У 1964 годзе ў выдавецтве Endurance Press у Дэтройце выйшла кніга “Гірыс і Бірута. Паэма з даўніх літоўскіх часоў”. Імя яе аўтара не казала нічога ані мясцовай польскай дыяспары, ані польскаму чытачу ў Еўропе.
Паэма, а хутчэй аповесць у форме балады, распавядае пра гісторыю Літвы, яе хрост, здраду Вітаўта, яго вяртанне і супольную барацьбу супраць Крыжакоў. Сюжэт пабудаваны вакол гісторыі кахання маладой дзяўчыны Біруты і вялікага князя.
Wtedy tak do niej przemawia:
- „Biruto moja kochana,
Żem zdradził, mi nie wmawiaj,
Wiem, Litwie jesteś oddana.
Więc zrozum, co mnie skłoniło
Do pójścia po takiej drodze,
Chcę, byś dobrze osądziła
Jak los ze mnie zakpił srodze.
By Ojczyznę uratować,
Od przyszłej władzy Polaków,
By ja litewską zachować,
Udałem się do krzyżaków.
Kto przeciw Ojczyźnie stanie,
Tego nieszczęście dosięgnie,
Będzie gryzło nieustannie
Sumienie, aż nie polegnie.
Падзеі ў паэме разгортваюцца вельмі дынамічна, а апісанне прыроды, шляхецкіх двароў і вайсковай справы сведчаць аб тым, што аўтар выдатна ведаў атмасферу 15-га стагоддзя.
Паэма “Гірыс і Бірута” была напісаная ў Коўне ў 1940 годзе, яе аўтарам з’яўляецца Юзаф Лукашэвіч, амерыканец налібацкага паходжання. Нарадзіўся Джо Лукас (так яго называлі амерыканскія сябры) 26 чэрвеня 1917 года на Манхэтане ў Нью-Ёрку ў сям’і Гіпаліта Лукашэвіча і Уршулі Хмары. Бацькі Юзафа нарадзіліся ў Налібаках, але ў 1910 годзе, шукаючы ратунку ад царскага войска, Гіпаліт Лукашэвіч уцёк праз Прусію ў Амстэрдам, а адтуль караблём “Ратэрдам” прыплыў у Нью-Ёрк. Праз чатыры гады да яго прыехала каханая Уршуля і ў 1917 г. у іх нарадзіўся сын Юзаф.
![]() |
Юзаф Лукашэвіч з бацькамі ў Нью-Ёрку. |
У Амерыцы сям’я Лукашэвічаў не збіралася заставацца назаўсёды. Бацькі Юзафа марылі зарабіць грошы, вярнуцца на радзіму, купіць зямлю і жыць на ўласнай гаспадарцы. Вяртанне ў Налібакі паскорыла нечаканая смерць маці Юзафа. І ў 1929 годзе, разам з татам, ён вярнуўся на радзіму бацькоў.
![]() |
Сваякі Юзафа Лукашэвіча ў Налібаках. У цэнтры: налібацкі пробашч кс. Юзаф Байка. |
Сваю адукацыю Юзаф працягнуў у Іўі, дзе настаўнікам мясцовай школы працаваў ягоны дзядзька Караль. Але неўзабаве бацька прыняў рашэнне купіць дом у Вільні. Пасля заканчэння віленскай Гімназіі ім. Жыгімонта Аўгуста, Юзаф паступіў на медыцынскі факультэт ва Ўніверсітэце Стэфана Баторыя. Вучобу ў Вільні прыпынілі бальшавікі, якія зачынілі ўніверсітэт. Адукацыю Юзаф Лукашэвіч здабыў у Коўне, а пазней вярнуўся ў Вільню працаваць у адным з мясцовых шпіталёў. У 1944 годзе памёр Гіпаліт Лукашэвіч і Юзаф не бачыў сэнсу заставацца ў новай савецкай рэчаіснасці. Хаця, калі б застаўся, то нявыключана, што мог бы далёка пайсці па кар’ернай лесвіцы. Пасля заканчэння вайны бальшавікі запрашалі яго застацца ў БССР і працаваць для новай улады. Але Юзаф прыняў рашэнне вяртацца з ЗША. Не без прыгодаў у 1946 годзе на караблі “Ernie Pyle” ён прыплыў у Нью-Ёрк. А праз паўгоду ў мясцовым порце ён сустракаў карабель „Batory” на якім у Амерыку прыплыла яго каханая Марыля.
![]() |
Юзаф падчас вучобы ў Коўне. |
Неўзабаве на сайце www.nalibaki.org з’явяцца фрагменты кнігі Юзафа Лукашэвіча “Прыгоды амерыканца ў Польшчы”, у якой аўтар апісвае сваё жыццё і рэчаіснасць у Заходняй Беларусі ў 30-40-гадах мінулага стагоддзя.
ДГ
No comments:
Post a Comment