Thursday, August 8, 2013

Налібацкая пушча ў “Лістах з дарогі” Ядвігіна Ш.
















У 1910 годзе беларускі пісьменнік, загадчык аддзела "Нашай Нівы", Ядвігін Ш. вандраваў пешшу па Беларусі. Прайшоў ён і праз Налібацкую пушчу, а нават завітаў і ў самі Налібакі. Свае ўражанні ад вандроўкі пісьменнік апісаў ў нарысе "Лісты з дарогі", які пабачыў свет у тым жа годзе ў першай беларускай газеце.

З Шчорсаў крута павярнуў я ўлева, перарэзаў Нёман, захапіўшы, значыцца, толькі маленькі шматочак Навагрудскага павета, і апынуўся ізноў у Ашмяншчыне. Зараз за Нёманам пачынаецца, бадай, найбольшы, які астаўся яшчэ ў Віленскай губерні, лес. Спачатку – Шчорсаўскі, пасля – Налібоцкі, далей злучаюцца яны з казённымі і цягнуцца ажно пад самыя Бакшты. Здаўна столькі-то наслухаўся я пра гэтыя лясы – пушчы, што з вялікай пашанай уходзіў сюды. Іду. Разглядаюся. Дарога шырокая, бітая, гладкая, абкопана канавамі, лясок чысценькі, добра перацярэблены, старадрэвіны і не ўгледзіш. Каб ісці ў цяні, пераходжу з адной стараны дарогі на другую. Прыслухваюся: нідзе нічога.  Толькі дзяцел ці жаўна час ад часу адзавецца, пераляціць. Бяруся штораз далей, углыб. То мінаюць, то на сустэчу едуць фурманкі; па лесе чуваць – вясёла галёкаюць пастухі. 

Кромань.
Бачу здалёку – праз дарогу нешта сівое смарганула, за ім другое, трэцяе. Падбаўляю ходу, каб прыгледзіцца – аж свінні! Не дзікія свінні, не, а самыя звычайныя: сівенькія, рабенькія, як і па нашых хмызняках пры вёсцы цягаюцца, рыюць, рохкаюць. Але бо і хаты ўжо блізка – Кроман. Каля іх стаяць слупы: граніцы Шчорсунскіх і Налібоцкіх лясоў. Кроман – гэта невялікі кавалак ворнай зямлі паміж лясоў. Тут жывуць леснікі і аб’ездчык. Недалёка хат – у катлавіне – возера Кроман. Не надта вялікае яно – вярсты дзве ў абход, але, як кажуць, вельмі глыбокае. Нядаўна яшчэ арандаваў яго жыд; плаціў сто рублёў у год за права лавіць рыбу, але цяпер нешта адрокся. Лавілі рыбу тут толькі зімой, прарубаючы лёд, невадам, але невад аршын 200 даўжыні. Рыбаловы прыязджалі, панятыя з-пад Гродны. Шанцавала ўсяляк: бывала, што і пусты невад выцягнуць, але траплялася і па асмін сорак за раз.

Налібокі-Івянец.

Пераначаваўшы ў Кромане, раніцай пусціўся я ў дальшую дарогу. Мінаючы слуп гранічны, глянуў я на табліцу – напісана на ёй: “Налібоцкая пушча, Фальц-Фэйна”. Узрадаваўся я, што давядзецца-такі зблізку глянуць мне на пушчу, але, прайшоўшы колькі вёрст, і смех, і жаль нейкі агарнулі мяне. Дык гэткая мае быць пушча? – пытаў я сам сябе. Беларуская пушча? Не, пане Фальц-Фэйн; на табліцы можаце пісаць, што хаця, але зразу відаць, што не тутэйшы вы, не беларус, і беларускіх пушч вам не даводзілася бачыць ды і не давядзецца, - бо іх ужо няма! 




Беларуская пушча ж ведалі людзі, дзе пачынаецца, чулі – дзе канчаецца, але колькі яна цягнецца – ніхто не знаў, што ў яе сярэдзіне – у яе сэрцы – ніхто не бачыў! Гэты ж лес скрозь падлічаны: кожны шматочак яго абмераны, зграбна парэзаны шырокімі дарогамі – лесакекамі ў квадрацікі; абкопчаны маляванымі слупочкамі, з надпісамі амаль некалькі падзей у ім; мала таго, што скрозь ён ужо абмртаны дротам – тэлефонам: яшчэ не паспееш чхнуць у Кромане, а ўжо ў Налібоках – “будзь здароў” – кажуць. Звяр’ё і ток чуць не пад нумарамі; скора, бадай, камароў на гарцы вымераць. І гэта, кажуць,  - пушча! Чы не за тым завецца яна пушчай, што некалькі гадоў таму ўзад была аблава тут на мядзведзяшў і двух забілі? Дык вось паслухайце, якая гэта была аблава. На табліцы гэты лес ахрысцілі пушчай,  - добра; а якая ж гэта, думаюць сабе хросныя бацькі, будзе пушча, калі ў ёй і мядзьведжага хваста няма? Трэ зрабіць пушчу: як зарычыць мядзведзь,  - вось і будзе пушча. Дасталі недзе парачку маладых медзвяжжаткаў, паілі, кармінілі, няньчыліся з імі і, падгадаваўшы, пусцілі ў лес дый чакаюць, што будзе. Быкаюць, гуляюць медзвяжаткі ў лесе, але … але, як вымерхаюцца – ходзяць, духі падцягнуўшы, - не могуць ніяк яды знайсці. 
 
http://ingekt.livejournal.com

Прызвычаіўшыся, як паняты, да гатовага стала, не могуць даць сабе рады, каб самім расстарацца, запрацаваць. І зрабіліся нашы медзвяжаткі на манер экспрапрыятараў: то пастуха зловяць – абмацаюць, чы няма чаго з’есці; то падарожных пераймуць, каб чым пажывіцца. Народ стаў жаліцца. Тады прысудзілі сказніць гуляк-валацугаў, што не ўмеюць запрацаваць на хлеб. Зманілі іх ядой у нейкі хлявушок і, як гэта вядзецца, зачыніўшы у адседцы, далі знаць. З’ехаліся паўбіраныя за стральцоў паны, пасталі на метах; хлевушок адчынілі, арыштанты выскачылі, - пук, стук, - і ўсё склнчылася. Але чаго ж болейі трэба? Былі мядзведзі; была блава; былі стэлы; цякла кроў; зраненыя кідаліся, мучыліся, каналі на вачах сведкаў… Чым дрэнная гульня? Каб мне гэтак пашанцавала, няйначай пачынаў бы сваю гутарку паміж гасцей, як так: “Як я забіў у Налібоцкай пушчы на аблаве мядзведзя і г.д.” Ну але мядзведзі скончыліся. Ёсць цяпер яшчэ, як мне казалі, шмат у гэтым лесе дзікіх коз, дзікіх свінней, ёсць і ласі-недабіткі. Кажу – недабіткі, бо на іхнюю долю выпала яшчэ горшае няшчасце, чым на тых мядзведзяў. У 1905 годзе некаторыя акалічныя сяляне, збіраючыся ў грамадныя банды, мест ісці дзяліць долю сваіх братоў, што за іх клалі жыццё, запушчаліся ў гэтыя лясы адбіраць ні ў чым непавінны зверам свабоду і жыццё. Бедныя ласі таялі дзесяткамі; яшчэ больш умірала іх зраненых на гушчарах. Людзі гэтыя паказалі, што яны не дараслі да свядомасці аб свабодзе і самі яе не варты. 
 
http://www.panoramio.com

Але годзе аб Налібоцкім лесе, бо вось і самыя Налібокі. Як дагэтуль Шчорсы, Любча, Бакшты і ўсе вёскі паміж іх былі падобныя да сябе з мовы, апратак, погляду нават і амаль усе праваслаўныя, так Налібоцкая вёска больш падходзіць да ашмянчан з-пад Траб, тут ужо каталікі; мова беларуская, добрая, чыстая, а старэйшыя трымаюцца яшчэ і нацыянальных апратак. Зямля, мест навагрудскіх раўнін, змянілася на прыгожыя ўзгоркі, але на ўраджай – паказвае добра. Крэкчуць толькі налібочане, што гэтай зямліцы скупа; наракаюць і тутэйшыя жыдкі, старадаўнія чыншавікі: так іх аблупілі новымі парадкамі, што патрапілі ўсучыць кантракты і цяпер дзяруць з іх арэнду, якую ўздумаецца. Урваліся і даўнейшыя заработкі – закрылі старадаўнюю налібоцкую фабрыку жалезную. Не зайшоўся новы пан з купцом на дровы – фабрыка і стала. Ляснула ўся дапамога не толькі для налібочанскіх, але і для іншых з суседніх вёсак сялян. Сталі кідацца людзі на іншыя заработкі, пайшлі зладзействы, суды. А ў гэтых старонках людзі да судоў, відаць, ласы, бо калі выбраўся я з Налібок і пусціўся праз Пруды і Камень на Івянец, то куды, было, не зойдзеш – усёй гутаркі, што аб судах, а я, прызнацца, і не люблю, і баюся іх, як агня, дык пёр як мага, каб як скарэй мінуць гэтыя неспакойныя старонкі, і тады толькі супакоіўся, калі ўгледзеў Івянец. А і спачыць было па чым і дзе: з Налібок у Івянец – ладны кавалак, а трапіў я да такіх людзей, што не ў кожнага сваяка так будзе.      

Ядвігін Ш. 1910 год.

No comments:

Post a Comment