![]() |
Апошні дзень Налібак. З кнігі М. Клімовіча. |
У ліпені 1943 года ў Налібацкай пушчы пачалася нямецкая карная аперацыя супраць партызан і мясцовага насельніцтва. Брыгады СС, батальён Дырлевангера, паліцэйскія палкі, грэнадзёрскія і артылерыйскія ўзводы рабавалі мясцовых жыхароў, палілі вёскі, а ўсё насельніцтва вывозілі ў рабства ў ІІІ Райх. Ранкам 6 жніўня 1943 года немцы прыбылі ў Налібакі.
Гэта меўся быць звычайны спякотны жнівеньскі дзень. Дзень, як і сотні іншых, пад акупацыяй. Поўны страху, працы, клопатаў і невядомага.
Немцы з’явіліся ў вёсцы на світанні. Паўсюль поўна эсэсаўцаў, бранявікоў і транспарцёраў. Безупынна, туды-сюды, ездзяць матацыклы. Сярод збожжа і хлявоў ходзяць узброеныя па зубы патрулі. На дахах сядзяць кулямётчыкі і ўглядаюцца ў біноклі.
На падворках чуваць крыкі: - Alles raus! Raus! Los! Halt! Wer da?!
Жаўнеры з пісталетамі, абвешаныя гранатамі, забягаюць у хлеў і выганяюць на поле скот, коней, авечак, а саміх гаспадароў гоняць у бок мястэчка.
На вуліцах збіраецца ўсё больш і больш людзей. Паўсюль лямант і плач. Немцы, заліваючыся смехам, падпальваюць будынак за будынкам. Вёску ахоплівае мора агня. Гараць хутары Зарэчча, Остраў, Каменка і Навінкі.
“Жаль залівае душу, - узгадвае Вацлаў Навіцкі, - навокал іржуць коні, рычыць скаціна пушчаная самапасам, бляянне авечак, крык свіней і кур, выццё і брэх сабак. Полымя выганяе з вулляў роі пчолаў на вуліцу. На вачах чарнеюць сады і дрэвы прадзедаў. Злачынцы атручваюць ваду ў студнях”.
Некалькі чалавек са зброяй забягаюць у дом Дубіцкіх. Гаспадыня з дзецьмі ляжыць у ложку. “Raus, raus!”. Жанчына, спадзеючыся, што іх не вывязуць, прыдумвае, што ўсе хворыя: “Тыф, тыф..”. Немцы выводзяць усіх пад сцяну дому. Жанчына і дзеці лямантуюць.
- Людзі, пакіньце хаця маіх матылькоў! – моліць ашалелая жанчына, тулячы да сябе маленькіх дзяцей.
Дзьве доўгія серыі з аўтамату і пяць чалавек ляжыць на зямлі.
Немцы правяраюць усе дамы, каб ніхто выпадкова не застаўся. 90-гадовы дзед «Букраба» Юнцавіч кажа, што нікуды не паедзе і што, калі яны жадаюць, то могуць яго застрэліць. Немцы забілі старога Юнцавіча на ганку ўласнага дому, там дзе ў траўні ягонага сына забілі савецкія партызаны. Нявестцы разам з дзецьмі цудам удаецца ўцячы і схавацца ў лесе.
Прыйшлі за сям'ёй Грыгарцэвічаў. Дома была гаспадыня і двое дзяцей. Гаспадар начаваў у сваякоў на хутары, непадалёк ад дому. Пакуль дзяцей грузілі ў машыну, жанчына пабегла па мужа. Латышскія памагатыя немцаў, пабачыўшы жанчыну на полі, пачалі страляць. Калі за кабетай прыбеглі сваякі і доктар, то пабачылі, што адна нага засталася амаль цалкам без мышцаў, на другой была вялізная рана.
«Нас пасадзілі ў машыну і павезлі ў невядомым напрамку – узгадвае Гертруда Грыгарцэвіч – людзі нават не размаўлялі, маліліся, плакалі і нібыта застылі ў жаху перад невядомым. Раптам грукат, наша машына падае ў раку Сулу, моцна ўдарыўшы ў спалены партызанамі мост. Шмат людзей загінула, я трапіла ў шпіталь. Пазней мне распавялі, што кіроўца быў п'яны».
“Я бачыла, як яны рабавалі нашыя дамы – ўзгадвае Марыя Хіліцкая, - забіралі нашую мэблю, і нават кветкі ў гаршках. Нам дазволілі забраць толькі скаціну – чатыры каровы і каня, а сабраныя рэчы з фурманкі загадалі выкінуць. Мы паспелі некаторыя рэчы закапаць, але калі сям’я вярнулася з Беластока, то людзі ўжо ўсё раскралі”.
Немцы спалілі амаль ўсе дамы і гаспадарчыя пабудовы ў Налібаках. Нават збожжа на полі пайшло з дымам.
На рынку ў мястэчку тысячы людзей, сотні фурманак, чуваць самыя неверагодныя гісторыі. Злачынцы, тым часам, здымаюць званы з касцёла, вывозяць абсталяванне лесапілкі.
Каля 9-ай гадзіны фурманкі выязджаюць у бок Янкавіч па стаўбцоўскім гасцінцы. З фурманак відаць клубы чорнага дыму ў Налібаках і ваколіцах.
«Па дарозе ў Стоўбцы, каля Янкавіч, я бачыў, як немцы везлі на машыне ксяндза Юзафа Байку й Барадына і іх гаспадыню – узгадвае Юзаф Кокель. - Праз пару год я даведаўся, што іх тады везлі на расстрэл, бо менавіта каля Янкавіч іх забілі».
Целы налібацкіх святароў не ўдалося знайсці. Паводле аднаго са сведкаў, пасля расстрэлу іх спалілі.
«Немцам дапамагалі літоўцы, латышы і ўкраінцы – кажа налібачанка Юзэфа Адамцавіч. - Сваякі потым расказвалі, што ідучы ў бок Стоўбцаў, на выхадзе з вёскі, каля школы, яны бачылі, як у зямлі варушыліся закапаныя людзі».
У Стоўбцах уздоўж дарог стаялі нямецкія танкі і машыны. Усіх налібачан сагналі на ферму, дзе ў іх забралі скаціну і коней. Людзей, пагрузіўшы у вагоны, адправілі ў Беласток, а адтуль у Нямеччыну, Аўстрыю і Чэхію на прымусовыя працы. Уцячы ўдалося ўсяго пару дзясяткам сем'яў.
6 жніўня 1943 года немцы забілі ў Налібаках больш за 100 чалавек, спалілі амаль 400 давароў, а паўтары тысячы чалавек вывезлі ў рабства. Пасля вайны вярнуцца ў родныя мясціны адважыліся нямногія. Большасць пабаялася вяртацца ў СССР, паколькі памяць пра бальшавіцкі тэрор 1939-40-ых гадоў была яшчэ свежай.
![]() | ||
1930-ыя. Налібачане будуюць касцёл. |
Налібачане выязджалі ў Польшчу, Францыю, Англію, Швецыю, Канаду, ЗША, Аўстрыю, Нямеччыну. Сёння там жывуць дзясяткі тысяч іх нашчадкаў. Пра тое, што Налібакі пасля вайны адбудаваліся, многія з іх даведаліся толькі ў 90-ыя гады, калі пачалося аднаўленне мясцовага касцёла. Яго будаўніцтва пачалося ў сярэдзіне 30-ых, але працы спыніла вайна. Налібацкі касцёл, які немагчыма было б адбудаваць без дапамогі налібачан замежжа, стаў помнікам усім тым людзям, якія загінулі ад самых жорсткіх таталітарных сістэм 20 стагоддзя – камунізму і нацызму. Помнікам тым, каго гвалтам выгналі са сваёй зямлі. Але ў першую чаргу гэта падзякам тым, хто адважыўся вярнуцца дадому.
Дзмітры Гурневіч,
у матэрыяле выкарыстаны фрагменты з кнігі "Жывое рэха" Вацлава Навіцкага, успаміны налібачан спісаныя Станіславам Карлікам, і матэрыялы з уласнага архіву аўтара.
Далёки.
ReplyDeleteХацеласяб адзначыць, бо ведаю дакладна, што:
1. сапрауднае прозвишча аутара книги "Z'ywe Echa" - Мишук, ураджэнец Налибак и жыве ён у Варшаве.
2. Найвяликшы уклад у адбудову налибацкага касцёла унесли жыхары Налибак и навакольны вёсак. Яны сабрали у 1989 -1991 гадах вяликую суму грошай, якой амаль хапила б. И не их вина што яны абесцэнилися - таки быу злы час. И тады на дапамогу прыйшли налибачане з-за межау нашай Радзимы. "Касиер" Вацлау Грыгарцэвич (ураджэнец Налибак, памёр у 2011 г., пахаваны на могилках у Вэстбуры,штат Нью Йорк) 5 ци 6 разоу прывозиу свае и сабраныя ад налибачан Канады, ЗША, Аустралии и их нашчадкау грошы на адбудову касцела.
Вітаю. Так, канешне, мы знаёмы з панам Мішуком і наконт сапраўднага прозвішча ён таямніцы даўно не робіць.
DeleteДзякуй за дапаўненне матэрыялу новай інфармацыяй. Калі Вы можаце, то напішыце невялічкі артыкул на наш сайт пра тыя падзеі 90-ых. Гэта было б вельмі цікава. Калі што, то пішыце - hurnievic at gmail.com
This comment has been removed by the author.
ReplyDeleteСтаронка https://plus.google.com/109131809799838602470/about не мае дачынення да гэтага блога.
Delete