Wednesday, September 4, 2013

Вершы Язэпа Фарботкі






















120 гадоў таму нарадзіўся наш зямляк: фатограф, паэт, перакладчык, навуковец, дыпламат, актор, грамадскі дзеяч Язэп Фарботка. У Налібаках малы Юзюк скончыў парафіяльную школу, затым навучаўся ў Наваградку, Мінску, Кіеве і Вільні.


Язэп Фарботка быў сярод стваральнікаў "Беларускай хаткі", разам з Янам Булгакам засноўваў "Віленскі фотаклуб", дэбютаваў у "Нашай ніве", як паэт, перакладаў Міцкевіча на беларускую, граў на сцэне Беларускага савецкага тэатра, быў дыпламатам БНР, прафесарам Віленскага ўніверсітэта. Пасля вайны камуністы выслалі яго на Данбас. У пасляваенныя гады жыў у Лодзі і памёр там у 1956 годзе. 

Свае вершы ён не паспеў выдаць асобнай кнігай. Іх ёсць некалькі дзясяткаў. Сёння мы друкуем некалькі з іх.

Роднаму краю

Край мой радзімы, зьнішчаны, зьбіты,
Зьліты крывёю, сьлязьмі абмыты, -
Дзе ж твае месцы, дзе ж твае сёлы?
Дзе ж тваіх дзетак песьня вясёла?
Упокат пустыня й сьляды пажараў,
Пасека з’места лясных абшараў,
У ямах-акопах нівы і пашы,
Горы-магілы ворага й нашы.
Нашы касьцёлы зрыты зь зямлёю,
Памяткі нашы сплылі з вадою,
Скарбы народу ў землі схаваны.
З гнёздаў радзімых людзі сагнаны.
Па ўсіх дарогах косьці людскія,
У грузах палацы й замкі былыя.
Трупы, калекі, удовы, сіроты.
Мільён бяздомных, мільён бядноты!
То сумны вобраз роднага краю
Гэта здабытак вайны звычаю!
Край мой радзімы, горам забіты.
Ці ж доўга будзеш Богам забыты?

Звон

Калісьці Жыгімонт у знак народнай моцы.
З здабытых ім гармат адліці звон казаў.
У расплаўлены метал, для гучнасьці ахвочы
І серабро, і золата народ сваё кідаў.
І выйшаў дзіўны звон. Сваім магутным зыкам
Ён сьведчыць і цяпер аб славе той
Што мог сабе здабыць народ не моцным крыкам
А велькасьцю ахвяр, пралітаю крывёй.
А наш народ сваёй крыві праліў нямала
Наш край скалёсілі гарматы не адны
Гісторыя ўсю нам славу захавала,
Хоць не гудуць аб ёй магутныя званы
Яны ўсе ў нас на кулі пераліты
Пустуюць вежы ў нас з вайны пачатку дзён
І толькі аж цяпер Жыгмонта семяніты
Завуць і нас, браты, адліці сваёй славы звон


Максіму Багдановічу

Вось Багдановіч, наш паэта,
Як ясна зорка, як камэта,
Із Яраслаўля дзіўным зьзяньнем
Сьвяціў нам шчырым закаханьнем
Да роднай мовы да сваёй
Да запрацованых людзей.
Яго цудоўны лірны звон
Аб славе нашых старых дзён
Нас чараваў гармоньяй дзіўнай,
Прыгожым рытмам пераліўным,
Ён нам тлумачыў безупынна
Пякноты роднае краіны.
А сэрца хворае яго
Знайсьці спакою не магло –
Паехаў у Ялту супачыць,
Там перарвалась жыцьця ніць.

No comments:

Post a Comment