
11 лістапада 1918 года скончылася І сусветная вайна. Але ў Беларусі адносны мір настаў толькі праз тры гады, калі сённяшнія беларускія землі падзялілі паміж сабой Польшча і Расія. Ад заканчэння вайны да 1921 года паміж палякамі і рускімі адбывалася барацьба за большы кавалак Беларусі. Не прамінула гэтае супрацьстаянне і Налібакі.
У снежні 1918 года Чырвоная Армія заняла землі Беларускай народнай рэспублікі.
Ужо 19 снежня ў Налібаках адбылося паседжанне воргану савецкай улады - камітэта беднаты. У сустрэчы, паводле дакументаў, бралі ўдзел 406 жыхароў вёскі. Перад грамадой выступілі бальшавіцкія салдаты: камандзір 3-га эскадрона 17-га кавалерыйскага палка тав. Аляшкевіч і ваенны камісар таго ж палка тав. Капельман.
На гэтай сустрэчы налібачане вітаюць савецкую ўладу і абяцаюць падтрымліваць яе. Прымаецца рашэнне стварыць камбед.
У сустрэчы бралі ўдзел: камісар Налібацкай воласці Гіпаліт Грыгарцэвіч, былы салдат так званай царскай “охранкі”, старшыня выканкама Іван Дубіцкі і сакратар Людвіг Вітко.
Старшынём камбеду ў Налібаках быў абраны Кастусь Грыгарцэвіч, сакратаром – Аляксандар Фарботка. Пасля сустрэчы Грыгарцэвіча накіравалі ў Мінск для атрымання інструкцый аб працы камітэта беднаты.
![]() |
Карта Беларускай народнай рэспублікі. |
Адметна, што ўжо ў першы дні савецкай улады балшавікі падбухторваюць мясцовых правесці арышты ў Налібаках. На сходзе прымаецца рашэнне затрымаць Баруха Вайнэра за няправільны продаж грамадскай маёмасці падчас нямецкай акупацыі, былых міліцыянераў Восіпа Зялёнку і Карла Карысенку за няправільныя паводзіны на службе, а таксама ляснога ахоўніка з Церабейнага Казіміра Макоўскага, які абвінавачваецца ў забойстве Франца Найдзёна. Усіх затрыманых было загадана даставіць для разбору справаў у Мінск.
Камітэт беднаты ў Налібаках атрымаў і першую маёмасць – гэта рэчы канфіскаваныя ў спекулянтаў Юдэля Кузняца і Янкеля Блоха: запалкі, керасін, цукар, табак, хлебныя мяхі, нават тры нямецкія мундзіры і адзін рэвальвер. У затрыманага бальшавікамі Скачкоўскага канфіскоўваюцца трое коней, дзве павозкі, 40 банак кансерваў.
Але савецкай уладзе ў Налібаках не суджана было доўга заставацца. Праз некалькі месяцаў пачалася польска-бальшавіцкая вайна. У Налібакі прыбываюць польскія камуністы і намаўляюць мясцовую эліту далучыцца да марыянетачнай Літоўска-Беларускай ССР. З гэтай справай звязаны цікавы эпізод. Налібачане адмовіліся падпісваць дакумент пра ўваход іх земляў у склад савецкай краіны. Іх усіх арыштавалі і зачынілі ў будынку сельскай рады. Але дэлегаты ўцяклі пра вакно. Планы бальшавікоў пацярпелі фіяска.
Улада ў Налібацкім краі, як і на ўсёй тэрыторыі сучаснай Беларусі, змянялася да 1921 года. У гэтым годзе была падпiсана Рыжская мiрная дамова, на падставе якой землі Беларускай народнай рэспублікі, абвешчанай 25 сакавіка 1918 года, падзялілі паміж сабой Польшча і СССР. Налібакі апынуліся ў Польшчы і прабылі ў складзе польскай дзяржавы да 17 верасня 1939 года.
На падставе архіўных дакументаў апублікаваных у кнізе "Памяць" Стаўбцоўскага раёна.
No comments:
Post a Comment