Monday, September 16, 2013

Мой герой 17-га верасня

















Cёння, 17 верасня, я ўзгадваю свайго прадзеда Францішка Гурневіча. Да вайны ён быў афіцэрам Польскага войска. Калі вярнуўся ў родную вёску пад Рубяжэвічамі, то працаваў камендантам Зьвязу Стральцоў. У ягоным доме, дзе выховаўлася трое дзяцей, працавала школа і Дом культуры. Калі 17-га верасня 1939 года яго прыйшлі “вызваляць” бальшавікі, сусед напісаў на прадзеда данос, маўляў, польскі паслугач. 


Прадзеда арыштавалі. Ён трапіў у сумнавядомы Асташкаў, жывым адтуль выйшаў цудам. Падчас “працэсу” ён назваў сваю нацыянальнасць - беларус. У ГУЛАГу прадзед Францішак прабыў ажно да 1956 года, прапусціўшы сталенне дзяцей і нараджэнне ўнукаў. Яго гісторыя адна з дзясяткаў тысяч на нашай зямлі.
 

Для мяне няма больш недарэчнага акрэслення падзеяў 17 верасня 1939 года, чым “вызваленне Заходняй Беларусі”. “Вызваліцелямі” сталі тыя, хто ў 1920 годзе на Рыжскай мірнай канферэнцыі, вырашыў за беларусаў, што Заходняя Беларусь мае быць у Польшчы. Але і гэта не ўвесь абсурд. Савецкая дэлегацыя прапаноўвала палякам значна больш, маўляў, бярыце амаль усе беларускія землі, далёка на ўсход ад Менску. Але палякі ведалі, што не здолеюць асіміляваць землі паміж Менскам і Смаленскам і бачылі ў гэтым хітрасць з боку бальшавікоў. (Адступаючы ад тэмы, трэба сказаць, што палякі не далі рады і той частцы Беларусі, на якую пагадзіліся).

Не менш цынічнай я лічу і назву “Дзень уз’яднання Беларусі”. Марыянетачная БССР і сапраўды на паўтара года, да нямецкай агрэсіі, павялічыла сваю тэрыторыю. Але хапіла пару месяцаў, каб нават тыя, хто сустракаў бальшавікоў з хлебам-соллю, малілі Бога, каб той спаслаў вайну, якая пакладзе канец новым савецкім парадкам. Ці можа быць святам дата, якая запачаткавала масавы тэрор? Ці павернецца назваць Днём вызвалення ці ўз’днання дзень, які стаў пачаткам расстрэлу рэштак беларускай інтэлігенцыі, ссылак у Сібір дбайных гаспадароў, цкавання адных беларусаў на іншых, і на суседзяў, якія вякамі жылі побач? Ці можна святкаваць дату, якая дала падставу выкарыстоўваць беларусаў, як гарматнае мяса для чужых інтарэсаў? І ў рэшце рэшт, ці не дзіўна лічыць святам дзень, які стаў вынікам сталінска-гітлераўскіх пагадненняў і выклікаў самую крывавую вайну ў гісторыі чалавецтва?

Але ёсць і яшчэ адзін бок медаля. Калі сёння беларус гаворыць пра падзеі 17 верасня, то часцей за ўсё польскімі лозунгамі альбо стэрэатыпамі. Міжваенную Польшчу, бясспрэчна, нельга і блізка параўноўваць са сталінскім генацыдам, але для цэлага пакалення беларусаў яна не стала нават мачахай. Добрыя мары часткі польскай эліты пра польска-беларускую канфедэрацыю пасля І сусветнай вайны засталіся толькі марамі. А беларусы ў ІІ Рэчы Паспалітай, на жаль, сталі людзьмі 3-га альбо і 4-га гатунку, пасля арыстакратаў і асаднікаў. Без надзеі на грамадскі рост, без сваіх школаў, універсітэтаў, з рэпрэсаванымі лідарамі і без спадзявання на развіццё мовы і культурнай адметнасці. Бяроза Картуская і Лукішкі не былі Салаўкамі, але нельга паддавацца ілюзіям: яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў польскай палітыкі на Заходняй Беларусі і працэсы асіміляцыі былі б незваротнымі.

Мне няма за што дзякаваць камуністам. Яны будавалі на нашай зямлі таталітарны скансэн, але ніяк не свабодную краіну, дзе беларусы былі б гаспадарамі.

Мы павінны з павагай ставіцца да чалавечых трагедый нашых суседзяў палякаў, якія жылі побач, але мы не можам падтрымліваць іх міфы пра Крэсы.

У падзеях 17-га верасня беларусы не былі галоўнымі гульцамі. Ім была адведзена роля назіральнікаў, ці яшчэ горш - ахвяраў. Але ... Можна колькі заўгодна наракаць на суседзяў з захаду ці ўсходу і наш гаротны лёс, аднак адказ на пытанне пра нашыя паразы трэба шукаць у сабе, у нашай неарганізаванасці. Моцныя народы і дзяржавы тыя, якія аб’ядноўваюцца не толькі вакол каштоўнасцяў, але і супольных інтарэсаў. 74 гады таму большасць беларусаў не разумела гэтых інтарэсаў.

17-га верасня для мяне – гэта Дзень Памяці. Гэта тая памяць, якая будуе сувязь паміж суайчыннікамі, гэта фундамент нашай свядомасці.


Дзмітры Гурневіч

No comments:

Post a Comment