Wednesday, August 14, 2013

Забойства на Кромані

У 1700 годзе ля Кромані ў Налібацкай пушчы адбылося жудаснае здарэнне. Крывавую расправу над двума габрэямі з вёскі Мікалаева, што ў сённяшнім Іўеўскім раёне, апісваў у красавіку таго ж года ў лісце да канцлера ВКЛ Караля Станіслава Радзівіла адміністратар налібацкіх уладанняў Уладзіслаў Чахоўскі.

Напачатку 1700 года налібацкі селянін, які займаўся пчалярствам на радзівілаўскіх пасеках, быў па дзелавых справах у Лючбы. Там ён сустрэў некалькі мясцовых габрэяў і прапанаваў гешэфт:

-  Я маю трохі мёду на продаж, нямала рысяў, лісіцаў, куніц, гарнастаяў, адно мне трэба, каб хто за раз гэта купіў, каб двор не ведаў.

Налібацкі селянін прапанаваў габрэям сабраць патрэбную суму грошай і з’явіцца ў яго ноччу. Мікалаеўскім габрэям гэтая прапанова спадабалася і яны ўдарылі па руках з налібачанінам.

У ноч, калі ў пушчу меліся прыехаць габрэі, той селянін разам са сваім суседам апранулі сярмягу на перавязь, схавалі непрыкметна за пояс сякеры і паехалі з габрэямі на тое месца, дзе, быццам бы, чакае тавар.

Уладальнік налібацкіх земляў Караль Станіслаў Радзівіл.
Гасцей завезлі ў пушчу, на возера Кромань. Там сяляне напалі на габрэяў і, забраўшы грошы, забілі. Нябожчыкаў укінулі у возера. Налібацкія сяляне не пашкадавалі нават коней. Забіўшы жывёл, яны ўтапілі іх разам з санямі ў Кромані.

Два тыдні працягваліся пошукі зніклых мікалаеўскіх габрэяў. Магчыма, пра здарэнне ніхто б і не ведаў, каб адзін з суседзяў не здаў злачынцаў. 

Забойцаў затрымалі і змясцілі пад арышт. Але паколькі іх пільнавалі звычайныя сяляне, то ім некалькі разоў удавалася ўцякаць. У лісце да Караля Станіслава Радзівіла адміністратар налібацкіх уладанняў Уладзіслаў Чахоўскі прасіў яго дазволу, каб адвесці арыштаваных у нясвіжскі замак, адкуль яны не ўжо не ўцякуць.

Падрыхтаваў ДГ

Копію згаданага ліста, а таксама шмат іншых цікавых матэрыялаў па гісторыі Налібацкага краю і Стаўбцоўшчыны, можна прачытаць у гістарычным альману “Верхняе Панямонне”.



У І-ым нумары можна прачытаць пра заснаванне Стоўбцаў, Налібацкую пушчу князёў Радзівілаў у 16-18 стст., пра сядзібу Адама Плуга ў Жукавым Барку і шмат іншых матэрыялаў.

Рэкдактар выдання-кандыдат гістарычных навук Дзмітрый Віцько.

Набыць альманах можна ў кнігарні "Логвінаў" у Мінску па адрасе: Мiнск, пр-т Незалежнасцi 37а.
                                                                                                                                    


No comments:

Post a Comment