Monday, June 17, 2013

Страчаная перліна Налібак - касцёл святога Бартламея















На пагорку ля маляўнічага возера ў цэнтры Налібак ўзвышаецца велічны касцёл. Гэтую святыню пачалі будаваць яшчэ ў 30-ыя гады мінулага стагоддзя, а скончылі толькі пасля здабыцця Беларуссю незалежнасці. Мала хто з налібачан ведае, што побач з гэтай святыняй, яшчэ 70 год таму, стаяў 200-гадовы драўляны касцёл збудаваным родам Радзівілаў. 

Паводле гістарычных дакументаў, у 1540 годзе, у знак падзякі за цудатворнае выратаванне ад маланкі, каралевіч Жыгамонт Аўгуст загадаў пабудаваць у Налібаках хрысціянскую капліцу. 

Брат  Радзівіла “Сіроткі”, канцлер ВКЛ Альбрэхт Станіслаў Радзівіл, збудаваў у 1636 годзе на месцы гэтай капліцы першы касцёл. Падчас расійскай і шведскай навалаў у 1655 годзе касцёл быў разбураны. Праз сорак год у тым самым месцы Радзівілы пабудавалі другі касцёл, які ў 1704 годзе асвяціў віленскі біскуп Канстанты Казімеж Бжастоўскі.


Ад той пары касцёл прастаяў 239 год, да траўня 1943 года. Ён ператрываў розныя ваенныя завірухі, але не ІІ сусветную вайну, пакуль яго не спалілі савецкія партызаны. Полымя ад касцёла павінны было стаць знакам для атрадаў да наступлення. Кепскім знакам для мясцовых жыхароў стала знічшэнне ў 1939 годзе драўлянай фігуры святога Яна Непамуцкага, якая стаяла ля прыкасцельнага возера шмат гадоў (некаторыя сцвярджаюць, што яе ўзвялі ў памяць хвробы, якая ў палове XVI  ст. наведала налібацкі край). 
 

Роўна праз чатыры гады пасля яе згарэла і перліна Налібак. Згарэлі каштоўныя алтары, абразы, літургічныя прадметы, а таксама Налібацкая хроніка, якую вёў арганіст Міхал Петрашкевіч.
 

Вакол драўлянага касцёла, збудаванага з пушчанскай драўніны, стаяў каменны мур, і гірлянда векавых дрэваў. Святыня была пабудаваная ў форме крыжа, дзякуючы вялікаму ганку і бакавым капліцам, у касцёла быў шырокі фасад. Гэта надавала яму арыгінальны выгляд. 



Унутры былі алтары ў стылі барока аздобленыя драўлянай тынкоўкай, пазалочанымі скульптурамі і абразамі. Галоўным быў абраз Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, а ў бочных невах  - чатыры невялікія алтары. У левым баку знаходзілася фігура св. Антонія з дзіцем на руках.
 

Асаблівую ўвагу звярталі два абразы Пятра і Паўла аўтарства Корсака, са школы Францішка Смуглевіча з першай паловы XVIII ст. Касцёл упрыгожвалі чатыры рухомыя алтары, іх насілі падчас працэсій на Божае Цела. Каля аднаго з іх, з абразом Маці Божай Вастрабрамскай, у кожную нядзелю стаяла чарга жанчын з ружанцамі. 


У сярэдзіне касцёла вісеў прыгожы жырандоль з крыштальнымі фігурамі ў выглядзе слёз. Гэты стары радзівілаўскі жырандоль выканалі майстры славутай налібоцкай гуты шкла. Каля алтара была амбона. Алтар быў агароджаны стойкай парэнчаў. 


Рухомы алтар.
Алтар быў накіраваны на Ўсход, галоўны ўваход – на Захад. Па баках у касцёла былі дзьве вежы з крыжамі, падзеленыя конусам з трэцім крыжам. Званніца стаяла побач з касцёлам і ў пажары 1943 года не згарэла. Нейкі час у ёй адбываліся набажэнствы, пакуль 6 жніўня 43-га, падчас знішчэння Налібак, немцы яе не спалілі немцы.
 

Штогод, 24 жніўня, у касцёле адбываўся фэст святога Бартламея. На плошчы перад святыняй працаваў кірмаш і арэлі, у мястэчка з’язджалася ўся ваколіца. 

Налібацкі пробашч кс. Юзаф Байка.
Апошнія набажэнствы, ужо ў званніцы, служылі ксяндзы Байка, Барадын, Жалнерскі і Дадас. Трох першых немцы растралялі 6 жніўня 1943 года, выжыў толькі кс. Дадас. 

На падставе ўспамінаў налібачан апрацаваў Станіслаў Карлік. Пераклаў з польскай мовы Дзмітры Гурневіч.




5 comments:

  1. У 1447 г. у Налібаках ужо быу касцел і ксендз - Шукан. У 1636г. Радзівіл будуе кастел і кляштар. (Ks. Win. Przyalgowski "ZYWOTY BISKUPOW WILENSKICH" 1860r.)

    ReplyDelete
    Replies
    1. Ёсць такая версія, што ў 1447 годзе была капліца. Дзякуй за дапаўненне. Дадам.

      Delete
  2. Больш дакладна, Станіслау Радзівіл (1559-1599) мянушка “набожны”, сын Радзівіла “Чорнага”, фундавау у Налібаках касцел і кляштар. У якім годзе ? Можа пасля таго, як 21 сакавіка 1589г. у Налібаках нарадзіуся яго сын Мікалай Крыштаф (1589- 1614). А вось другі сын, Альбрэхт(1593-1656), у 1636 г. будуе толькі касцел. А той кляштар і касцел можа як раз і згарэу у 1622 г.

    ReplyDelete
  3. На дзіва пра гэты касцёл і кляштар нідзе няма іфнармацыі. У варшаўскім архіве Akt dawnych пра яго не ўзгадваецца.

    ReplyDelete
  4. Я знайшоу гэтую інфармацыю толькі у кніге "zywoty biskupow wilenskich" 1860г. Ксендз і гісторык Przyalgowski пісау: "On to (Станіслау Радзівіл) w Nalibokach (w powiecie oszmianskim) zbudowawszy klasztor i kosciol, corok w czasie czterdziestodniowego posty zwykl sie zamykac na samotnosc i rozmyslanie o mece Panskiej, oraz modlitwy. W Nalibokach nierownie przedtem byl kosciol, jak widac z przywileju jednego pod rokiem 1447, w ktorym ks. Szukan jako pleban nalibocki jest wymieniony." Што тычыцца ксяндза Шукана - то гісторык спасылаецца на " Przywilej d. 1 listop. 1447r. Liber Priv. p.21" Можа у Вільні трэба шукаць?

    ReplyDelete