Monday, August 12, 2013

Як налібацкія прайдзісветы сялян у БССР вадзілі















Пасля ўсталявання польска-савецкай мяжы ў 20-ых гадах мінулага стагоддзя, Налібакі апынуліся на польскай тэрыторыі. Мяжа, якая праходзіла за Стоўбцамі, стала крыніцай ўзбагачэння для тысяч людзей. Гэта быў рай для кантрабандыстаў. Арыгінальны, але далёкі ад законнасці, спосаб зарабіць лёгкія грошы, вынайшла некалькі жыхароў Налібак.


У пачатаку 1920-х гадоў мяжа паміж Польшчай і СССР была недасканалай і дзіравай. Дзякуючы гэтаму квітнела кантрабанда. З тэрыторыі Польшчы людзі перавозі дэфіцытны тавар на савецкую тэрыторыю, а вярталіся з наяўнымі грашыма альбо з таварам, якія дорага можна было прадаць у Польшчы.

Самай, бадай, вядомай гісторыяй кантрабандыстаў стала дзейнасць жыхароў Ракава і ваколіц, якую апісаў у кнізе “Каханак Вялікай Мядзведзіцы” ураджэнец Ляхавіч Сяргей Пясецкі. Кніга яшчэ да вайны стала культавай,  а яе аўтар быў кандыдатам на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры. Прыкладна ў той самы час дзейнічала некалькі падобных груповак і ў Налібацкай пушчы. Але схема іх працы была трошкі іншай.

Па пушчанскіх вёсках бадзялася пара прайдзісветаў, якая прапаноўвала сялянам паслугі па пераходзе польска-савецкай мяжы і ўладкаванні на сельскагаспадарчыя працы ў БССР, якія, быццам бы, шчодра аплочваліся. Хто ж з бедных сялян не быў ласы на добрую капейчыну? Шмат людзей пагаджадася.

“Пясярэднікі” меліся праводзіць людзей праз мяжу, якую, як самі сцвярджалі, ведалі як свае пяць пальцаў. За свае паслугі яны хацелі па 30 злотых ад асобы. Некаторыя знікалі адразу пасля атрымання аплаты. Пад Валожынам некалькі прайдзісветаў надурылі такім чынам 15 чалавек.

Налібацкая пушча. http://www.panoramio.com
Далей за сваіх калегаў пайшлі два сябручкі з налібацкай гміны: Косцік Сушко і Юльян Варакса. У Аляхоўцы яны сабралі групу з 13-ці вясцоўцаў, узялі ад кожнага па 20 злотых і павялі ўглыб Налібацкай пушчы. Калі “нелегалы” былі далёка ад дарог, Сушко і Варакса казалі, што яны на польска-савецкай мяжы. Маўляў, трэба прайсці трошку вунь туды і туды, павярнуць вунь там, а за сасною, вуньтамака, ужо і “Саветы”, і доўгачаканы заработак.  Калі сяляне зразумелі, што іх “развялі” і што мяжа зусім у іншым баку, яны паспрабавалі вярнуць свае грошы, але налібацкія прайдзісветы выцягнулі з кішэняў рэвальверы. Зламыснікі збеглі, а сяляне цэлы дзень блукалі па лесе, пакуль пад вечар не выйшлі да Налібак. Пра сваю бяду яны распавялі ў паліцэйскім участку.

Каб уявіць маштаб стратаў сялян, варта прывесці некалькі цэнаў з 20-ых гадоў мінулага стагоддзя. За 19 злотых можна было купіць 100 кг. жыта, столькі ж бульбы каштавала 10 злотых. Кілаграм мукі можна было набыць усяго за 90 грошаў, кілаграм хлеба за 0, 40 зл., літар малака каштаваў 35 грошаў, кілаграм мясна можна было купіць за 80 грошаў.

Як доўга пушчанскім прайдзісветам удавалася вадзіць за нос гора-гастарбайтараў - невядома. Ужо ў 1939 годзе мяжа паміж Польшчай і СССР знікла.

Дзмітры Гурневіч, Віктар Хмара

No comments:

Post a Comment