Sunday, June 23, 2013

Налібацкія музыкі, што змайстравалі фартэпіяна

 












Перад вайной у Налібаках было каля дзясятка музычных ансамбляў. Сябры, суседзі і сваякі ставаралі гурты і гралі на вяселлях, імянінах і іншых святах. Гармонікі, бубны, скрыпкі... Спявалі па-беларуску і па-польску. Але быў адзін асаблівы ансамбль...


Яшчэ дзіцем мне не раз даводзілася чуць, што перад вайной пасярод налібацкага возера знаходзілася круглая драўляная пляцоўка. На ёй адбываліся патанцоўкі альбо, як цяпер кажуць, дыскатэкі. 

Дабіраліся да пляцоўкі на чаўне. Увогуле чаўноў было некалькі і вельмі часта маладыя кавалеры, каб зрабіць уражанне на паненак, запрашалі іх на "шпацыр па возеры". 

Возера ў Налібаках, пасярод якога знаходзілася танцавальная пляцоўка.
На пляцоўцы амаль кожныя выходныя адбываліся вечарыны. Граў на іх ансамбль складзены з адных налібачан (на здымку). Большасць музыкаў - гэта браты Кажушкі. Яны гралі на гітары, бубнах, духавых інструментах, але ня толькі.

Гэты здымак быў зроблены ў 1930-ых гадах. У 2003 годзе я атрымаў яго ад дачкі аднаго з музыкаў - Тэрэсы Кажушка, якая цяпер жыве каля Шчэціна ў Польшчы. Яе тата Антось Кажушка сядзіць каля фартэпіяна, якое ён ўласнаручна зрабіў з братам Язэпам. Адзін быў цесляром, другі музыкам-самавучкай. Купіць фартэпіяна ў тыя часы каштавала вялікіх грошай. Браты вырашылі зрабіць усё самі. Праца працягвалася доўга. Каркас зрабіў Антось, а музычнымі асаблівасцямі займаўся Язэп. І ўдалося. Фартэпіяна не адзін год сваім гучаннем упрыгожвала налібацкія ўрачыстасці.

Дзмітры Гурневіч.

No comments:

Post a Comment