Saturday, June 29, 2013

Жыццё пад дзвюма акупацыямі



 












17 верасня, калі ўвайшлі савецкія войскі, была нядзеля. Войска перасоўвалася праз вёску некалькі дзён. У Налібаках у той час было некалькі прыхільнікаў камунізму, але праз пару тыдняў яны вылечыліся з гэтых ідэй. Падчас уваходу войска ніякіх сутыкненняў не было, усё адбывалася спакойна. Саветы таксама паводзілі сябе прыстойна. Пекла пачалося праз некаторы час. 


Узгадвае Юзаф Кокель. Нарадзіўся ў 1922 годзе ў Налібаках. Жыве пад Шчэцінам:

Саветы ўвялі жорсткія парадкі, нормы, палохалі ўсіх высылкай у Сібір. Узімку, здаецца гэта быў люты, яны пачалі вывозіць людзей. Гэта была далейшая рэалізацыя дамовы паміж Сталіным і Гітлерам. Бальшавікі вывозілі людзей у Сібір не так, як цар, за правіны, а каб знішчыць холадам і голадам. Усе прозвішчы цяжка і пералічыць, іх было вельмі шмат. Спачатку пайшлі з сем’ямі гаёвыя і солтысы. Калі вывозілі гаёвага Лойку, то ягонаму сыну Юзіку, майму аднакласніку, ўдалося ўцячы. Ён спачатку хаваўся ў лесе, але потым яго падманам арыштаваў НКВД. Па дарозе ў Сібір ён уцёк з цягніка, а потым трапіў у армію Андэрса. Сёння ён грамадзянін Вялікабрытаніі. Адзін быў такі дзядзька, што скупляў зёлкі, то і яго выслалі. Адным словам усіх тых, хто хоць чымсці адрозніваўся.

Калі прыйшлі немцы, то спачатку таксама нічога надзвычайнага не было. Пекла пачалося тады, калі ў лесе з’явіліся партызаны. Хаця цяжка іх было назваць партызанамі. Яны нападалі на людзей, рабавалі, забівалі. Партызаны забілі майго сябра Генрыка Грыгарцэвіча. Калі людзі пачалі лямантаваць: а за што ж вы яго? Тыя адказалі: таму што ён прыгожы быў, і конь у яго прыгожы. Так і сказалі. Болеся Фаботку таксама таксама за нішто забілі. Закалолі штыкамі. Было больш дзясятка ранаў.

Увесну 1942 года партызаны зрабілі засаду на немцаў каля вёскі. Забілі пару чалавек. Сёння можна зрабіць выснову, што гэта было падвойнае злачынства. Немцы за такое спальвалі вёску і ўсіх яе жыхароў. Яны маглі такую ж засаду, з яшчэ лепшым вынікам, зрабіць у лесе. Але ў іх, відаць, была іншая мэта. Каб адпомсціць людзям у вёсцы, немцы выслалі ў Налібакі сваіх саюзнікаў латышоў. Гэта нас тады ўратавала. Латышскі афіцэр сказаў, што яны з нашым народам не ваявалі і заўсёды жылі ў згодзе. Нам параілі стварыць “Самаахову” і немцы тады не павінны былі нас чапаць. Так у нас узнікла тая “Самааахова”, каб яе чорт. Яе кіраўнікі, нашыя налібацкія хлопцы, скантактаваліся з партызанамі і заключылі пагадненне, што яны не будуць нападаць адзін на аднаго. Такім чынам яны сталі саюзнікамі. Але ж рускія ніколі не стрымоўваюць свайго слова.

8 траўня 1943 года саветы знянацку напалі на Налібакі. Гэта было злачынства. Яны выцягвалі людзей з хатаў, ставілі каля сцяны і расстрэльвалі цэлымі групамі па дзесяць, а то і больш, чалавек. Пасля гэтага яны перадалі ў вёску ліст, маўляў, вінаватая ва ўсім “Самаахова”, бо нібыта хтосьці застрэліў іх камандзіра Варанцова, які ехаў на кані наперадзе калоны. Але паводле мяне гэта быў міф, каб апраўдаць свае злачынствы. Па-першае, што гэта за камандзір такі едзе наперадзе калоны? Такое бывае толькі ў казках і песнях. А па-другое, гэтага Варанцова ўвогуле магло і не быць. Ніхто яго не бачыў, ані жывога, ані мёртвага. Я лічу, што яны гэта прыдумалі.

У гэты ж час у лесе з’явілася польская партызанка, якая паўстала з жаўнераў Саюзу ўзброенай барацьбы. Пазней яна была пераўтворана ў Армію Краёву. Вельмі шмат моладзі хацела ісці да іх у лес, але не ўсіх бралі. Прыймалі толькі тых, каму пагражала небяспека ад немцаў і саветаў. Партызаны з Налібацкай пушчы дайшлі ажно да Варшавы і прымалі ўдзел у Варшаўскім паўстанні. Неяк я чытаў успаміны аднаго з паўстанцаў, які пісаў, што атрад з Налібак быў найлепш узброеным.

У жніўні ў Налібакі прыехалі немцы і пачалі вывозіць мясцовых у Нямеччыну. Па дарозе ў Стоўбцы, каля Янкавіч, я бачыў, як немцы везлі на машыне ксяндза Юзафа Байку й Барадына і іх гаспадыню. Праз пару год я даведаўся, што іх тады везлі на расстрэл, бо менавіта каля Янкавіч іх забілі.

У Стоўбцах нас загрузілі ў вагоны і павезлі ў Нямеччыну. Некаторыя з нас трапілі ў Аўстрыю. Я трапіў у маёнтак Сэвэрын. Там я працаваў ажно да 5 траўня 1945 года. Вызвалялі нас саветы. Наша сям’я адразу прыняла рашэнне вяртацца дадому. Ехалі мы на кані з возам. За Одрай, у горадзе Старгард, нам параілі заставацца. Прапанавалі некалькі вёсак. З намі было больш дзясятка налібацкіх сем’яў. Мы вырашылі пасяліцца ў вёсцы Віткова, у якой калісьці жылі немцы. 15 чэрвеня мы ўжо засяліліся ў свае новыя дамы і да сённяшнага дня тут жывем.

Вяртацца ў Налібакі не было сэнсу. Мы ўсе ведалі, што там будуць кіраваць бальшавікі. А мы ўжо добра ведалі, што такое савецкая дабрыня і камуністычны рай. Тое, што нам давялося перажыць, калі ў Налібакі прыйшлі саветы, засталося ў памяці на ўсё жыццё. Такога “раю” нікому не пажадаеш.

Вяртаючыся думкамі ў Налібакі, мушу сказаць, што мясцовы людзі заўсёды жылі ў згодзе са сваімі суседзямі. Незалежна ад рэлігіі і нацыянальнасці. Сёння там Беларусь і я веру, што людзі і далей жывуць мірна паміж сабой. Палякі і беларусы ніколі не ваявалі, як гэта было ў Літве ці ва Ўкраіне. Сёння ўрад Беларусі варожа ставіцца да Польшчы, але я веру, што з часам гэта зменіцца.    

На сваё жыццё я не наракаю. Я цешуся, што перажыў вайну і дажыў да 80 гадоў.


Юзаф Кокель.

No comments:

Post a Comment