
Калі ў Налібаках пачала працаваць першая школа - дакладна невядома. Недзе ў 1898 годзе ў вёсцы настаўнічаў Васіль Рагуля, пазнейшы дэпутат Сейма Польшчы ад беларускай меншасці, грамадскі дзеяч (памёр у 1955 годзе ў Нью-Ёрку). Рагуля настаўнічаў да 1903 года і ў сваіх успамінах пісаў, што працаваў у пачатковай школе. Пра існаванне пачатковай школы ў апошнія гады існавання Расійскай імперыі вядома і ад налібацкіх старажылаў.
Сталае навучанне дзяцей у школе пачалося пасля далучэння Налібак у 1921 годзе да Польшчы. Навучанне ў польскай школе ў Налібаках узгадвае Марыя Хіліцкая (нарадзілася ў 1926 годзе).
Калі я нарадзілася, то ў Налібаках яшчэ не было дзяржаўнага школьнага будынка. Адміністрацыя арандавала пакоі ў людзей. І ў нашым доме на вуліцы Наваградскай бацькі здавалі некалькі пакояў для школы.
![]() |
Самы стары здымак налібацкіх дзяцей, калі яшчэ не было будынку школы. У цэнтры - кс. Грынявецкі. Злева ад яго - настаўніца Юлія Каржэнька. Здымак з архіву Генрыка Жураўля. |
Перад школай была доўгая шыльда з надпісам: Усеагульная сямігадовая школа ў Налібаках.
![]() |
Налібацкія настаўнікі. |
![]() |
Вучні з настаўніка. Другая справа ў першым шэрагу Марыя Хіліцкая. |
Урокі пачыналіся і заканчваліся малітвай.
17 верасня 1939 года, калі прыйшлі рускія, польская школа перастала існаваць. Акупанты зрабілі з яе беларускую школу. Яны лічылі, што асвета ў польскай школе была на горшым узроўні, чым у СССР, таму ўсе класы вярнулі на год раней. Пасля сямі класаў я ізноў апынулася ў шостай.
У польскай школе мы сядзелі за партамі па два чалавекі, у трох шэрагах. Цяпер жа кожны сядаў там, дзе хацеў. Я сядала за перадапошняй партай, за мной сядзела Шымка Пазьняк, старэйшая за мяне на чатыры гады. Польскай мовы ўжо не было, замест яе расійская і беларуская. Шымцы навука ішла лепш, чым мне. Часам я пыталася ў яе, як пішуцца шыпячыя і звонкія, але яна была занятай вязаннем світэра пад партай. У школу пайшло багата габрэйскай моладзі, якая ўжо некалькі гадоў нідзе не вучылася. На Новы Год (1939/1940) у школе ладзілі “Елачку”. Памятаю, як з урачыстай прамовай выступіла Шымка. Яна тады сказала, што “цяпер, нарэшце, яна стане вялікай вучонай”.
![]() |
Настаўнікі, бацькі і дзеці. |
Навука ў школе спынілася ў чэрвені 1941 года. Немцы напалі на СССР. Пры немцах школа ў Налібаках працягвала працаваць, але я больш туды не хадзіла. Настаўнікамі былі маладыя хлопцы з-за Нёмна, з ваколіцаў Шчорсаў і Карэліч.
![]() |
Ганна і Бэрнард Фарботкі разам з вучнямі падчас экскурсіі ў Нясвіжы. |
8 траўня 1943 года, калі партызаны напалі на Налібакі, гэтых двух настаўнікаў забілі, я бачыла, як яны ляжалі ў двары ў Стасюкевічаў. Я не памятаю іх прозвішчаў, але памятаю, калі па іх целы прыехалі сваякі. Наша школа “пры паляках” знаходзілася на вуліцы Траўгута, мы называлі яе Школьнай.
Школьныя будынкі ў 1943 годзе спалілі савецкія партызаны.
Успаміны Марыі Хіліцкай апрацаваў Станіслаў Карлік.
No comments:
Post a Comment