначаваць. 



Узгадвае Юзэфа Адамцавіч-Кланоўская: (пасля вайны жыла ў горадзе Каліш, Польшча)

8 траўня, паміж 5 і 6 гадзінамі раніцы, нас усіх разбудзіла страшэнная страляніна і моцны пажар. На вуліцы ляжалі стосы ахвяраў. Каля лукашэвічай студні ляжала некалькі целаў, на іх усё яшчэ гарэла вопратка. Жанчыны плачучы тушылі іх вадою і адцягвалі далей ад агню. У шпіталь забёг Караль Радзівон (ён жыў насупраць), і крычыць: “Юзячка, ратуй!”. Я паказала пальцам вольнае ложка і накрыла яго коўдрай. Праз імгненне ў будынак залятаюць узброеныя людзі з крыкам “Рукі ўверх. Давай сюды ружжо”. Мой хворы на тыф брат і яго сусед былі без прытомнасці, у іх была высокая тэмпература. Яны нічога не бачылі і не разумелі. А тыя ўсё працягвалі крычаць: “Рукі ўверх. Давай сюды ружжо”. Тады я кажу: “Уцякайце, гэта тыф”. Тады яны з недаверам, але і страхам у вачах, выбеглі са шпіталя, які ахоплівала усё большае полымя. Я выцягнула хворых з будынку на поле, накрыла коўдрамі. Праз некалькі гадзін па аднаго з хворых прыехала з Рудні сям’я.

Мне трэба было вяртацца дадому. У другой палове дня, палявой дарогай, я прыцягнула брата дадому. У суседа Адольфа Нецкі лямант. Партызаны забілі двух ягоных сыноў, нашых сяброў. У суседзяў з левага і правага бакоў тое самае – забітыя. Чуйко, Рафал Мішук, Алесь Годыль і шмат іншых. Паўсюль дагараюць будынкі. Згарэў касцёл, забілі арганіста і ягоных сыноў. Жаль сціскаў сэрца і горла. Некалькі дзён я не магла ўстаць на ногі, захварэла тыфам. Мне не хацелася жыць. Жыццё ў Налібаках спынілася ў крывавую раніцу 8 траўня 1943 года.

Магілы, магілы, магілы .... Ім не было канца... У Карневічаў партызаны забілі бацьку і двух сыноў, калі маці кінулася іх бараніць, і яе застрэлілі. На крык прыбег зяць Алесь, забілі
і яго. Пяць трунаў з аднаго дому. Ва ўдавы Лукашэвічыхі забілі дарослага сына Чэся, падлетка Янку і зяця. Амаль у кожным доме была жалоба.

У ліпені ў наш дом прыйшлі немцы: “Матка, давай сына”. Малодшы брат Караль схаваўся. Я вельмі баялася, што яго знойдуць і заб’юць, альбо забяруць і што не будзе каму на полі працаваць. Стомленая хваробай, я сабрала апошнія сілы і ўстала з ложка: “У мамы няма сына. Я паеду”. Мяне адразу пацягнулі, я толькі паспела пацалаваць маму ў руку. Усю моладзь тады забралі ў Нямеччыну. А ў жніўні 1943 года забіралі ўжо ўсіх, і старых, і малых. У доме Каржэнькаў, у канцы вёскі, у хаце хтосьці ляжаў хворы тыфам. Немцы аблілі яе бензінам і спалілі жыўцом з тым чалавекам. Немцам дапамагалі літоўцы, латышы і ўкраінцы. Сваякі потым расказвалі, што ідучы ў бок Стоўбцаў, на выхадзе з вёскі, каля школы, яны бачылі, як у зямлі варушыліся закапаныя людзі.

Ніхто тады не мог абараніць нашую годнасць. І сёння ёсць людзі, якія хаваюць праўду пра свае злачынствы. Адзін Бог усіх рассудзіць справядліва.

Юзэфа Адамцавіч-Кланоўская.



Пра налібацкую трагедыю 8 траўня 1943 года можна прачытаць тут.
   

No comments:

Post a Comment