Friday, August 2, 2013

Паўстанцы Каліноўскага ў Налібацкай пушчы













150 гадоў таму на тэрыторыі сённяшняй Беларусі, Польшчы і Літвы пачалося паўстанне Кастуся Каліноўскага. Гэта было паўстанне нацыянальна-рэвалюцыйных сіл на частцы зямель колішняй Рэчы Паспалітай і ВКЛ супраць расійскага панавання і за аднаўленне Рэчы Паспалітай. Сутыкненні паўстанцаў і расійскіх карнікаў адбываліся і ў Налібацкім краі. 

Першыя дзве групы паўстанцаў з Наваградскага павета з’явіліся ў раёне Налібак 6-га красавіка 1863 года, пераправіўшыся праз Нёман. Адну з іх узначальваў адстаўны штабс-капітан Карл Шалевіч і студэнты Кіеўскага ўніверсітэта Канстанцін і Лаўрэн Клюкоўскія. У групе былі Юльян Далькевіч, Язэп Абуховіч і Эдвард Гернан. Другую група – студэнт Адам Пуслоўскі і вікарый Феліцыян Лашкевіч. Пасля злучэння абедзвюх груп каля Налібак, ва ўрочышчы Белыя Мхі, на дарозе Шчорсы-Налібакі, 7-га красавіка адбылося сутыкнененне з рускімі войскамі. Паўстнацы пацярпелі паразу. Было забіта каля 60-ці паўстанцаў, 5 чалавек былі ўзятыя ў палон. Пазней было злоўлена яшчэ больш за 30 паўстанцаў, у тым ліку Шалевіч і Пуслоўскі. Шалевіча саслалі на катаргу, Пуслоўскага 26-га чэрвеня расстралялі ў Наваградку.

Прыкладна ў гэты ж час з Наваградчыны ў Налібацкую пушчу прыбыў атрад паўстанцаў пад камандаваннем паручыка Ўладзіслава Валадзько (Янкі Каваля). Тут знаходзіўся невялікі атрад пад камандаваннем ксяндза Лашкевіча. Да іх далучылася каля 20 мясцовых памешчыкаў, шляхты, рэшткі разбітага атрада Шалевіча. Атрад вырас да 65 чалавек. 



Крыж Пуслоўскім на Наваградчыне.
17 траўня ва ўрочышчы Буды, паблізу Налібак, адбылася чарговая сутычка паўстанцаў з расейцамі.

Пад націскам войск атрад зноў перайшоў Нёман на тэрыторыю Наваградскага павета, яго ўзначаліў Вітальд Міладоўскі. Затым паўстанцы перайшлі ў Слонімскі павет. Пасля паражэння пад Мілавідамі паўстанцы сталі разыходзіцца. Паўстанне 1863 года пацярпела паражэнне, але пакінула ў грамадстве значны след.

Пасля падаўлення паўстання памешчыкі і іх сыны, якія прымалі актыўны ўдзел у сутычках з рускімі войскамі, былі аб’яўлены злачынцамі і сасланы ў Сібір. Іх маёнткі канфіскавалі і перадалі ў дзяржаўную казну. 


Герб паўстання 1863-64 гг.
 
Кастусь Каліноўскі.
Частка сялян сённяшняй Стаўбцоўшчыны не падтрымлівала паўстанцаў. Некаторыя нават аказвалі дапамогу расійскім войскам. Сярод узнагароджаных “в память усмирения польского мятежа 1863 -64 гг. За службу в сельских вооружённых караулах” значацца і 35 жыхароў цяперашняга Стаўбцоўскага раёна, але з Налібацкага краю няма аніводнага. Мясцовыя старажылы расказвалі, што ў часы іх маленства прадзяды распавадялі гісторыі, як яны ратавалі параненых паўстанцаў, перавязвалі іх раны, насілі ваду і ежу.

Аднак паўстанне насіла шляхецкі характар. 70% яго ўдзельнікаў складалі дробныя чыноўнікі, інтэлігенцыя, малазямельная і беззямельная шляхта. Асноўная частка беларускага сялянства за паўстанцамі не пайшла, нягледзячы на заклікі Кастуся Каліноўскага ў “Мужыцкай праўдзе” і ўлёткам, якія з’яўляліся ў пушчы. Аднак з іх заклікала:
 

"Usie(m), szto pojduć w wojsko polskoje, dajećsa szlachectwo na wiek. Wiera dla usiech swobodnaja, jak chto chocze. Oniaty, kotorych perewiarnuli u prawoslawye, mohuć wiarnuć do swojej wiery. Podaciej caru płacić, ni rekruta dawać nie treba. Braty Białorusy, pryszła pora dobraja. Praczuiciaż sia i wy da pryzwauszy Boha u pomoszcz, branicie woli, ziamli i wiery waszej, a Boh wam dopomoże!”

У паўстанцаў 1863—1864 гг. былі мізэрныя шанцы на перамогу. Іх сілы двойчы саступалі расійскім, на зброю маглі разлічваць толькі некалькі тысяч, а заходнія сталіцы не асабліва пераймаліся чужымі праблемамі. У палітычным і ваенным сэнсе паўстанне было не проста паразай, а катастрофай. Тысячы патрыётаў заплацілі за яго жыццём, тысячы былі сасланыя ў Сібір, тысячы страцілі маёмасць. Пасля паўстання на землях Вялікага Княства і Рэчы Паспалітай было ўведзенае фактычна ваеннае становішча.

Учынак паўстанцаў — гэта ўрок вялікай годнасці. Сёння шмат хто называе іх рамантыкамі і ідэалістамі. Але гэта былі ці не самыя прагматычныя героі нашай гісторыі. Тое, за што яны змагаліся, ёсць. Тыя, супраць каго яны змагаліся, — далёка не тыя й не там, што ў 1864 годзе.

Дзмітры Гурневіч.
Выкарыстаная інфармацыя з кнігі «Памяць» Стаўбцоўскага раёна.

No comments:

Post a Comment