Wednesday, July 24, 2013

Польскі партал "Віртуальны штэтл" напісаў пра Блог Налібацкага краю












Журналіст Дзмітры Гурневіч стварыў блог рэгіянальнай гісторыі, прысвечаны Налібоцкаму краю. У цэнтры ўвагі аўтара апынулася і жыццё налібоцкіх габрэяў.

Былое мястэчка, а сёння вяска Налібакі знаходзіцца пасярод Налібоцкай пушчы ў Стаўбцоўскім раёне. Мясціны здабылі вядомасць дзякуючы радзівілаўскай мануфактуры шклянога посуду.


Габрэйскай гісторыі Налібак на блогу nalibaki.org прысвечаны два артыкулы: “Трагедыя налібацкіх габрэяў” і “Запіскі налібацкага габрэя Генрыха Сліозберга”. “Габрэі жылі ў Налібаках пару стагоддзяў, жылі побач з нашымі дзядамі, разам працавалі, смяяліся і плакалі. Куды дзелася памяць пра іх? Чаму мы сёння не можам назваць хоць бы два-тры прозвішчы нашых былых суседзяў? Чаму мы не ведаем, дзе ў Налібаках пахаваныя іх мудрацы, дзе стаяла сінагога, і ці перажыў хоць бы адзін налібацкі габрэй Халакост? Мы амаль нічога не ведаем пра іх культуру, філасофію, рэлігію і абрады”, –  піша аўтар блога.

Жаданне даведацца больш пра габрэйскаю гісторыю родных мясцінаў у Дзмітрыя Гурневіча нарадзілася пасля наведання Музея Халакоста ў Вашынгтоне. У спісе еўрапейскіх мясцовасцяў, у якіх да вайны жылі габрэі, журналіст знайшоў свае Налібакі і папрасіў супрацоўнікоў музея скапіяваць старонкі з імёнамі жыхароў, якія загінулі ў Халакосце, з выдадзенай у 1967 г. у Ізраілі кнігі “Наша мястэчка Налібакі”.

Пасля Другой сусветнай вайны габрэйская гісторыя Налібак была сцертая з памяці. Як адзначае журналіст, хаця ягоныя землякі з Налібак цудоўна памятаюць, што на сучаснай вуліцы Садовай (былой Віленскай) раней жылі габрэі, большасць мала што ведае, як жылі суседзі іхных дзядоў. Сам Дзмітрый Гурневіч распавядае пра габрэйскую гісторыю Налібак, змяшчаючы яе ў кантэкст лакальнай гісторыі. На старонках блога можна прачытаць пра ўраджэнцаў Налібак вучня Яна Булгака – фатографа Юзіка Фарботку, скульптара Джорджа Фарботку з ЗША, Яна (Джона) Мішука – першага ў гісторыі НХЛ хакеіста польскага паходжання. Сярод артыкулаў і матэрыял пра акалічнасці карнай аперацыі савецкіх партызанаў супраць грамадзянскага насельніцтва Налібакаў 8 мая 1943 года, названай пазней “разгромам нямецкага гарнізона”.

Артыкул “Трагедыя налібацкіх габрэяў” распавядае пра жыццё габрэйскіх жыхароў Налібакаў да Другой сусветнай вайны і яго апошнія дні падчас акупацыі, змяшчае спіс прозвішчаў забітых падчас акупацыі налібацкіх габрэяў. Аўтар звяртае ўвагу на свойскія, прыязныя адносіны габрэяў ляснога мястэчка з суседзямі-каталікамі: “…у габрэяў на Віленскай вуліцы ніколі не было платоў паміж дварамі. /…/ У пана Кагана была крама абутку. Калі хтосьці жадаў купіць адну пару асаблівага фасону, то ўладальнік заўсёды прывозіў такі абутак на замову. Далей па вуліцы была кавярня пана Мана. Уладальнікам налібацкай аптэкі быў пан Шмідт. У яго можна было набыць крэмы, парфумы, мыла, мазі. Перад Калядамі налібачане куплялі ў Шмідта ўпрыгожванні на ялінку. Была ў Налібаках свая крама матэрыялаў, дзе прадаваўся высокаясны, 100%-ны шоўк. У пана па мянушцы "Сінагога" была свая прадуктовая крама і пякарня. Там налібачане куплялі муку, кашы, хлеб, сялёдку. Другая пякарня была ў пана Махыса. Сям'я Склютаў мела краму алкаголю і півярню. Уявіце сабе, што да вайны ў Налібаках варылі сваё піва і іншага мясцовыя жыхары не прызнавалі. На Віленскай былі майстэрні краўцоў, цесляў, шацоў. Быў і свой налібацкі гатэль. Яго ўладальнікам быў пан Квартач”.

Габрэйскі свет Налібак перастаў існаваць у 1942 годзе. 9 чэрвеня 1942 г. частка габрэяў-налібачан была забіта разам з 800 габрэямі з іншых мястэчак – Волмы, Дзераўной, Івянца, Камня, Рубяжэвічаў – каля Івянца. У кастрычніку таго ж года апошнія з габрэяў былі вывезеныя з Налібак у Навагрудскае гета. Пасля вайны з налібацкіх габрэяў выжыла некалькі дзясяткаў чалавек, якія эмігравалі ў Ізраіль.

Артыкул “Запіскі налібацкага габрэя Генрыха Сліозберга” ўтрымлівае ўнікальныя звесткі пра жыццё габрэйскай сям’і ў Налібаках з канца 1860-ых гадоў. Аўтар успамінаў юрыст і грамадскі дзеяч Генрых Сліозберг нарадзіўся ў 1863 годзе ў Міры, быў адным з заснавальнікаў Саюза для дасягнення роўнапраўя габрэйскага народа ў Расіі і Габрэйскай народнай групы. На яго рахунку праца ў адмысловай створанай кангрэсам ЗША камісіі, якая вывучала прычыны эміграцыі габрэяў з Расійскай імперыі, служба па запрашэнню міністрам Сталыпіным юрыстконсультам гаспадарчага дэпартамента Міністэрства ўнутраных спраў, рэдагаванне часопіса Санкт-Пецярбургскай юрыдычнай супольнасці. Пасля адбыцця зняволення ў СССР у 1920 г. Сліозберг эміграваў ў Францыю. У 1933 г. ён выдае свае ўспаміны, дзе вельмі цёпла прыгадваюцца і Налібокі, якія Генрых Сліозберг упершыню пабачыў у дзяцінстве падчас наведання бабулі.

“У цэнтры мястэчка, у найбольш “заможным” доме, жыў старэйшына і патрыярх мястэчка, Шлойме Разоўскім. Па суботах, на пасляабедзеннае застолле, у доме збіралася ўсё мужчынскае населеніцтва – усе слонімскія хасіды, дапускалі і дзяцей гаспадароў. Памятаю, з якім захапленнем я, пяцігадовы хлопчык, разглядаў ажыўленыя твары пажылых габрэяў, з паважнымі тварамі, з доўгімі бародамі, у шаўковых кафтанах з шырокімі атласнымі пасамі, і ў аксамітных ярмолках. Вялася ажыўленая гутарка пра святую Тору пад кіраўніцтвам Шлойме Разоўскага. Ва ўсіх – напружаныя твары, зіхоткія ўнутраным агнём вочы. З глыбокім разуменнем яны слухалі прамову пра тое, як трэба тлумачыць тое альбо іншае месца ў Пісанні, альбо тлумачэнне сэнсу ўрыўкаў з “Зогара” і іншых кабалістычных кніг.  Ніколі не забуду спеваў змірасаў, у якіх прадстаўнікі сям’і Разоўскага былі віртуозамі. /…/ Я прагна лавіў позіркам гаспадара дома і адчуваў сябе на вяршыні асалоды, калі быў адораны ім удзячным шчыпком у шчаку”. 


sztetl.org.pl

4 comments:

  1. Дзiма, асабліва не цеш сябе у Налібаках, Цеснавой, Хатаве і Дзераўной, не кажучы ўжо пра Стоўбцы, пра той сайт мала хто ведае. Папрасі, каб пра яго напісалі ў "Прамені". Мо тады люд Стаўбцоўшчыны пра яго і даведаецца, а той-сёй і пачытае.

    ReplyDelete
    Replies
    1. Сайт жыве, расце і набывае папулярнасць. Гэта бачна па статыстыцы. Тым ня менш, варта яго папулярызаваць. Што магчыма - раблю і запрашаю далучацца і Вас. Ліст ужо ў рэдакцыі, спадзяюся. Ніхто не казаў, што будзе лёгка :-)

      Delete
  2. Y "Прамені" пра сайт надрукавалі. Гл.
    http://www.pramen-news.by/kolonka-redaktora.aspx

    ReplyDelete
    Replies
    1. Дзякуй вялікі за спрыянне. Я ім таксама выслаў мэйл з прапановай бясплатна карыстацца ўсімі матэрыяламі.

      Delete