Monday, September 2, 2013

Шпіёнская справа N2778 альбо налібачанін у кіпцюрах ГПУ






















Пасля 1921 года тэрыторыю сённяшняй Беларусі была падзелена паміж Польшчай і СССР. Налібакі засталіся ў Польшчы, а на савецкай тэрыторыі бальшавікі пагадзіліся ўтварыць БССР. Пасля польскай-савецкай вайны там засталося нямала ўраджэнцаў Налібак. Лёс многіх з іх склаўся трагічна: яны стали ахвярамі камуністычнага тэрору. Сярод іх быў і Станіслаў Клімовіч, якога камуністы абвінавацілі ў шпіянажы.

16 жніўня 1933 года ўпаўнаважаны Мазырскага аператыўнага сектара ГПУ склаў пратакол допыту абвінавачанага:

Клімовіч Станіслаў Антонавіч, паходзіць з вёскі Налібакі, Віленскай губерні (Польшча), з сялян , грамадзянін БССР, пражывае ў горадзе Мазыры, па вуліцы Каліннік, беспрацоўны, пісьменны , б/п. У 1930 г. арыштоўваўся Мазырскім ГПУ па падазрэнні ў шпіянажы, пасля трох месяцаў быў вызвалены.

У дакуменце прыводзяцца словы і самога Клімовіча:

У вёсцы Налібакі я пражываў да 1914 года, разам з бацькам займаўся сельскай гаспадаркай. Пражываючы ў Налібаках я вучыўся ў мясцовага арганіста, прозвішча якога забыўся. На пачатку імперыялістычнай вайны, не маючы сродкаў да існавання, я выехаў у Мінск, дзе пражываў прыкладна да 1918 года, працуючы на розных працах. Жывучы ў Мінску, я месяцаў шэсць працаваў памочнікам у аднаго музыканта. Апошні навучыў мяне граць на раялі.

У пачатку 1918 г. я выехаў у мястэчка Шацілкі, цяпер Парыцкага р - на , дзе ўладкаваўся арганістам у ксяндза, прозвішча якога не памятаю, яго звалі Язэпам . У Шацілках я пра быў каля года і ксёндз звольніў мяне за тое, што я не ўмеў граць.

З Шацілак я меў намер выехаць назад у Мінск, але на станцыі Чырвоны Бераг я даведаўся ад мясцовых палякаў, што ў вёсцы Антушы, цяпер Жлобінскага р - на, ёсць касцёл, у якім няма арганіста . ( ... ) Ксяндзом у касцёле быў Мустэйкіс, пазней я даведаўся, што ён выехаў нібыта на радзіму ў Латвію ці Літву.

У вёсцы Антушы я прабыў да вясны 1923 года. З-за вельмі дрэнных адносін з Мустэйкісам - я выехаў у Мазыр, дзе быў патрэбен арганіст, пра што я даведаўся з абвесткі ў газеце. Адносіны з Мустэйкісам ў мяне сапсаваліся неўзабаве пасля майго прыезду. Прычынай было тое, што ён не плаціў мне заробка і ўсяляк ігнараваў маю асобу. Справа дайшла да таго, што ў пачатку 1923 я з Мустэйкісам у касцёле , у прысутнасці вернікаў, пабіўся. Улічваючы гэта я быў вымушаны адтуль з'ехаць.

Пасля прыезду ў Мазыр, я да 1924 г. служыў арганістам пры Мазырскім касцёле . Ксяндзом у той час быў Жаўрыд, які з'ехаў у канцы 1923 года ў Бабруйск. Месца знаходжання яго ў цяперашні час мне невядома. Перад ад'ездам Жаўрыда я з ім таксама пасварыўся з-за таго, што ён мне не цалкам заплаціў належны заробак. [... ]

Пасля ад'езду ксяндза Жаўрыда яго змяніў ксёндз - Рыла, які прабыў у Мазыры каля года. Ён прыехаў разам са сваім арганістам, таму за час знаходжання яго ў Мазыры, я ніякага дачынення да касцёла не меў і абавязкаў арганіста не выконваў .

У 1925 г. Рыла выехаў, куды не ведаю. Хадзілі чуткі, што ён уцёк у Польшчу. [... ]
Пасля яго ў Мазыр прыехаў ксёндз Сак, я быў у яго арганістам і разам з ім раз'язджаў па былой Мазырскай акрузе, па пунктах населеных палякамі. Не памятаю ў якім годзе Сак часова на адзін год выехаў у мястэчка Койданава. За гэты час яго замяняў ксёндз Лупіновіч, які стала пражываў ў Жлобіне. З Лупіновічам я па раёнах не раз'язджаў, а выконваў абавязкі арганіста толькі ў Мазыры, падчас набажэнстваў.

Прыблізна ў 1927 годзе ў Мазыр вярнуўся ксёндз Сак. Яго пастаянным месцам жыхарства было мястэчка Хойнікі. Касцёлы Мазырскай акругі ён абслугоўваў да канца 1929 г. то бок да моманту адмовы ад ксяндза. Пры ім арганістам быў я, аднак, даволі часта Сак сам раз'яжджаў па раёнах. Чым гэта растлумачыць не ведаю. Здаецца з 1928 г. па 1930 я быў старшынём касцельнай пяцёркі. Пасада гэтую я пакінуў падчас прыезду ксяндза Капусты, з якім я пасварыўся, бо ён мяне западозрыў, што я нібыта з'яўляюся агентам ГПУ.

Капуста пры сабе меў свайго арганіста, прозвішча якога не ведаю, дзе ён знаходзіцца, мне таксама не вядома.

Улетку 1930 г. я быў арыштаваны б. Мазырскім акр. аддзелам ГПУ, пад вартай знаходзіўся больш за тры месяцы. Мяне вінавацілі ў шпіянажы, але неўзабаве вызвалілі. [... ] Пасля майго вызвалення з-пад варты, я з Капустай сустракаўся, але гутарак з ім ніякіх не вёў .

У канцы 1930 года Капуста быў арыштаваны. Такім чынам, ён у Мазыры прабыў каля года .

З пачатку 1931 года да сённяшняша дня для набажэнстваў у Мазыр прыязджаў з Гомеля, прыблізна 2-3 разы ў месяц ксёндз Андрэкус. Ён спыняўся у касцёле. У Мазыр ён прыязджаў раніцай і ў гэты ж дзень увечары выязджаў назад у Гомель. У касцёле абавязкі арганіста выконваў я .

З ксяндзом Андрэкусам я сустракаўся, і часам у касцёле меў з ім гутаркі, але на палітычныя тэмы я з ім ніколі не размаўляў. Часам я сам стараўся завесці размову, але ён заўсёды ўхіляўся ад якога-небудзь адказу і звычайна перакладаў размову на іншую тэму. Аднойчы летам 1933 г. Андрэкус разам з мужам былога старшыні касцёльнага савета - Баковіч Эміліяй, як яго завуць не ведаю, наведалі мяне. Андрэкус прасіў, каб я знайшоў яму кватэру, паколькі ён хоча пераехаць у Мазыр на пастаяннае месца жыхарства . На кватэры ў мяне Андрэкус прабыў не больш за 30 хвілін. Кватэру я яму не знайшоў. Чаму ён у Мазыр не прыехаў - не ведаю.

Размовы з Андрэкусам наконт арганізацыі, мэта якой ўзняцце ўзброенага паўстання супраць Савецкай улады [... ] я не меў. Аб неабходнасці весці працу сярод польскага насельніцтва супраць Савецкай улады і яе мерапрыемстваў [... ] Андрэкус мне гэтак жа не казаў.

Катэгарычна заяўляю, што Андрэкус са мной на палітычныя тэмы гутарак не вёў і пра яго контррэвалюцыйную дзейнасць мне абсалютна нічога невядома.

Я асабіста лічу, што Андрэкус мне не давяраў. Магчыма, яго загадзя пра штосьці папярэдзіла Баковіч. Акрамя таго, Андрэкус з'яўляўся добрым прыяцелем ксяндза Мустэйкіса, з якім я біўся, пры чым са мной нават не вітаўся. Першы час у Мазыры нават заробак за працу ў касцёле ён аддаваў праз Баковіч.

Не толькі з ксяндзом Андрэкусам , але і з усімі іншымі ксяндзамі, з якімі мне даводзілася сустракацца, я ніколі размовы аб к/р арганізацыі не меў і мяне ў яе ніхто не прыцягваў. Гэта ж адносіцца і да ксяндзам Капусты і Сака. Апошні, наколькі мне памятаецца, часам выказваў незадаволенасць Савецкай уладай, але яно не выяўлялася ў сістэматычнай форме і не мела за сабой якой-небудзь падшэўкі . З Капустай я ўвогуле ў 1930 г. гэтак жа як і з Андрэкусам размоў не вёў. Ён нават ў 1930 годзе ўгаворваў маю жонку, каб яна са мною разышлася. [... ]

Больш пакуль паказаць нічога не магу, запісана з маіх слоў дакладна і мне прачытана , у чым і распісваюся .

[Подпіс] - Клімовіч
Дапытаў ЎПАЎНАВАЖАНЫ (...]
Архіў Упраўлення КДБ Рэспублікі Беларусь па Гомельскай вобласці
Д. 2778-я. Т. 9 Л. 89-93.


У верасні таго ж хода справа атрымала працяг. У Мінску адбылася очная стаўка паміж арыштаванымі: Станіславам Клімовічам і святаром Канстанцінам Андрэкусам.

Пытанне Андрэкусу: Ці ведаеце вы грамадзяніна, які сядзіць перад вамі?

Адказ: Так, ведаю - гэта Клімовіч, жыхар гор. Мазыра, арганіст касцёла.

Пытанне Клімовічу: Ці ведаеце вы грамадзяніна, які сядзіць перад вамі грамадзяніна ?

Адказ: Ведаю - гэта ксёндз Андрэкус, які пражываў да арышту ў горадзе Гомелі.

Пытанне Андрэкусу: Раскажыце, калі і пры якіх абставінах Вамі быў завербаваны ў польскую ваенную арганізацыю Клімовіч і ў чым выяўляўся яго ўдзел у арганізацыі.

Адказ: [... ] Бываючы ў Мазыры, я пазнаёміўся з мясцовым арганістам Клімовічам, якому ў лютым 1932 прапанаваў ўступіць у польскую ваенную арганізацыю [ * .. ] Клімовіч на маю прапанову пагадзіўся. Пры наступных сустрэчах на працягу 1932 г. з Клімовічам, я атрымліваў ад яго звесткі аб будаўніцтве ў Лельчыцкім раёне вузкакалейнай чыгункі і што там рыюцца акопы . За атрыманыя звесткі [... ] я выдаў Клімовічу 1000 руб .

Пытанне Клімовічу: Вы пацвярджаеце паказанні ксяндза Андрэкуса?

Адказ: Паказанні Андрэкуса катэгарычна абвяргаю. Членам польскай ваеннай арганізацыі я не з’яўляўся, Андрэквсам ў яе завербаваны не быў.

Архіў Упраўлення КДБ Рэспублікі Беларусь па Гомельскай вобласці
Д. 2778 -с. Т. 9 Л. 96-97


Праз два месяцы АГПУ БССР выдала абвінаваўчае заключэнне па справе Клімовіча:

Клімовіч Станіслаў Антонавіч - 1885 нараджэння, паляк, пісьменны, беспартыйны, раней не судзімы, ураджэнец Віленскай губерні (Польшча), служыцель культу - арганіст Мазырскага касцёла, жанаты. Сям'я з 2 чалавек, да арышту пражываў у гор. Мазыры, выбарчых правоў пазбаўлены.

а) з'яўляўся актыўным членам польскай ваеннай арганізацыі, якая ставіла сваёй мэтай звяржэнне Савецкай улады [...]

б) па заданні кіраўніка «ПАВ" ксяндза Андрэкуса - у 1932 сабраў і перадаў яму шпіёнскія звесткі аб ваенна-абарончым будаўніцтве ў Лельчыцкім раёне, за што ад Андрэыкуса атрымаў грашовую ўзнагароду ў памеры - 1000 рублёў.

в) праводзіў антысавецкую дзейнасць супраць мерапрыемстваў, якія праводзяцца уладай Чырвонай Арміі, г.зн., у злачынствах прадугледжаных 64, 68, 72 і 76 ст. арт. КК БССР.

Вінаватым сябе не прызнаў [...]

Прымаючы пад увагу, што па гэтай справе следства скончана, а таму кіруючыся пастановай ЦВК СССР ад 9-га чэрвеня 1927 г - справу прадставіць на разгляд Тройкі ПП АГПУ па БССР.

Мазыр 1933 г.
10-га снежня.
Рэчавых доказаў па справе няма.
Архіў Упраўлення КДБ Рэспублікі Беларусь па Гомельскай вобласці, Д.2778-с. Т.2. л.1-68.


Ксёндз Канстанцін Андрэкус быў прызнынаны вінаватыў у шпіянажы і спробе звяржэння савецкай улады. 27 жніўня 1937 года ён быў расстраляны ў Мінскай турме.

Пра лёс Станіслава Клімовіча нічога невядома. Не выклікае сумневаў, што і ён быў прызнаны вінаватым. Сведчанні кс. Андрэкуса яго сур’ёзна абцяжарвалі і спадзявацца на апраўданне ў часы, калі кіпеў тэрор супраць народу, не выпадае. Магчыма, пра ягоны лёс мы даведаемся пасля рассакрэчання архіваў КГБ. 

З кнігі «Касцёл і ўлада на Гомельшчыне 20 - .. 30-я гады ў XX" А.Лебедзеў, В.Пінчукоў, кс. С.Ляскоўскі. Варшава - Люблін - Гомель. 2009

2 comments:

  1. Не абарвецца след
    Нумар - №64 Рубрыка - Духоўная і гістарычная спадчына

    03.09.2013

    Сёння, 4 верасня, спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта, літаратуразнаўца Язэпа Фарботкі.

    Прозвішча Фарботка, так бы мовіць, з ліку карэнных, налібацкіх. Хлебаробы, настаўнікі, людзі іншых прафесій, якія сваёй працай, шчыраваннем пакідаюць добры след на гэтай пушчанскай зямлі.

    Гляджу на партрэт маладога Язэпа Фарботкі. Касаваротка, тыповая форма адзення студэнтаў, ці, як казалі, курсантаў тых гадоў. Цяга да ведаў давяла сялянскага хлопца да Кіева, дзе паступіў на вучобу на фізіка-матэматычны факультэт універсітэта. Час жа быў неспакойны. Грымнула Першая сусветная вайна, разгортваліся бурныя падзеі рэвалюцыі. Шырыўся і нацыянальна-вызваленчы рух. "Беларуская хатка" - такую назву далі культурна-патрыятычнаму згуртаванню, што дзейнічала ў Мінску. Маладыя людзі, сярод якіх быў і Язэп Фарботка, збіраліся ў "хатцы", каб абмеркаваць падзеі, прыняць свой удзел у іх. І найперш - палымяным словам, мастацкім увасабленнем вобразаў.

    Рознабаковы талент маладога чалавека праяўляўся яскрава. Язэп Фарботка ўключаецца ў склад акцёраў Беларускага савецкага тэатра, адметна іграе даручаныя рэжысёрамі ролі. Прыгадаем, што ў рэпертуары першага нацыянальнага тэатра былі п'есы "Раскіданае гняздо" і "Паўлінка" Янкі Купалы, "Модны шляхцюк" Каруся Каганца, "Хам" і "Зімовы вечар" Элаізы Ажэшка. У 1920 годзе Фарботка працаваў адміністратарам Беларускага тэатра.

    Усё больш адметным становіцца і паэтычны голас Язэпа Фарботкі. Дарогу ў літаратурную творчасць яму, як і Коласу, Купалу, Цётцы, Бядулю, многім іншым адкрывальнікам беларускага літаратурнага слова, "працерабіла" "Наша ніва". Менавіта ў першай беларускай газеце ў 1912 годзе дэбютаваў ён надрукаваным вершам "Зраўнаваў…". "Цёмная ноч", "Зноў вясна", "Роднаму краю", "Малітва" - вершы, дзе вобразна, алегорыяй малюнкаў прыроды выказана трывога паэта за лёс роднай краіны, выказана вера ў лепшую будучыню беларускага народа.

    Вялікі ўплыў на Язэпа Фарботку аказала творчасць Максіма Багдановіча. Ёсць згадкі і аб іх асабістым знаёмстве. Характэрна, што Фарботка апрабоўвае нязвыклыя паэтычныя формы на ўзор Багдановіча - санеты, трыялеты. На заўчасную смерць свайго літаратурнага настаўніка адгукнуўся ён глыбокаэмацыянальным вершам-санетам "Памяці Максіма Багдановіча".

    Адметна праяўляе сябе Язэп Фарботка і як крытык. У артыкуле "Згукі сусветнай вайны 1914-1918 гадоў у беларускай паэзіі" ён аргументуе, што многія творы нацыянальнай літаратуры таго часу мелі антываенны, гуманны характар. У нарысе "Беларусь у песнях" на багатым літаратурна-гістарычным матэрыяле Я. Фарботка паказвае ўзаемасувязь беларускай паэзіі з нацыянальна-вызваленчай барацьбой народа. Гэтая праца пазначана 1920 годам. Што датычыць практычнай дзейнасці Язэпа Фарботкі напрыканцы 1919 - пачатку 1920 гадоў, то вядома, што ён пэўны час працаваў супрацоўнікам выдавецкага аддзела Народнага камісарыята асветы Літвы і Беларусі.

    Цяжка сказаць, як склаўся б далейшы лёс нашага земляка, калі б ён застаўся на радзіме. Дакладна не вядома, пры якіх абставінах ён трапіў за мяжу, у Польшчу. Ёсць звесткі, што займаўся там навуковай дзейнасцю. Памёр Язэп Аўгусцінавіч Фарботка ў 1945 годзе.

    Зробленае Язэпам Фарботкам заслугоўвае, каб імя яго засталося сярод асветнікаў, змагароў за лепшую долю нашага народа. І напісанае таленавітым аўтарам застаецца на вякі.

    Не ведаю, ці апраўдана было траціць праз аддзел культуры сродкі, каб сучасныя масцітыя паэты, ураджэнцы Стаўбцоўшчыны, сярод дзясяткаў сваіх кніг змаглі мець і гэтую мясцовую. А вось выданне ў серыі "Мне сонцам свеціць Наднямонне" выбраных твораў Язэпа Лёсіка, Уладзіслава Сыракомлі - патрэбная справа. У гэтым радзе арганічна бачылася б і кніжачка выбраных твораў нашага знакамітага земляка Язэпа Фарботкі.

    Ф. БАНДАРОВІЧ

    ReplyDelete
    Replies
    1. Дзякуй. Ужо паставіў асобным допісам. Але варта дадаць, што Фарботка памёр ажно ў 1956 годзе. Яго сын Уладыслаў жывы дагэтуль - http://www.nalibaki.org/2013/06/blog-post_4899.html

      Delete