Wednesday, September 4, 2013

Не абарвецца след


















Сёння, 4 верасня, спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта, літаратуразнаўца Язэпа Фарботкі.

Прозвішча Фарботка, так бы мовіць, з ліку карэнных, налібацкіх. Хлебаробы, настаўнікі, людзі іншых прафесій, якія сваёй працай, шчыраваннем пакідаюць добры след на гэтай пушчанскай зямлі.

Гляджу на партрэт маладога Язэпа Фарботкі. Касаваротка, тыповая форма адзення студэнтаў, ці, як казалі, курсантаў тых гадоў. Цяга да ведаў давяла сялянскага хлопца да Кіева, дзе паступіў на вучобу на фізіка-матэматычны факультэт універсітэта. Час жа быў неспакойны. Грымнула Першая сусветная вайна, разгортваліся бурныя падзеі рэвалюцыі. Шырыўся і нацыянальна-вызваленчы рух. "Беларуская хатка" - такую назву далі культурна-патрыятычнаму згуртаванню, што дзейнічала ў Мінску. Маладыя людзі, сярод якіх быў і Язэп Фарботка, збіраліся ў "хатцы", каб абмеркаваць падзеі, прыняць свой удзел у іх. І найперш - палымяным словам, мастацкім увасабленнем вобразаў.

Рознабаковы талент маладога чалавека праяўляўся яскрава. Язэп Фарботка ўключаецца ў склад акцёраў Беларускага савецкага тэатра, адметна іграе даручаныя рэжысёрамі ролі. Прыгадаем, што ў рэпертуары першага нацыянальнага тэатра былі п'есы "Раскіданае гняздо" і "Паўлінка" Янкі Купалы, "Модны шляхцюк" Каруся Каганца, "Хам" і "Зімовы вечар" Элаізы Ажэшка. У 1920 годзе Фарботка працаваў адміністратарам Беларускага тэатра.

Усё больш адметным становіцца і паэтычны голас Язэпа Фарботкі. Дарогу ў літаратурную творчасць яму, як і Коласу, Купалу, Цётцы, Бядулю, многім іншым адкрывальнікам беларускага літаратурнага слова, "працерабіла" "Наша ніва". Менавіта ў першай беларускай газеце ў 1912 годзе дэбютаваў ён надрукаваным вершам "Зраўнаваў…". "Цёмная ноч", "Зноў вясна", "Роднаму краю", "Малітва" - вершы, дзе вобразна, алегорыяй малюнкаў прыроды выказана трывога паэта за лёс роднай краіны, выказана вера ў лепшую будучыню беларускага народа.

Вялікі ўплыў на Язэпа Фарботку аказала творчасць Максіма Багдановіча. Ёсць згадкі і аб іх асабістым знаёмстве. Характэрна, што Фарботка апрабоўвае нязвыклыя паэтычныя формы на ўзор Багдановіча - санеты, трыялеты. На заўчасную смерць свайго літаратурнага настаўніка адгукнуўся ён глыбокаэмацыянальным вершам-санетам "Памяці Максіма Багдановіча".

Адметна праяўляе сябе Язэп Фарботка і як крытык. У артыкуле "Згукі сусветнай вайны 1914-1918 гадоў у беларускай паэзіі" ён аргументуе, што многія творы нацыянальнай літаратуры таго часу мелі антываенны, гуманны характар. У нарысе "Беларусь у песнях" на багатым літаратурна-гістарычным матэрыяле Я. Фарботка паказвае ўзаемасувязь беларускай паэзіі з нацыянальна-вызваленчай барацьбой народа. Гэтая праца пазначана 1920 годам. Што датычыць практычнай дзейнасці Язэпа Фарботкі напрыканцы 1919 - пачатку 1920 гадоў, то вядома, што ён пэўны час працаваў супрацоўнікам выдавецкага аддзела Народнага камісарыята асветы Літвы і Беларусі.

Цяжка сказаць, як склаўся б далейшы лёс нашага земляка, калі б ён застаўся на радзіме. Дакладна не вядома, пры якіх абставінах ён трапіў за мяжу, у Польшчу. Ёсць звесткі, што займаўся там навуковай дзейнасцю. Памёр Язэп Аўгусцінавіч Фарботка ў 1945 годзе.

Зробленае Язэпам Фарботкам заслугоўвае, каб імя яго засталося сярод асветнікаў, змагароў за лепшую долю нашага народа. І напісанае таленавітым аўтарам застаецца на вякі.

Не ведаю, ці апраўдана было траціць праз аддзел культуры сродкі, каб сучасныя масцітыя паэты, ураджэнцы Стаўбцоўшчыны, сярод дзясяткаў сваіх кніг змаглі мець і гэтую мясцовую. А вось выданне ў серыі "Мне сонцам свеціць Наднямонне" выбраных твораў Язэпа Лёсіка, Уладзіслава Сыракомлі - патрэбная справа. У гэтым радзе арганічна бачылася б і кніжачка выбраных твораў нашага знакамітага земляка Язэпа Фарботкі.

Ф. БАНДАРОВІЧ, Нумар - №64 Рубрыка - Духоўная і гістарычная спадчына

4 comments:

  1. Калі шчыра, нейкі мутнаваты матэрыял. Ён пакідае шмат пытанняў. Відаць, аўтар не пагрэбаваў "шчыльна" пакарыстацца толькі слоўнікам "Беларускія пісьменнікі". Але ж з таго часу з'явілася шмат звестак аб Я.Фарботку і асабліва пра яго жыццё ў Польшчы, былі звесткі пра адшуканне ў лодзі яго магілы. Летась чытала пра Я.Фарботкук матэрыял аднаго кразнаўцы (прозвішчча не памятаю), здаецца, журналіста нейкай газеты - абласной ці што? Там ўсё пра гэта ёсць.

    ReplyDelete
    Replies
    1. Autar zjaulajecca žurnalistam rajonnaj haziety Pramien. Vidavočna, što jon jašče nie vałodaje novymi faktami pra žyccio Farbotki. Navat data śmierci nie zhadžajecca z sapraudnaj. Tym nia mienš, dobra, što aficyjny druk uzhadvaje takich ludziej.

      Delete
  2. Тольки агульныя звесмтки пра Фарботку. за таки матэрыял аутара патрэбна крытыкаваць, а не выстауляць на увогуле добры сайт пра минуушчыну Стаубцоушчыны.

    ReplyDelete
    Replies
    1. Кожная публікацыя па нашай гісторыі - каштоўная. Аднак калі ў Вас ёсць цікавы крытычны тэкст - дасылайце.

      Delete