Tuesday, July 23, 2013

Налібацкі чыгуналіцейны завод. XIX ст.













Нярэдка на старасвецкіх могілках, асабліва на местачковых і гарадскіх, на вочы трапляюцца разнастайныя літыя з чыгуну помнікі, пліты, крыжы, агароджы і інш. Гэтыя вырабы ліцейшчыкаў уражваюць надзвычайнай разнастайнасцю формаў і багаццем дэкору. Налібацкі завод князёў Вітгенштэйнаў быў адной з самых вядомых жалезаапрацоўчых фабрык у Расійскай імперыі.




Помнікі могуць мець выгляд калоны, тумбы, ствала дрэва з абсечанымі галінамі, звычайнага ці быццам сплеценага з галінак крыжа і розных іншых адмысловых форм і абрысаў. Такой жа разнастайнасцю вызначаецца і іх стылістыка: тут можна бачыць праявы і гатычных, і барочных, і класіцыстычных традыцый,  а часцей – самае адвольнае іх спалучэнне.

Большасць з іх мясцовай чыгуналіцейнай вытворчасці, якая мае на Беларусі даўнюю гісторыю і перажыла яркі, хоць і кароткачасовы росквіт – з сярэдзіны 18 да канца 19 ст. 



Як сведчаць статыстычныя звесткі, буйнейшым і найлепш аснашчаным металургічным і металаапрацоўчым прадпрыемствам можна лічыць Налібацкі завод, заснаваны ў 1852 годзе князем Вітгенштэйнам. Калі ж быць больш дакладным, гаворку трэба весці пра Налібацка-Кляцішчанскі комплекс заводаў, якія дзейнічалі адначасова ў двух суседніх паселішчах Стаўбцоўскага раёна, на ўскраіне Налібацкай пушчы, дзе залягаюць багатыя ў Беларусі радовішчы балотнай руды.

Уцалелыя ўзоры прадукцыі Налібацкага і Кляцішчанскага заводаў асабліва цікавыя тым, што іх з вялікай доляй верагоднасці можна прыпісваць канкрэтным прадпрыемствам. Найбольшая колькасць вырабаў амаль аднатыпных форм знаходзіцца на налібацкіх могілках, на суседніх – у Дзераўной і Камені.



Адразу ж пасля заснавання Налібацкі завод выйшаў на адно з першых месцаў у Расіі. Тры доменныя печы давалі да 500 тыс. пудоў чыгуну ў год, што раўнялася падукцыі толькі найбольш магутным домнам Урала. Умовы для дзейнасці завода былі спрыяльныя: Налібацкая пушча давала паліва, рэчка Лебяжода – ваду, балотная руда таксама здабывалася паблізу – у Кляцішчах і, відаць, у Рудні Налібацкай. Энэргетычныя паатрэбы завода забяспечвалі 7 паравых і адзін вадзяны рухавік. Яны абслугоўвалі доменныя печы, пракатныя станы, таканыя і стугальныя станкі, стопудовы молат. Пра значныя памеры завода сведчыць і колькасць занятых на ім рабочых, лік якіх на першым часе перавышаў 600 чалавек. Аднак ужо праз дзясятак гадоў справы на заводзе пагоршыліся, пра што сведчыць значнае, у 2 разы, змяншэнне рабочых і зніжэнне амаль у 5 разоў аб’ёму прадукцыі. Далейшыя звесткі пра завод адчутнічаюць, вядома толькі, што працаваў ён з перабоямі, а неўзабаве наогул перастаў выплаўляць чыгун з балотнай руды, не вытрымаўшы канкурэнцыі з больш рэнтабельнымі ўральскімі і паўднёварасійскімі заводамі. 


Налібацкі завод вырабляў гатунковае жалеза з чыгуну, якое вывозілася ў беларускія і прыбалтыйскія губерні. Кляцішчанскі завод, які дзейнічаў, відаць, значна даўжэй, перайшоў на задавальненне патрэб наваколля ў чыгуначным ліцці. У кожным разе большасць узораў ліцця датавана 1870, 1880, і нават 1890-мі гг., калі Налібацкі завод, ператварыўшыся ў невялічкае металаапрацоўчае прадпрыемства, ужо не займаўся самастойнай выплаўкай чыгуну. У жыхароў Кляцішча яшчэ жывыя звесткі пра дзейнасць мясцовага завода, да нядаўняга часу тут узвышаліся горы шлаку, якім цяпер высыпаны мясцовыя дарогі.

У старой частцы досыць вялікіх могілак у Налібаках узораў чыгуначнага ліцця шмат – добрая сотня. Аднак нельга сказаць, што ўсе яны вызначаюцца вялікай разнастайнасцю форм і багаццем дэкору. Ствараецца ўражанне, што завод, арыентуючыся на мясцовых заказчыкаў сярэдняга дастатку, не мог дазволіць раскошы займацца ўнікальным ліццём складаных адмысловых форм. Пераважная большасць помнікаў уяўляе сабой звычайныя чатырохканцовыя крыжы, якія, відаць, адліваліся серыйна. Толькі авальныя ці прамавугольныя дошкі для эпітафій выконваліся згодна з канкрэтным тэкстам заказчыка. 



Кідаецца ў вочы адна характэрная асабліваць большасці ўзораў. З чыгуну, як вядома, можна адліваць самыя складаныя формы і тонкія па малюнку вырабы. Тым не менш крыжы досыць аднастайныя, нібы скампанавыя з металічнага фасоннага пракату. Перакладзіны гладкія, з борцікамі па краях, толькі на канцах завяршаюцца нескладанымі фігурамі ў выглядзе трох колцаў ці зубцоў.

Сустракаюцца ўзоры, вырабленыя і па адмысловых заказах. Адны з іх мала адрозніваюцца ад серыйных. Напрыклад, эпітафія зроблена не на асобнай дошцы, а прама на крыжы тых жа простых форм, але адлітым, як відаць, у асобна вырабленай форме. Два-тры помнікі маюць досыць складаныя формы, скампанаваныя з некалькіх частак. Пірамідальную чыгунную тумбу ўвенчвае крыж у выглядзе перавітых парасткамі абрубкаў дрэва. 



На большасці помнікаў-крыжоў уцалелі літыя чыгунныя ўкрыжаванні. Магчыма, формы заказваліся добраму скульптару, аднак не выключана, што ўзорамі маглі паслужыць вырабы іншых чыгуналіцейных заводаў.

З чыгуну адліта і некалькі агароджаў. Яўна мясцовае паходжанне маюць не выяўленыя ў іншых мясцінах вырабы, скампанаваныя з круглых, нібыта вытачаных стоек з валюта-падобнымі звеннямі. 



Турбуе адзін клопат: абыякавыя адносіны да гэтых вырабаў. Знаходзяцца яны пераважна на старых закінутых участках могілак, зарастаюць, разбураюцца. Між тым, прыведзеныя ў парадак, яны могуць уяўляць арыгінальныя “экспазіцыі” мастацкага ліцця, нават калі не згадваць пра тое, што звязаны яны з пахаваннямі, падтрыманне якіх у парадку – адзнака элементарнай культуры і цывілізаванасці.

Я. М. Сахута.   

Здымкі: ДГ.

No comments:

Post a Comment