Sunday, July 21, 2013

Памяці Леанарды Юнцавіч













Гэты дом на вуліцы Ліпеньскай ў Налібаках ведаюць налібачане з розных краін свету, краязнаўцы, гісторыкі і даследчыкі. Гаспадыня дому заўсёды ветліва запрашала да сябе ўсіх, хто жадаў паслухаць з яе вуснаў жывую гісторыю Налібак. Але больш Леанарда Антонаўна Юнцавіч не запросіць да сябе ў хату. Сэрца адной з апошніх налібачанак, якія нарадзіліся ў вёсцы ў міжваенны час, спынілася біцца на гэтым тыдні.

Леанарда Антонаўна нарадзілася ў 1929 годзе ў сям'і Антона Фарботкі. Гэты род жыў у Налібаках пару стагоддзяў. Тут Леанарда хадзіла ў школу, тут гадавалася, перажыла савецкі тэрор, нямецкі фашызм і зноў савецкі камунізм. Тут выйшла замуж, нарадзіла дзяцей, працавала выхавацелькай у дзіцячым садку.

Леанарда Юнцавіч. Здымак: euroradio.fm
Яе жыццё заўсёды было звязанае з Налібакамі. Яна была адной з першых, хто напрыканцы 80-ых, калі СССР стагнаў у канвульсіях, узялася за справу адбудовы налібацкага касцёлу. Яе дом быў гасцінным месцам для дзясяткаў налібачан, якія падчас выйны страцілі тут усё і праз дзесяцігоддзі вярталіся на сустрэчы з роднымі мясцінамі. Яна была жывой энцыклапедыяй па гісторыі Налібак. Леанарда Антонаўна гасціла ў сваім доме дзясяткі даследчыкаў з розных краін свету, журналістаў, тэлевізійныя здымачныя групы.

Дзякуючы ёй землякі ведалі сапраўдную мінуўшчыну сваёй зямлі. Яна ўсё называла сваімі імёнамі, без прыўкрас і фантазіі. Была адважнай і шчырай жанчынай. За гэта яе паважала мясцовая супольнасць.

Гэта была вельмі мудрая жанчына. Моцная духам, з добрым сэрцам. Для многіх вялікі аўтарытэт і сардэчная суседка. Няхай спачывае у вечным супакоі.

ДГ


No comments:

Post a Comment