Tuesday, October 29, 2013

Над Кроманню

















Кажуць, што на месцы Кромані калісь была велізарная вёска, якая раптам правалілася скрозь зямлю і схавалася пад вадою. Шмат чаго гавораць аб гэтай з'яве, я ж чуў ад старых людзей вось што.

У даўнейшыя часы ў Навагрудку сядзеў літвінскі князь Вайшэлг - здаецца, так яго звалі. Злосны быў, сярдзіты чалавек. Здолеў ён усіх іншых князёў, але нейкі адзін яму не паддаваўся. Тады Вайшэлгу стала патрэбна шмат войска і грошай. Сваіх падданых лупіў ён як мог, а хто яму спрачаўся, дык тых хваталі, тамілі ў мурах Навагрудскага замка, а потым катавалі. Многа людзей было загублена...

Праязджаючы адзін раз у Лаўрашоўскі манастыр адмольваць свае грахі, даведаўся князь, што дзесьці ў лесе ёсць вялікая вёска, з якое ён нічога яшчэ не браў. Ну, добра. Пачалі шукаць яе, доўга шукалі - і знайшлі. Уехаў князь у вёску і пачаў наводзіць свой парадак: аддай мужчын у жаўнеры, аддай гавяду ды грошы. Усё аддалі сяляне, апроч грошай, бо яны нават не ведалі, што гэта такое. Пахапаў князь старых, перакатаваў іх, але карысці няма. Раз'ярыўся ён, як звер, пачаў заглядаць у вёску ўсё часцей і душыў, пакуль кроў не пачынала мучыць яго. Хто застаўся з сялян - пахаваліся па лесе, і вёска стала пустою; князь некалькі разоў не застаў у ёй ні душы. Потым ён даведаўся, што сяляне ў нядзелю зыходзяцца ў вёску да імшы ў цэркаў. Вось і наляцеў ён у адну нядзелю і сам хацеў запаліць і цэркаў і вёску, але раптам перад яго вачмі зрабілася велізарнае возера. Аслупянеў князь, паехаў назад і цэлы тыдзень сядзеў, не выходзячы з свайго замка. Але зайздрасць яго не пакінула: зноў са сваёй дружынай панёсся ён сюды, за Нёман. Надыходзіла ноч, князь заблудзіўся ў лесе і праваліўся ў «чортава вока» з усёй сваёй ватагаю... З тых часоў і чуцен звон у Кромані; гэта сяляне праняць імшу і моляцца за вялікія грахі Вайшэлага. Гамоняць, што звон будзе да тае пары, пакуль які-небудзь чалавек не памрэ тут на Кромані за людзей і не выкупіць тым душы князя. Вось што кажуць старыя людзі...

- Байкі ўсё гэта, - нахмурана адказаў Антон. - Чуў ты сам гэты звон?

(З жыцця смалакураў, 1905 г.) Янка Нёманскі.

Даслаў Алесь Белы, экамузей "Брама у Налiбокi"

No comments:

Post a Comment