Tuesday, March 25, 2014

“Мы маглі стаць Заходняй камунай савецкай Расеі, калі б не БНР”






















У 1980-х пісьменьнік Генрых Далідовіч выдаў трылёгію “Гаспадар-камень”, прысьвечаную станаўленьню беларускай дзяржаўнасьці ў XX ст. У кнігах “Гаспадар-камень”, “Пабуджаныя” і “Свой дом” аўтар паказаў завілістую й заблытаную гісторыю першых дзяржаўных утварэньняў беларусаў – БНР і БССР. Ужо ў незалежнай Беларусі Далідовіч выдаў кнігу “БНР і БССР”, у якой на падставе гістарычных фактаў і дакумэнтаў з савецкіх архіваў давёў, што без абвяшчэньня 25 сакавіка 1918 году БНР, Беларусі было накавана стаць Заходняй Камунай савецкай Расеі. Пра гісторыю "непажаданай" незалежнасьці ён распавядае ў інтэрвію Дзьмітрыю Гурневічу.


Да 25 сакавіка 1918 году беларусы 146 гадоў жылі ў Расейскай імпэрыі. У іх не было ані дзяржавы, ані жывой памяці пра ўласную дзяржаўнасьць? Што для тагачаснай беларускай эліты стала штуршком да патрэбы самавызначэньня?

Г. Далідовіч: Тут трэба зазірнуць у аддаленую гісторыю. Калі ў 1902 годзе ўзьнікла Беларуская сацыялістычяная грамада, куды ўваходзілі браты Луцкевічы, пачала афармляцца ідэя лёсу Беларусі. У гэтых людзей была свая праграма. Яны бачылі Беларусь не Паўднёва-Заходнім краем Расейскай імпэрыі, а бачылі самастойныя задаткі. Пазьней Грамада была распушчана. Луцкевічы пачалі выдаваць газэты “Наша Доля” й “Наша Ніва”. Тыя, хто мог да іх далучыцца, былі падвергнутыя вялікім рэпрэсіям. Многія, як, напрыклад, Язэп Лёсік і Алесь Гарун, былі высланыя. Пачалася Першая сусьветная вайна. Шмат людзей пайшло ў армію. Якуб Колас, напрыклад, пайшоў служыць на румынскі фронт. Царскі ўрад пайшоў на палітыку “голай зямлі” для кайзэраўцаў, каб ім не дасталося ані ўраджаю, ані жыльля. Многія людзі сталі бежанцамі. Фронт праходзіў якраз празь Беларусь. Добрая траціна была занятая кайзэраўскімі войскамі. Па адным баку – кайзэраўцы, а па другім – расейцы. Край быў даведзены да галечы. Заводы не працавалі, палі не засейваліся, ураджай не зьбіраўся, людзі агалелі. Калі выбухнула рэвалюцыя ў Петраградзе, то яна рэхам адбілася і ў Менску. Пэўная работа ўжо вялася ў Вільні, дзе браты Лукевічы шукалі шляхоў паразуменьня з палякамі, летувісамі й іншымі. Яны вылучалі ідэю аднаўленьня штосьці накшталт ВКЛ.

Заснавальнікі "Нашай Нівы" Іван і Антон Луцкевічы і Аляксандр Уласаў

 А калі насьпела рашэньне абвесьціць БНР? Што іх прымусіла прыняць Трэцюю Ўстаўную Грамату, якая абвяшчала незалежнасьць Беларусі?

Г. Далідовіч: У Менску пасьля рэвалюцыі замаскаваныя бальшавікі пачалі раззбройваць разгубленых паліцэйскіх, нападалі на іх, ставілі ў тупік вайскоўцаў. Гэта была справа рук бальшавікоў. Яны хуценька аб’явілі пра стварэньне Менскага савета, хаця там зь менчукоў насамрэч нікога й не было. У гэты час тыя, хто тут ацалеў зь беларускіх дзеячаў, задумаліся: а што з намі? У сакавіку 1917 яны склікалі зьезд з удзелам 100 дэлегатаў і паставілі пытаньне рубам: што будзе зь Беларусьсю ў гэтай складанай сытуацыі? Але пакуль іх праграма была даволі стрыманая, без асаблівай небясьпекі для ўраду ў Петраградзе. Зьезд выказаўся за аўтаномію ў складзе Расеі. Гэтая ідэя агучвалася й на пазьнейшых форумах беларускіх дзеячаў, якіх, дарэчы, на жнівень 1917 г. налічвалася больш за 25 тысяч. Гэта тыя, хто быў у Вільні, а таксама вайскоўцы й бежанцы, якія падтрымалі гэтую ідэю. Бежанцы ўлетку 1917 году правялі свой зьезд. За мяжой было каля мільёна беларусаў. Яны жадалі, каб нехта зацікавіўся іх лёсам, каб яны адчулі сябе не парабкамі на чужыне, а гаспадарамі ў сваім доме. І беларускае пытаньне такім чынам дайшло да сьнежня 1917 году, калі беларускія дзеячы, якія былі тады ў Петраградзе, Аляксандар Чарвякоў і Зьміцер Жылуновіч, перад савецкім урадам рубам паставілі пытаньне: вы абяцаеце роўнасьць народаў, справядлівае вырашэньне нацыянальнага пытаньня, а што зь Беларусьсю? Зьміцер Жылуновіч пастаянна гэтае пытаньне задаваў, ведаючы, што ў Менску створаны ворган улады, дзе запраўляюць бальшавікі: Мясьнікоў, Кнорын, Ландар і іншыя, тыя, хто нават чуць пра Беларусь не хацелі. Яны калі й казалі словы Беларусь і беларусы, то бралі іх у двукосьсе. Ленін і ўрад дазволілі беларусам у сьнежні 1917 году правесьці зьезд. У гісторыі ён вядомы як І Усебеларускі зьезд. Але калі там зайшла гаворка пра вызначэньне Беларусі больш чым толькі аўтаноміі, то мясьнікоўцы ўзброена разагналі сход. 

А ці гатовы быў пагадзіцца хоць на нейкую форму аўтаноміі Беларусі Часовы ўрад у Петраградзе яшчэ да кастрычніцкага перавароту?

Г. Далідовіч: Не. Калі ўлетку 1917 году беларуская дэлегацыя езьдзіла да Часовага ўраду, то ён нават не пагадзіўся зь імі размаўляць.

Сядзіба сёньняшняга Купалаўскага тэатра, дзе адбыўся І Усебеларускі зьезд.

 А чаму ідэя дзяржаўнасьці Беларусі так замінала бальшавікам? Па-сутнасьці, яна магла быць аўтаномнай бальшавіцкай Беларусьсю.

Г. Далідовіч: У іх была свая вялікая праграма. Яны былі за тое, каб Першую сусьветную вайну ператварыць у грамадзянскую, каб замучаныя баямі сілы павярнулі зброю супраць царскага ўраду. Гэта ім часткова ўдалося, хаця спачатку ў Петраградзе больш дзейнічалі меншавікі-эсэры, чым яны. У эсэраў бальшавікі запазычылі зямельную праграму, яны паабяцалі выкарыстаць лёзунг “Міру й зямлі”. Дэкляруючы на словах павагу народаў Расеі й права на самавызначэньне, яны мелі іншую мэту – сусьветную рэвалюцыю. Яны адчувалі, што калі пачнуць вырашаць нацыянальнае пытаньне, то гэта перашкодзіць іх усесяленскім плянам. Яны ўсяляк тармазілі працэс самавызначэньня. Калі зь Фінляндыяй і Польшчай давялося лічыццца, то з Украінай і Беларусьсю ўжо не. Але справы ў той жа Ўкраіне й Летуве пайшлі значна лепш. Бальшавікі адчувалі, што Беларусь – гэта буфэр паміж Польшчай і Расеяй і жадалі чым далей і мацней трымаць яе ў сваіх руках.

Пасьля заключэньня Берасьцейскага міру немцы рушылі на Беларусь. Беларускія дзеячы прымаюць І Устаўную Грамату. Але далей за аўтаномію справа ўсё роўна не ідзе. 

Г. Далідовіч: Калі Менск акупавалі немцы, то яны ніяк беларусам не дапамаглі, але й не заміналі. 25 сакавіка ў Менск прыехала віленская дэлегацыя – браты Луцкевічы й іншыя. На сходзе разгарнуліся вялікія спрэчкі: што зь Беларусьсю? Частка дэлегатаў выказалася за сувязі з Украінай, дзе справа незалежнасьці пайшла значна больш пасьпяхова. Было прапанавана ехаць у Кіеў і папрасіць дапамогі, паколькі ўкраінцы былі больш матэрыяльна забясьпечаныя. Луцкевіч тады сказаў: “Дарагія, мы паедзем, пачнем зь імі размаўляць і прасіць падтрымаць. А яны скажуць: А хто вы такія, частка Расеі? Дык якая можа быць гутарка з часткай Расеі?» Зусім іншая справа, калі мы туды едзем, як незалежная краіна, кажа Луцкевіч. Гэта паўплывала, і зьезд выказаўся за тое, каб Беларусь аб’явіць незалежнай рэспублікай і ў нейкай ступені парваць адносіны з Расеяй. Аднак гэта было нерэальна. Думалі й пра іншыя шляхі. Наколькі мне вядома, Антон Луцкевіч употай езьдзіў у Маскву, якая стала сталіцай савецкай Расеі, каб сустрэцца зь Леніным, паразмаўляць і зьняць многія пытаньні. Пра вынікі той размовы зьвестак, на жаль, няма. 

Менск пачатку 20 ст.
Тым ня менш 25 сакавіка прымаецца ІІІ Устаўная Грамата й абвяшчаецца Беларуская Народная Рэспубліка. Але ўжо празь некалькі месяцаў яе ўрад быў вымушаны пакінуць Менск. Што б Вы вылучылі сярод асноўных прычын паразы БНР?

Г. Далідовіч: У “Нашай Ніве” на днях быў надрукаваны матэрыял пра кнігу польскай дасьледчыцы Дароты Міхалюк, прысьвечаную БНР. Яна кажа, што адным з галоўных фактараў былі бежанцы. Гэта важна, але галоўнае іншае – тут стаяў фронт. Там, дзе былі кайзэраўцы – зь імі было мала сувязяў, але там, дзе былі бальшавікі, было шмат спэцслужбаў, усё кантралявалася. Калі да ваенных прыходзілі беларусы, то тыя махалі рукамі: мы сэпаратызму не падтрымліваем. Таксама сп. Міхалюк піша, што не было праграмы. Была праграма - спачатку аўтаномія. Былі й спрэчкі, несумненна, але ўсё ж сам факт аб’яўленьня БНР гаворыць пра тое, што пагадненьне было дасягнутае. Насамрэч, шмат яны зрабіць не маглі. Немцы ўспрынялі гэта стрымана. Нават пасьля таго, калі беларусы зьвярнуліся да Бэрліну зь лістом.

Дарэчы, цікава, што быў ліст у Бэрлін, але ў той жа час быў і візыт дзеячоў БНР у Маскву. Дык як гэта можна зразумець?

Г. Далідовіч: Так, у Маскву паехаў Луцкевіч. Пра гэта я казаў вышэй. Ніякага выніку гэта не дало. Наконт ліста ў Бэрлін. Савецкія гісторыкі доўга папракалі за здраду тых, хто напісаў гэты ліст. Магчыма, гэта быў ня самы лепшы крок, але ён быў неабходны. Дарэчы, да вайны бальшавікі самі атрымлівалі грошы зь Нямеччыны. Гэта такое двудушша савецкіх гісторыкаў: на грошы для сябе яны заплюшчвалі вочы, а тут, у справе беларусаў, знайшлі зручную магчымасьць за гэта папікаць.

Ці сапраўды з-за гэтага ліста Рада БНР раскалолася?

Г. Далідовіч: Так, некаторыя на гэта не пайшлі, бо адчувалі, што гэта будзе выкарыстана супраць ураду. Але ўжо была праграма: адкрыцьцё школ, выдавецтваў, унівэрсытэту, выдача беларускіх пашпартоў. Калі Дарота Міхалюк кажа, што толькі Фінляндыя прызнала, то гэта не да канца праўда. Прызналі, дэ-юрэ, ці дэ-факта: Летува, Латвія, Балгарыя, Чэхаславаччына, Эстонія, Фінляндыя й нават Турцыя. Дарэчы, ёсьць нешта сымбалічнае ў тым, што пасьля абвяшчэньня незалежнасьці ў 1991 годзе Турцыя ізноў адной зь першых прызнала Беларусь. 

Жаўнеры БНР

Ці не было 25 сакавіка фальстартам? Вы ў сваёй кнізе «БНР і БССР» прыводзіце цытату Бухарына, што ў рэвалюцыі, маўляў, перамагае той, хто першы праломіць галаву іншаму. У БНР не было ўласнага войска. Наўрад ці яны наіўна верылі, што без войска дадуць рады. 
Г. Далідовіч: Гутарка пра стварэньне арміі ішла яшчэ ў 1917 годзе. На нейкім этапе савецкі ўрад дазволіў стварыць польскія даволі значныя сілы, я маю на ўвазе Доўбар-Мусьніцкага. Быў дазвол на стварэньне й беларускіх частак, і яны былі створаныя. Але чым бліжэй справа ішла да сьнежня 1917 году, і адчувалася, што сьпее незалежніцкі дух, што беларуская армія можа мець прыхільнікаў і што гэта можа паспрыяць утварэньню рэспублікі, то яна была распушчана бальшавікамі. І калі гаворыцца, што пазьней, падчас Слуцкага паўстаньня былі створаныя беларускія часткі, то гэта недакладнасьць. Яны былі створаныя раней і распушчаныя, а ў Слуцкім паўстаньні яны аднавілі сваю дзейнасьць. Каля 5 тысяч жаўнераў удзельнічалі ў баях.

А што было зь беларускім войскам падчас абвяшчэньня БНР?

Г. Далідовіч: Яшчэ за савецкім часам мне далі пачытаць у Архіве гісторыі партыі справу Езавітава. Бальшавікі пасадзілі яго ў менскую турму, дзе правёў каля году. Перад уцёкамі Мясьнікова зь Менска ён здолеў уцячы з турмы й выжыў. За пару дзён ён сабраў нямала вайскоўцаў. Там, дзе сёньня Даўгабродзкая вуліца ў Менску, ён перакрыў са сваімі жаўнерамі шлях польскай арміі Доўбар-Мусьніцкага. Па-шчырасьці, палякі маглі б яе лёгка разграміць і абвесьціць Менск сваім горадам, але тут справа была ў тым, што да Менска ўжо падыходзілі немцы. І Доўбар-Мусьніцкі не рызыкнуў. Яны падзялілі Менск на сфэры ўплыву. Такім чынам Езавітаў цяпер мог ставіць немцам умовы, маўляў, во, наступае Доўбар-Мусьніцкі, але ў Менску ўжо ёсьць наша ўлада. Тым больш адбыліся новыя зьезды, было абранае кіраўніцтва, пачалося аб’яўленьне цывільнай улады.

А што з падтрымкай звычайнага насельніцтва?

Г. Далідовіч: Менск у той час быў невялікім горадам. Са 100 тысяч палова былі габрэі, 15 тысяч расейцаў, 15 тысяч палякаў, а беларусаў каля 10 тысяч. Адразу пасьля вайны сюды прыехала шмат расейцаў. У нейкім сэнсе шырокай падтрымкі хутка, за год ці месяцы, быць і не магло. Але й такому Менску было над чым задумацца. Распадаецца царская Расея, армія распушчана, новай няма, бальшавікі паводзяць сябе як варвары. Нагадаю такую гісторыю. Перад уцёкамі ад немцаў Мясьнікоў, які прадстаўляў савецкую ўладу, хацеў вывесьці ня толькі дакумэнты й сям’ю. Ён абрабаваў Менск фактычна да ніткі. Вывез казну. Пра гэта я пісаў у рамане “Пабуджаныя”. Калі яны наладжвалі састаў, то зрабілі пляцоўку з кулямётамі й гарматамі, каб абараняцца. Польскія й беларускія рабочыя на чыгуначнай станцыі не давалі ім цягніка. Тады яны расстралялі начальніка станцыі. Пасьля Мясьнікоў аддаў загад навесьці на Менск гарматы й кулямёты. Было перададзена: ня будзе цягніка – будзе ўдар па Менску. Калі я пра гэта пісаў, то рэдактары не маглі паверыць, маўляў, такога варварства нават Мясьнікоў, які ненавідзеў Бьеларусь, ня мог дапусьціць. А я гэта ўзяў з кнігі ўспамінаў аднаго з удзельнікаў тых падзей. Яна выйшла напрыканцы 50-х гадоў. Ён апісваў тыя падзеі як гераізм. Але для нас гэта была трагедыя. БНР падтрымала няшмат, бо людзі чакалі й глядзелі з надзеяй: што з гэтага можа атрымацца. 


Нямецкія войскі ў Менску, 1918 г.

 А наколькі моцнай была падтрымка бальшавікоў?

Г. Далідовіч: А якая ж там падтрымка? Армія разьбеглася. Людзі ішлі пехатою, на цягніках, ехалі на дахах вагонаў, усе ўцякалі дадому. У іх былі сілы, якія абаранялі Менскі савет, але ня больш таго. Бальшавікі ведалі, што трэба ўцякаць, бо іначай іх чакаў палон. Ім пашчасьціла, бо немцы, прыбыўшы на станцыю, пабачылі хвост цягніка.

А як, дарэчы, немцы паводзілі сябе ў Менску?

Г. Далідовіч: Спачатку вельмі ляяльна. Зайшлі маршам, у добрай форме, з насельніцтвам міралюбна, расплачваліся ў крамах. Іх вышэйшае камандаваньне прыняло дэлегацыю беларускіх дзеячаў. Але пазьней стала бачна, што яны апраўдваліся тым, што ня ўлазяць у нацыянальныя пытаньні. Іх мэта была адна, каб беларускія арганізацыі давалі ім харчы, дапамагалі ахоўваць парадак.

А ці не было гэта наінаўсьцю разьлічваць на немцаў?

Г. Далідовіч: Немцы былі вялікай сілай і зь імі трэба было лічыцца. Было б недаравальна абыходзіцца неабачліва й лезьці на ражон. Беларускія дзеячы ведалі, што немцы з разуменьем аднесьліліся да аднаўленьня незалежнасьці Летувы.

Чаму летувісам удалося лепш, чым беларусам?

Г. Далідовіч: Тут спрацавала тое, што летувіскія дзеячы ставілі перад немцамі задачу аднаўленьня былой дзяржавы. А паколькі яна называлася ВКЛ, то для немцаў было натуральным, што гэта й ёсьць Летува. Летувісам пашанцавала. Бо калі ўзяць Галіцка-Валынскі летапіс, то там гаворыцца, дзе была Літва – паміж Маладэчнам, Менскам, Слонімам і Наваградкам на рацэ Нёман, дзе Войшлак заснаваў кляштар «між Навагародкам і Літвою». Царская гістарыяграфія рабіла доўгі час усё магчымае, каб назву Літва перанесьці на Жмудзь і Аўкштоту, а беларусы, маўляў, яны заўсёды плакалі, каб трапіць у Расею. Гэтае гістарычнае ўспрыняцце было на баку Летувы.

А як тады патлумачыць падтрымку Ўкраіны?

Г. Далідовіч: Ляяльнае стаўленьне немцаў да Ўкраіны тлумачыцца іншым фактарам. Гэта багатая й вялікая краіна. Зь ёю трэба было лічыцца.

Калі дзеячы БНР усьвядомілі, што іх праект ня ўдасца?

Г. Далідовіч: Перш за ўсё, іх ня трэба папракаць, што яны быццам ня ладзілі й ня мелі адзінасьці. Яны належалі да розных партый. Але пры гэтым яны выкарысталі шанец у такіх цяжкіх умовах і аб’явілі тое, што трэба народу, які ў свой час меў дзяржаўнасьць. Каб яны гэтага нават на паперы ня сьцьвердзілі, у пасланьнях дыпляматычных або просьбах аб прызнаньні, то гутаркі пра Савецкую Беларусь нават і не было б. 


БНР, 1918 г.

Якой была рэакцыя бальшавікоў на БНР? Яны неяк выказваліся на гэты конт ці проста ігнаравалі? 
Г. Далідовіч: Пра гэта ёсьць нямала дакумэнтаў. У Смаленску выходзіла газэта Мясьнікова. Яны там пастаянна вялі барацьбу зь Менскам і БНР, самую зацятую. Акрамя выкрывальных публікацый, яны высылалі сваіх агітатараў у цяперашнія Магілёўскую й Віцебскую вобласьці. Распаўсюджвалі матэрыялы й вялі заадно барацьбу з Жылуновічам у Петраградзе.

А калі бальшавікі зьмірыліся з тым, што давядзецца прызнаваць Беларусь?

Г. Далідовіч: З восені 1918 году Жылуновіч пастаянна пісаў у «Дзяньніцы», якая выходзіла ў Петраградзе: што зь Беларусьсю? Гэтае пытаньне было амаль у кожным нумары. Дасьледчыкі дапускаюць, што Жылуновіч меў доступ да Леніна. Мясьнікоў меў намер абвесьціць на тэрыторыі Беларусі Заходнюю камуну. Яго, дарэчы, падтрымаў Сьвярдлоў. Тады Жылуновіч сустрэўся зь Леніным, пагражаў кінуць партбілет і сказаў: ня хочаце савецкай Беларусі, то атрымаеце буржуазную Польшчу па Смаленск. Калі ў Смаленску была прызначаная канфэрэнцыя, то Ленін настаяў, каб гэтая сустрэча аб’явіла сябе першым зьездам Кампартыі Беларусі. У Маскву быў выкліканы Мясьнікоў. Сталіну было даручана згладзіць канфлікт паміж Мясьніковым і Жылуновічам, каб яны прыйшлі да згодны - у якой форме быць Беларусі й хто яе ўзначаліць. Перамовы ішлі зь цяжкасьцю, і да згоды яны не прыйшлі. Сталін гаварыў з кожным паасаобку. З Жылуновічам яны ўзгоднілі склад Кампартыі, кіруючых органаў і ўраду. Склалі сьпіс. Калі на пачатку студзеня 1919 у Смаленску пачалася канфэрэнцыя, заля была зьдзіўленая: вы, маўляў, казалі, што ня будзе Беларусі, а тут раптам Беларусь. Але ўрэшце рэшт Мясьнікоў апраўдаў сябе так, што ён мусіць выконваць рашэньне Цэнтральнага ўраду. Зьезд пачаў працу, аб’явіў сябе першым зьездам Кампартыі Беларусі. Але калі справа дайшла да зацьвярджэньня кіруючых органаў партыі й складу ўраду, то Мясьнікоў дастаў свой сьпіс. Жылуновіч быў абураны й заявіў, што ён склаў сьпіс са Сталіным. Ёсьць зьвесткі, што гэты зьезд Жылуновіч пакінуў у абурэньні. Яму прапанавалі быць старшынём ураду, але агулам беларусам дасталіся другасныя пасады, усё атрымалі людзі Мясьнікова. Іншыя дэлегаты ўсё ж угаварылі Жылуновіча, і ён вярнуўся. Быў прыняты Акт абвяшчэньня савецкай Беларусі са сталіцай у Смаленску. Гісторыкі яшчэ ў 20-я гады цытавалі тэлеграму Сталіна: “Не деритесь, а то приеду и будет плохо. Аб’яўляйце са сталіцай у Смаленску”. Але напрыканцы 20-х гадоў гэтая тэлеграма, як і шмат іншых дакумэнтаў, датычных Менскага савету, зьнікла. Усё было вывезена. 

Зьміцер Жылуновіч.

А чаму Смаленск?

Г. Далідовіч: Смаленск быў блізка да Расеі. Урад Мясьнікова быў там, таму й абвяшчэньне адбылося там. Магчыма, улічвалі й этнаграфічныя межы Беларусі.
Калі ўрад БССР вярнуўся ў Менск?

Г. Далідовіч: Адбыўся зьезд, былі сфармаваныя органы ўлады. Усе былі задаволеныя. Ім далі цягнік, і яны паехалі ў Менск.

А ці былі спробы ў кіраўніцтва савецкай Беларусі дамовіцца з урадам БНР?

Г. Далідовіч: Жылуновіч быццам прыязджаў у Менск і ўдзельнічаў у некаторых форумах беларускіх дзеячаў. Ён многіх ведаў. Але ён адчуваў, што нават згоду на кангрэс у сьнежні 1917 году бальшавікі давалі нехаця, і зрабілі ўсё, каб яго сарваць. Ён бачыў, што ў гэтых умовах справа БНР будзе нявыйграшная. Ён даваў у сваёй газэце вельмі суровую ацэнку дзеячам БНР. Ён як пісьменьнік і грамдазянін адчуваў, што павінна быць Беларусь. БНР не ўдалося. Калі прыбраць з БССР два С, то застаецца й так Беларуская Рэспубліка.

Ці былі ў Жылуновіча рэальныя паўнамоцтвы?

Г. Далідовіч: Месяц ці два ён афіцыйна кіраваў урадам. Потым яго выдалілі з пасады. Яны яго выкарысталі. Я не папракаў бы Жылуновіча. Ён таксама зрабіў важную працу. У такіх умовах іншага выхаду не было. Ён па-свойму ўвасобіў дзяржаўнасьць Беларусі, на савецкай аснове.

А ці была б гісторыя іншай, калі б і тыя быльшавікі, і іншыя беларускія сілы ад самага пачатку сталі на плятформу БНР?

Г. Далідовіч: Трэба глядзець у корань. Беларускіх бальшавікоў было няшмат. Добра, што прынамсі яны трымаліся разам. Зрабілі, што маглі, за што пасьля й паплаціліся. Калі задумваецца нейкая справа, то павінна быць ідэя, праграма. Калі ў цяжкіх умовах узьнікла ідэя дзяржаўнасьці, то гэта стала вядома і ў Беларусі, і бежанцам, і салдатам. Усе адчувалі, што будзе краіна, будзе ўрад, які паклапоціцца, каб яны вярнуліся, каб пабудавалі хату, каб сталі на ногі. Гэта была вялікая маральная падтрымка. Калі не адбылася БНР, то яны пачалі спадзявацца на тых, каго бальшавікі не зьбіраліся перасьледаваць. Хай сабе БНР засталася толькі на паперы, як любілі пацяшацца савецкія гісторыкі, але факт у выніку быў іншы.

БНР абвяшчалася без крыві. Ніхто за яе не ваяваў. Можа таму не было й посьпеху?

Г. Далідовіч: Сапраўды, на нацыянальнай глебе, як на Ўкраіне, не было ўзброеных канфліктаў. У нас іншла спроба мірным шляхам, як з саветамі, так і зь Нямеччынай, дамовіцца. Хто б што не хацеў, але з 25 сакавіка ніхто нічога ўжо ня зробіць. Гэта значная дата. Дзеячы БНР улавілі жаданьні й мары мільёнаў людзей, каб мець свой дом, сваю зямлю. Яны адчулі, што калі наступяць цяжкія часіны, то яны нікому ня будуць патрэбнымі, ніхто за іх не заступіцца. А калі ёсьць свая краіна й свой урад, то можна спадзявацца на яго дапамогу. Яны рызыкнулі й зрабілі ўсё, што было ім па сіле.

Гутарыў Дзьмітры Гурневіч.

1 comment:

  1. Дзима, дзякуй за цикавае интерв"ю. Тут ёсць такия гистарычныя моманты, якия не вядомы шырока. А з Г. Далидовичам я быу трохи знаёмы, и чытау амаль усе яго творы. Хацеу бы спаткацца з им зноу и пагутарыць, але мажливасци слабыя.

    ReplyDelete