Friday, August 9, 2013

Як налібацкія эмігранты ў Нью-Ёрку па-літоўску гаварылі













У 1910 годзе двое братоў Грыгарцэвічаў з-пад налібацкай вёскі Несцеравічы паехалі за лепшай доляй у Амерыку. Пабылі троху, пакруціліся, паглядзелі і .... адзін вырашыў вярнуцца дадому, бо ў Амерыцы, маўляў, праца для коней, а не для людзей. Другі ж вырашыў “ах, будзь, што будзе, застунуся”. Неўзабаве да яго з Налібацкай Рудні прыехала і жонка. Яны пасяліліся на Брукхэвэн, што на Лонг – Айландзе, і адкрылі ферму качак.

 Жонка з часам нарадзіла пецярых дзяцей, гаспадарка расла і сям’я багацела. У 1952 годзе гаспадар памёр, бізнэс узялі ў рукі дзеці. Пасля распаду СССР Цэвічы (амерыканскія памежнікі не змаглі запісаць цяжкое для іх слыху прозвішча Грыгарцэвіч) запрасілі ў Нью-Ёрк сваякоў з Рэспублікі Беларусь. Госці з Беларусі былі перакананыя, што са сваімі амерыканскімі родзічамі трэба гаварыць па-польску, бо так жа правільна, мы ж заходняй Беларусі. Якое ж было іх здзіўленне, калі народжаныя ў 20-ыя гады мінулага стагоддзя ў ЗША дзеці Цэвіча размаўлялі на чысцейшай беларускай мове. Гутарку пра мову працягнулі ўжо дома.

- Дык як гэта так – здзівіўся сваяк з Беларусі – Мы ж палякі.
 

- Хто, мы? – здзівіўся 80-гадовы Бэн, беларускай мове якога мог бы пазаздросціць нават сам Браніслаў Тарашкевіч.
 

- Ну дык як, у нас жа Польшча была ў вёсцы раней – не сунімаўся кузін Бэна з Мінска.
 

- Бацька казаў, што ён з Літвы, – без жартаў працягваў Бэн.
 

- ???

Гасцей з Беларусі забралі на могілкі, дзе быў пахаваны стары Цэвіч. Надпіс на помніку быў беларускім, напісаны лацінскім шрыфтам.

Той мінскі сваяк Цэвічаў доўгі час не мог уцяміць, як гэта дзедаў брат, паляк народжаны ў Расійскай імперыі ў 1878 годзе, мог памыліцца і сказаць дзецям, што мова на якой яны гавораць – гэта літоўская. Але потым нехта яму распавёў пра ВКЛ, пачатак міцкевічаўскага “Пана Тадэвуша”. Той супаставіў факты і прызнаў, што цяпер разумее. Нават мне хваліўся.


ДГ

2 comments:

  1. ну так атрымліваецца, яны лічылі сябе літвінамі, а не беларусамі? GL

    ReplyDelete
    Replies
    1. Кім яны сябе лічылі, з гісторыі невядома. На 100% - не палякамі. Магчыма літвінамі, але пра гэта сведка размовы не казаў.

      Delete