Tuesday, July 16, 2013

Запіскі налібацкага габрэя Генрыха Сліозберга

 




















Фрагмент успамінаў налібацкага габрэя Генрыха Барысавіч Сліозберга, юрыста і грамадскага дзеяча, аднаго з заснавальнікаў Саюза для дасягнення роўнапраўя габрэйскага народа ў Расіі (1905) і Габрэйскай народнай групы (1907) . Удзельнічаў у працы камісіі кангрэса ЗША, якая вывучала прычыны эміграцыі габрэяў з Расійскай імперыі.


Генрых Сліозбер вывучаў права ва ўніверсітэтах Гейдэльберга, Ліона, Лейпцыга і Санкт-Пецярбурга. У 1906 годзе быў запрошаны міністрам Сталыпіным на пасаду юрысконсульта гаспадарчага дэпартамента Міністэрства ўнутраных спраў, быў рэдактарам часопіса Санкт-Пецярбургскай юрыдычнай супольнасці.
 

Пасля Кастрычніцкага перавароту 1917 года Сліозберг быў арыштаваны. Пасля кароткатэрміновага зняволення ў турме ў 1920 годзе ён эміграваў у Фінляндыю, а затым у Францыю.

У Парыжы Сліозберг стаяў на чале абшчыны расейскіх габрэяў, у красавіку 1933 ён быў адным з ініцыятараў стварэння Таварыства сяброў "Світанак" - штотыднёвага органа Федэрацыі руска-ўкраінскіх сіяністаў у эміграцыі.

У 1933 годзе Сліозберг выдаў свае ўспаміны, дзе ўзагадаў, між іншым, і роднае мястэчка бацькі Шая-Баруха Сліозберга – Налібакі. 



“Мой бацька належаў да сям’і, якая спрадвеку жыла ў мястэчку Налібакі, Ашмянскага павету, Віленскай губерні. Габрэйскае насельніцтва мястэчка складала ў палове мінулага стагоддзя разгалінаванне ўсяго двух сем’яў – Разоўскіх і Сліозбергаў, пераплеценых паміж сабой складанымі повязямі сваяцтва. Бацька быў ешыботнікам і ажаніўся ў мястэчку Мір, Наваградскага павета, Мінскай губерні, на мясцовай ўраджэнцы – па прозвішчы Ашмянская.
 

Налібакі і Мір, хаця і былі ў розных паветах, абодва былі чыншавымі мястэчкамі князя Вітгенштэйна. Нарадзіўшыся ў Міры ў 1863 г., я ў тым жа годзе быў перавезены ў Палтаву, куды незадоўга перад гэтым пераехаў мой бацька – дваццацігадовы малады чалавек – запрошаны знакамітымі габрэямі Палтавы ў якасці меламеда (настаўнік у габрэйскай школе - www.nalibaki.org) Там на меламедскай глебе да таго часу з поспехам працаваў мой дзед, бацька маці – Нухім Давід Ашмянскі. У Налібакі, калі мне было 5 гадоў, паехала разам са мной мая маці, і праездам некаторы час мы затрымаліся ў Міры.
 

Памятаю мястэчка Налібакі: адна вуліца і некалькі завулкаў. Дарослае мужчынскае насельніцтва рэдка бывала ў мястэчку: амаль усе працавалі на жалезнай фабрыцы князя Вітгенштэйна каля Налібак, альбо набывалі лён і адпраўлялі яго ў Кёнігсберг, з якім ў налібацкіх габрэяў ўзніклі сувязі дзякуючы таму, што там жыў жанаты на Рахоўскай з Налібак, сам былы жыхар гэтага мястэчка, кёнігсбергскі купец, а пазней расійскі консул Адэльсон. Яго сын, генерал-ад’ютант Адэльсон быў пры цары Аляксандры ІІІ і Мікалаі ІІ Санкт-Пецярбургскім камендантам. У Пецярбургу я сустракаў яго ў барона Гарацыя Осіпавіча Гінцбурга, з якім ён сябраваў і перад якім не хаваў свайго габрэйскага паходжання.
 

Сястра генерала Адэльсона выйшла замуж за барона Ікскуль фон-Гільдэнбранда, - таго, што быў адзін час таварышам міністра ўнутраных справаў і старшыняваў у 1899 годзе ў Адмысловай нарадзе па пераглядзе так званых Ігнацеўскіх часовых правілаў 3 траўня 1882 года.
 

Толькі па святах – на свята Пасхі і падчас “пасхалных дзён” – усе з’язджаліся ў Налібакі, каб у коле сям’і правесці святыя дні. У звычайны ж час там можна было сустрэць мала гаспадароў, акрамя старых.
 

У цэнтры мястэчка, у найбольш “бачным” доме, жыў старэйшына і патрыярх мястэчка, Шлойме Разоўскім. Па суботах, на пасляабедзеннае застолле, у доме збіралася ўсё мужчынскае населеніцтва – усе слонімскія хасіды, дапускалі і дзяцей гаспадароў. Памятаю, з якім захапленнем я, пяцігадовы хлопчык, разглядаў ажыўленыя твары пажылых габрэяў, з паважанымі тварамі, з доўгімі бародамі, у шаўковых кафтанах з шырокімі атласнымі пасамі, і ў аксамітных ярмолках. Вялася адушаўлённая гутарка пра святую Тору пад кіраўніцтвам Шлойме Разоўскага. Ва ўсіх – напружаныя твары, зіхоткія ўнутраным агнём вочы. З глыбокім разуменнем яны слухалі прамову пра тое, як трэба тлумачыць тое альбо іншае месца ў Пісанні, альбо тлумачэнне сэнсу ўрыўкаў з “Зогара” і іншых кабалістычных кніг. 

Ніколі не забуду спеваў змірасаў, у якіх прадстаўнікі сям’і Разоўскага былі віртуозамі. Музыка была традыцыяй гэтай сям’і. Гэтая традыцыя захавалася да апошняга часу, у асобе вядомага рыжскага кантара Б. Разоўскага і яго сына, маладога габрэйскага кампазітара ў Пецярбургу, а цяпер у Палестыне. Я прагна лавіў позіркам гаспадара дома і адчуваў сябе на вяршыні асалоды, калі быў адораны ім удзячным шчыпком у шчаку.
 

Мой дзед па бацьку, рэбэ Гірш-Абрам, ужо тады не жыў у Налібаках. Услед ўа сваім сынам, маім бацькам, ён таксама накіраваўся ў Палтаву, каб займацца меламедствам. У налібаках жыла бабуля з адным нежанатым сынам і незамужняй дачкой. Жыццё маёй маці ў Налібаках было цяжкім і неўзабаве мы вярнуліся ў Палтаву".


Крыніца: Слiозбергъ Г. Б. Дѣла минувшихъ дней. Записки русскаго еврея. Париж, 1933. Т. 1. С. 14-45.


Даслаў Віктар Хмара. Пераклад Дзмітрыя Гурневіча. 

No comments:

Post a Comment