Tuesday, June 18, 2013

Таямніца “Налібацкай хронікі”















Да ІІ сусветнай вайны векавая гісторыя Налібак і ваколіцаў занатоўвалася ў так званай “Налібацкай хроніцы”. У часе вайны яна бясследна знікла. Аднак ёсць верагоднасць, што "налібацкі летапіс" захоўваецца за мяжой.


У міжваенны час “летапісцам” Налібак быў арганіст касцёла святога Бартламея Міхал Петрашкевіч (дарэчы, унук сябра Адама Міцкевіча, вядомага філамата Петрашкевіча).

Лічыцца, што “Налібацкая хроніка” згарэла ў пажары касцёла ў траўні 1943 года. Аднак 87-гадовы налібачанін Вацлаў Навіцкі, які цяпер жыве ў Варшаве, сцьвярджае, што хроніка не згарэла. Перад сваёй смерцю (а Петрашкевіча расстралялі савецкія партызаны), арганіст перадаў хроніку налібачаніну Міхалу Карпу. Аднак, што сталася з ёю пазней – невядома. 

Міхал Карп быў сынак заможнага селяніна, ягонымі аднагодкамі, сябрамі і суседзямі былі Ян і Юзаф Радзівілы. Перад вайной Карп пісаў “гісторыю Радзівілаў”, за што атрымаў ад іх узнагароду. Не выключана, што менавіта гэтыя запісы пасля вайны маглі памылкова палічыць “Налібоцкай хронікай”

Па адной з версій, хроніка магла захоўвацца ў будынку плябаніі (на тэрыторыі сённяшняга двара сям’і Сарнацкіх).

Былая налібачанка сп. Марыя Хіліцкая ўзгадвае, як у школе настаўніца Ганна Фарботка чытала дзецям фрагменты “Налібацкай хронікі”. Пра тое, як аднойчы вяскоўцы знайшлі ў закапанай бутэльцы дакумент пра найстарэйшую гісторыю мястэчка. Бутэльку, быццам бы, знайшлі пад кеменем ля ракі Лебяжода. У ваколіцы тады было шмат вялізных валуноў. Блакітная гліна ля ракі выкарыстоўвалася для вытворчасці шкла. Верагодна, што бутэльку зрабілі на мясцовай гуце шкла, якая існавала з 1720 па 1862 гады. А можа знойдзены дакумент быў так званым лістом да нашчадкаў, які Радзівілы напісалі падчас адкрыцця гуты.

Таямніца “Налібацкай хронікі” да гэтай пары застаецца неразгаданай. Ці перажыў гэты дакумент вайну ці не, дакладна невядома. Нельга выключыць, што яна дагэтуль захоўваецца ў калекцыі аднаго з налібачан, які жыве па-за межамі Беларусі, альбо перададзеная ў спадчыну наступным пакаленням выхадцаў з Налібак. Магчыма гэтая таямніца калісьці будзе разгаданая і хроніка вернецца туды, дзе яе месца – ў Налібакі.

На падставе ўспамінаў налібачан апрацаваў Станіслаў Карлік. З польскай пераклаў Дзмітры Гурневіч.

No comments:

Post a Comment