Thursday, September 26, 2013

Як налібачане перахітрылі царскую ўладу
















Касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі ў Налібаках і мясцовыя могілкі агароджаныя векавым каменным плотам. Гісторыя гэтай агароджы сягае часоў Расійскай імперыі. Яна паўстала дзякуючы кемлівасці нашых землякоў.

Царскія ўлады, жадаючы зменшыць уплыў каталіцкага касцёла ў Налібацкім краі, забаранілі праводзіць рэлігійныя ўрачыстасці “па-за мурамі касцёла”. Мэта гэтага была простая – пазбавіць мясцовых жыхароў права на працэсію падчас Свята Божага Цела.

Тады вяскоўцы сабраліся разам, каб знайсці выхад з гэтай сітуацыі. Яны вырашылі поўнасцю падпарадкавацца царскаму ўказу. Налібачане збудавалі цагельны завод і ў вольных ад працы гадзінах, разам з жачынамі і дзецьмі, выпальвалі цэглу з мясцовых радовішчаў гліны. Заводам зацікаваліся царскія ўлады. Налібачане растлумачылі, што яны маюць намер збудаваць новы мураваны касцёл замест старога драўлянага. Расейцы здагадаліся, што запланавалі мясцовыя і загадалі ксяндзу плаціць людзям за працу. Натуральна, што ў святара такіх грошай не было і цагельня перастала працаваць. Але кемлівыя налібачане знайшлі тады іншы выхад.


Налібачане будуюць новы касцёл.
Праз тыдзень жандар сабраў налібачан каля касцёла і загадаў ксяндзу заплаціць ім за працу. Той, не ведаючы пра планы сваіх парафіянаў, пайшоў па касцёльную скарбонку, узяў з яе ахвяраваныя рублі і пачаў выплояваць людзям заробкі. Хапіла, акурат, усім. Царскі чыноўнік склаў рапарт і выслаў у губернію. Калі ён пакінуў Налібакі, то налібачане сабралі ксяндзоўскія грошы і ўкінулі ўсё да капейкі ізноў у скарбонку. Цягам наступных тыдняў гэтая “аперацыя” паўтаралася. Праз некаторы час навокал касцёльных уладанняў, могілак, плябаніі, палёў і самога касцёла, быў пабудаваны невысокі мур. Працу скончылі напярэдадні Божага Цела.

У гэты дзень каля касцёла з’явіліся царскія прадстаўнікі, каб забараніць налібачанам працэсію па-за мурамі. Але людзі, не звяртаючы на іх увагу, выйшлі з касцёла і прайшлі працэсіяй праз могілкі ажно на касцёльнае поле, дзе быў зроблены імправізаваны алтар. Вернікаў затрымалі і нагадалі пра царскі ўказ, які дазваляў працэсію толькі ў зоне муроў. Тады з натоўпу выйшаў стары налібачанін і прачытаў указ, дадаўшы, што закону ніхто не парушыў і што працэсія не выйшла па-за касьцёльныя муры. Расейцам нічога не заставалася, як прызнаць мясцовым рацыю. Так налібачане перахітрылі царскую ўладу.

дг

No comments:

Post a Comment