![]() |
Уладзіслаў Фарботка |
У жніўні мінулага года я шукаў у Інтэрнэце звесткі пра ўраджэнца Налібак, паэта, фатографа, блізкага сябра Яна Булгака, дзеяча БНР Язэпа Фарботку. Да 1920 года ён быў актыўным беларускім дзеячам у Мінску. Мяне цікавіла, ці ёсць у Лодзі, дзе апошнія гады перад смерцю жыў Фарботка, яго сям'я, дзеці, унукі. На сайце Лодзінскага аддзелу Таварыства польскіх філатэлістаў я выпадкова пабачыў здымак Уладзіслава Фарботкі, кіраўніка мясцовай філіі. Дазнаўшыся яго нумар, я патэлефанаў і сходу спытаў: "А дзе нарадзіўся Ваш бацька?". Спадар на другім канцы дроту адказаў: "Мой бацька Язэп Фарботка нарадзіўся Налібаках".
З панам Уладзіславам мы размаўлялі амаль гадзіну. Усю гутарку з дазволу майго суразмоўцы я запісаў на дыктафон. Толькі цяпер дайшлі рукі, каб апрацаваць яго ўспаміны пра бацьку. Узгадвае Уладзіслаў Фарботка.
У Вільні...
Я нарадзіўся ў 1938 годзе ў Вільні. У бацькоў была кватэра каля Вострай Брамы, на вуліцы Вастрабрамскай. Дарэчы, там мяне і хрысцілі, у касцёле святой Тэрэсы. Мая мама не працавала, даглядала за домам. Тата працаваў у Земскім упраўленні і ў Віленскім універсітэце. Ён атрымаў там доктарскую ступень яшчэ раней і застаўся працаваць энтымолагам (раздзел заалогіі, які вывучае насякомых). Ён ведаў шмат моваў: нямецкую, французскую, расійскую, украінскую, натуральна, польскую і беларускую.
![]() |
Вострая Брама. Ян Булгак. |
Сям'я Фарботкаў
У таты было тры браты. Адзін з іх, Антоні, загінуў ў часе І сусветнай вайны, быў афіцэрам царскай арміі. Бацька дазнаваўся пра ягоны лёс і аказалася, што ён загінуў у дзень, калі не было баявых дзеянняў. Ён проста выйшаў з зямлянкі і з другога боку ў яго стрэліў снайпер. Другога звалі Ян, ён быў землямерам. Ён памёр у Вільні яшчэ да вайны, там і пахаваны. Трэцяга, малодшага, немцы падчас вайны вывезлі на прымусовыя працы. Пазней ён вярнуўся ў Польшчу і памёр ў 80-ыя гады. Апрача таго, у таты было пяцёра сясцёр. Адна памерла ў юнацтве. Другая, цёця Зося жыла ў ЗША, там і пахаваная. Яе муж страшэнна не любіў камуністаў і адмовіўся тут жыць. Найдаўжэй жыла старэйшая сястра. Яна жыла ва Ўроцлаве і памерла ў 90-ыя гады. Ёй было 100 год.
![]() |
Язэп Фарботка |
Адукацыю бацька пачынаў у Кіеве, але яе спыніла І сусветная вайна. Аднак у 20-ыя гады ён напісаў туды ліст і з Кіева прыслалі яго дакументы. Дзякуючы гэтаму яму не прыйшлося здаваць шэрагу экзаменаў.
Уцёкі ад бальшавікоў
У 20-ыя гады тата з мамай былі ў Мінску, але паколькі там умацоўвался савецкая ўлада, яны вырашылі ўцякаць. З Кіева яны трапілі ў Тамбоў, а адтуль у Хэлмна ў Польшчы. У Тамбове нарадзіўся іх першы сын, мой брат, але маючы 5 месяцаў, ён памёр. У Тамбове яго і пахавалі. Калі скончылыся вайна, то яны пераехалі ў Вільню. Там яны купілі зямлю і збіраліся будаваць дом. Але ўсе планы перакрэсліла вайна. Сёння там стаяць багатыя віллы.
Самыя першыя ўспаміны майго дзяцінства датычаць вайны. Калі мне было 4-5 гадоў, праз Вільню праходзілі розныя войскі, адбываліся трагічныя падзеі. Я тады не разумеў, што адбываецца. Але памятаю, як кожны дзень нейкія дзядзькі ў форме праводзілі пад нашымі вокнамі натоўпы людзей. Гэта літоўцы вялі на расстрэл габрэяў, як пазней аказалася.
Паўловічы
Мая мама Ўладзіслава была дачкой Альбэрта Паўловіча, беларускага паэта, мастака, перакладчыка. З ім мне не давялося сустрэцца, ён памёр у 50-ыя гады дзесьці ў Расіі. У Мінску ён працаваў галоўным бухгальтарам Лібава-Роменскай чыгункі. І хаця я ніколі яго не бачыў, мы звязаныя на генетычным узроўні. Справа ў тым, што я філатэліст і ўсё жыццё збіраю маркі, узначальвую Таварыства філатэлістаў у Лодзі. І неяк мама мне сказала, што дзед таксама быў філатэлістам. На жаль, яго калекецыя згарэла падчас І сусветнай вайны. Мама ў Вільні збірала для яго маркі Сярэдняй Літвы, у яе быў цэлы камплект, але ўсё гэта згарэла падчас вайны. У 80-ых гадах я быў у Маладэчне і мне сказалі, што ў мясцовым музеі ёсць стэнд прысвечаны майму дзеду. Сапраўды, там быў ягоны пэндзаль, некалькі карцін, пару здымкаў, біяграфія. Ён памёр у Арле, пасля вайны яго вывезлі.
![]() |
У першым шэрагу (справа налева) дзеці: Тамара, Севярын, Уладзіслава (маці Ўладзіслава Фарботкі), Яніна; у другім — Альбэрт Паўловіч і яго жонка Стэфанія |
Жыццё ў Лодзі і сяброўства з Булгакам
Пасля вайны тату адправілі ў Данбас. Меліся спачатку на поўнач адправіць, але ў студзені 1945 года замерзлі і лопалі рэйкі і бальшавікі вымушаныя былі адпавіць яго на поўдзень. Яму пашчасціла, бо калі б яго выслалі ў Сібір, то ён бы не выжаў. У яго было слабое здароўе.
Калі ён вярнуўся з Данбаса, яго запрашалі ў Лодзінскую Палітэхніку. Прапаноўвалі пасаду загадчыка кафедры энтымалогіі. Але тата быў вельмі хворы і адмовіўся. У Лодзі ён працаваў у гарадскім упраўленні.
Тата вельмі моцна сябраваў з Янам Булгакам. Разам яны стваралі Віленскі фотаклуб. Тата быў яго скарбнікам, а Булгак старшынём. Ён часта бываў у нашай віленскай кватэры. Мама пазней распавядала, што кожную нядзелю, у любое надвор’е, збірался група фатографаў і выязджала ў экспедыцыі.
![]() |
Ян Булгак |
У Вільні тата фатаграфаваў пераважна пейзажы: палі, лясы, рэкі. Часам і мора, бо да вайны мы часта ездзілі на канікулы ў Ястарню на Балтыйскае мора. Перад вайной тата дарыў здымкі сваім сябрам, а калі наш дом згарэў, то ў яго не засталося аніводнага здымку. Пасля вайны сябры пачалі збіраць гэтыя здымкі са сваіх калекцый і вярнулі іх таце. Памятаю здымак вадзянога млына. Вельмі прыгожы здымак быў.
Пасля вайны тата стварыў фотаклуб і ў Лодзі. Але тут ён рабіў пераважна сямейныя здымкі. З вайны цудам захаваўся ягоны апарат "Rolleiflex" на 12 здымкаў. Я ўжо запісаў, каб пасля маёй смерці яго парадалі ў Музей польскай фатаграфіі ў Кракаве.
Пасля вайны тата пісаў таксама вершы, некалькі малітваў, кароткія вершаванкі. Але па-беларуску нічога не захавалася.
P.S. Налібакі
Пра Налібакі тата мне расказваў пасля вяртання з ссылкі. Адукацыю ён пачаў атрымліваюць у нейкай парафіяльнай школе. Сярэднюю школу ён скончыў у Наваградку. Бацькі здымалі яму пакой і ён там жыў. Неяк тата ўзгадваў, як узімку яны ехалі на санях праз пушчу і за імі гналіся ваўкі. Але ўсё скончылася добра, ніхто не пацярпеў.
![]() |
Магіла Язэпа і Ўладзіславы Фарботкаў. Здымак racyja.com |
Запісаў і апрацаваў Дзмітры Гурневіч
Больш пра Язэпа Фарботку.
No comments:
Post a Comment