Wednesday, April 30, 2014

100-гадовы налібачанін: Не дай Бог вам бачыць тое, што я перажыў

















Яну Чарняцу нядаўна споўнілася 100 гадоў. Ён адзін з пяці сотняў доўгажыхароў Беларусі, якія пражылі стагоддзе. Нарадзіўся сп. Ян у Расейскай імперыі, выхоўваўся ў польскія часы, зведаў здзекі фашызма і камунізма, жыў ў “савецкім раі”, а сваё стагоддзе сустрэў у незалежнай Беларусі. Такіх людзей называюць – “чалавек-эпоха”. Нягледзячы на сталы век, ён застаўся волатам духу, чалавекам, адданым каштоўнасцям, якія прышчапілі яму бацькі – праўдзе і справядлівасці. 

Успамінамі пра сваё жыццё Ян Чарнец падзяліўся з сайтам www.nalibaki.org


Род

Я нарадзіўся ў 1914 годзе ў Русаках, каля Рубяжэвіч. Мае бацькі – Юльян Чарнец і Паўліна Палівода. Увесь наш род спрадвеку жыў у Русаках. Працавалі на зямлі, было сваё поле, пяць штук быдла, двое коней. Добра жылі пакуль саветы не прыйшлі, потым усё забралі. У мяне было трое братоў і дзве сястры. Жылі ўсе ў адным доме. Гэта ж не цяпер, што дзеляцца па пакоях. Тады жылі ўсе разам, дружна, елі разам з аднае міскі. Не сварыліся так, як цяпер. Усе жылі згодна.

Калі скончылася першая вайна, то жылося нам цяжка. Але паволі Польшча станавілася на ногі і пазней ужо неяк разжыліся, стала някепска. Хто меў больш зямлі, дык надта добра жыў. Сем’і тады былі не тое, як цяпер, а па 6-7 дзяцей. 

Старыя жылі пры дзецях. Пенсій жа тады не плацілі. Бацькоў ніхто адных не пакідаў. Стары чалавек нічога не рабіў. Бывала кароў выганіць ці загоніць. Свіней паглядзіць. Вот і ўся ягоная праца.

Школа і першы жыццёвы ўніверсітэт

Малыя хадзілі ў школу. Тады аднаго будынку школы не было, вучыліся па хатах. Я ў 7 гадоў пайшоў у польскую школу, скончыў чатыры класы. А потым пасвіў каровы. Было пяць сваіх і пяць чужых. І так ажно да 17 гадоў. Настаўнікі былі не свае, прыезджыя, чыстыя палякі. Вучылі ў школе добра. Ого, во гэта была навука. Вучылі так, каб ты ўмеў. Калі нечага не ўмееш, то ксёнжку ў рукі, на каленкі і вучыць, пакуль не навучышся. Вучылі так, каб нешта ведаў, а не так, што калі ўжо вучышся ў 1-ым класе, то ідзі ў 2-гі і так далей. Калі хто хацеў ісці і вучыцца далей, то ехаў у Рубяжэвічы, там было 10 класаў. Я далей не вучыўся. Бацька памёр, калі я быў зусім малы, а братам непатрэбны быў вучоны, ім трэба быў пастух.       

Вучыліся па-польску, дома гаварылі па-беларуску. 

Калі мне споўнілася 17 гадоў, я пайшоў вучыцца за краўца, і калі навучыўся, то ўжо сам сябе карміў. Вучыўся ў Рубяжэвічах у вельмі харошага краўца, жыў там на кватэры, у нядзелю ехаў дадому. За 9 месяцаў я і навучыўся. 

Забава

От некалі танцы былі. У чалавека хату папросім, прывязём музыку. Адразу на 4 дні, як на святы якія. За 4 месяцы давалі музыканту задатак, каб ён нікуды да іншага чалавека не пайшоў. На Каляды – 4 дні, Вялікдзень – 4 дні, Сёмуха – 4 дні. Во як гулялі, брат ты мой. На чацьвёрты дзень дык цяжка было ўжо. Гралі музыкі на гармоніку, барабане, трубах, цымбалах, скрыпцы. Спявалі і па-польску, і па-беларуску. Патанцавалі танец і спявалі. Ажно свет тух, так хораша спявалі. Гэта не тое, што цяпер, бывае, уключыш тэлевізар і Пугачова бегае: “Я яго любіла, ён мяне любіў. Я яго любіла, ён мяне любіў”. Кожную суботу да 12 ночы гралі, потым дамоў, дзяўчат падводзілі. На раніцу ў касцёл, а ўвечары ізноў танцы. Потым чысцілі хату, гаспадару карасіны купім на лямпу і ўсё. Дзядзьку часам чарку налівалі. Зімой хлопцы ваду носяць, а дзяўчаты мылі потым падлогі ў тае хаце. 

Футары і заработкі

У 1925 годзе людзі пачалі ездзіць на працу у Амэрыку. Пабудуць, папрацуюць і вяртаюцца, купляюць зямлю. Некаторыя заставаліся за акіянам дык і цяпер там іх унукі жывуць. Ехалі тыя, хто быў бяднейшы, каб было што дзецям пакінуць у спадчыну. 5-10 гадоў людзі працавалі і вярталіся дадому. Некаторыя высылалі грошы сваякам. Дык за раз часам высылалі на цэлы дом грошы, на зямлю, на студню. 

Тады, як раз, пачалі разганяць вёскі і сялілі на хутары, бо баяліся, каб вёскі не гарэлі. Бо надта ж высокія страхоўкі прыходзілася плаціць. Спачатку людзі не хацелі: крычалі, сварыліся. А потым, як пабылі на футары, о братка, жызня была. Усё сваё, работа блізка. За раніцу гною навазіў і садзі бульбу. 

Прадавалі ўсё на базарах. Некалі цэлы тыдзень быў базар. У панядзелак – Рубяжэвічы і Стоўбцы, аўторак – у Міры, у сераду- у Івянцы, у чацьвер – у Дзераўной, пятніца – у Стоўбцах. Дык нават з Нямеччыны да нас па свіней прыязджалі. Загадзя скажуць солтысу, каб ён людзям перадаў, што прыедуць і закуплівалі. Дык цэлы эшалон свіней грузілі. І добра ж плацілі тыя немцы. Падаткаў надта многа не было. На футарах “памяровыя” плацілі. Адзін чалавек усё мераў. Летам мераў, а зімой рабіў план. Футар цяжка было рабіць, там забоіна, там лес. Адзін чалавек усё рабіў, во дзе граматны быў. А цяпер, бывае, соткі мераюць, дык пяць чалавек цэлы дзень не могуць памераць. 

Працавалі коньмі. Але скарэй давалі рады, чым сёння трактарамі. 

Калі быў неўраджай, людзі не галадалі, бо дзяржава памагала.

“Паны” 

Жылі ля нас паны: Лысы, Радзевіч, Незабітоўскі. Банцарэвіч такі быў. Зарабіў чалавек у Амэрыцы грошы, вярнуўся і купіў маёнтак. Харошы дом быў, мураваны. А потым іх усіх вывезлі рускія. Адзін Незабітоўскі разам з кіроўцам паспеў уцячы ў бок Літвы. Але што з ім стала – невядома. На іхнай зямлі людзі саджалі, а дамы дык некаторыя парабкі паразбіралі. Сёння павыдумлялі, што паны, нібыта, мучалі мужыка. Казкі ўсё гэта. Хацеў чалавек зарабіць, дык ішоў да пана. Лес рэзалі, чос часалі, ідзі, калі хочаш, зарабляй. Харошыя былі людзі гэтыя памешчыкі. У пана Незабітоўскага, які быў міністрам сельскай гаспадаркі, былі ў Хатаве спіртзавод, піларама, рыбгас, а потым ён меўся ткацкую фабрыку адчыніць. Людзі сеялі лён, здавалі б, а ён бы яго перарабляў. Улада паставіла яму ўмовы, каб даваў людзям працу, а іначай забяруць гаспадарку. Дык паны ўсе стараліся, каб людзям работу даваць. Тыя, што ў пана працавалі, самі жылі, як паны. У Незабітоўскага каровы з аднаго боку свае былі, а з другога – парабкавы. Дык пыталіся людзі: “- Пан, чаму ж тут парабкавы каровы стаяць”? А ён кажа: - “Як будуць тут стаяць, прыйдзе парабак даваць сена сваім, дык і маім дасць, а як будуць адны, дык маіх можа і не пакарміць”.

Бывала чалавек украдзе ў пана ў лесе якую хвойку, дык Незабітоўскі да цёшчы такіх адпраўляў. А тая казала: “- Ідзі у касцёл, паспавядайся, вызнай грахі і я табе дарую”. З панам і дамовіцца можна было. Жанчыны жаць прыходзілі і пан кажа адразу цану - 2 злотыя. А бабы кажуць: “- Не, за 2,5 зл.”. “Добра, - кажа пан, - жнеця”. Вечарам плаціць і запрашае на заўтра. Бывала, калі часам не было грошай, дык ён выбачаецца і просіць, каб заўтра дазволілі заплаціць. Жанчыны смяюцца:  - “Добра, плацеця заўтра, будзе больш грошай”.   

Парадак

Парадак у вёсцы пільнавала паліцыя. Але не шмат, пару чалавек. Не тое, што цяпер. І працы ім надта не было. Кралі раней, як людзі казалі, цыганы, яны коньмі займаліся. Пра тое, што забіў нехта чалавека – рэдка было чуваць. Гэта дзівам было. Помню, каля Гуменаўшчыны забілі хлопца ў лесе. Дык кожны на дарозе, каля крыжа, лусту хлеба кідаў, яйка на Вялікдзень, нават пучок саломы. Бо рэдка забівалі чалавека. Дык цэлы курган быў каля крыжа. 

Раней іншыя былі парадкі. Так шмат і гарэлкі не пілі. Вып’юць бутэльку на траіх. Дык яны людзей бачаць, а людзі іх бачаць. Больш гонару было ў людзей. А цяпер панапіваюцца да покату, што людзей не бачаць і людзі такіх бачыць не хочаць, бо свіння ляжыць. Нап’юцца, ляжаць пад плотам і бывае ж яшчэ што ўтвораць.  

І чыноўнікаў уперад меней было. Не так, як цяпер. У гміне сядзеў начальнік, сакратар і выкідайла. Бывала нехта часам зашчацініцца, то выкідайла за каўнер яго і выкідвае з будынка. Але за Польшчай столькі начальства не было, як цяпер у Мінску. 

Харошыя людзі былі, прыветлівыя, памагалі адзін аднаму. І сёння ў нас харошыя людзі. Наш народ працавіты. Яму толькі дай свабоду, дык ён цябе закідае хлебам і ўсім, горы зверне. Але ж цяпер не хочуць, каб людзі самі на зямлі працавалі, хочуць, каб калхозы былі. А што ты з тых калхозаў возмеш?

17 верасня 1939 года

Яны прыйшлі ў нядзелю. Ідуць, бачаць, што ходзіць на полі 5 кароваў, конь, то і пытаюцца: “- А што гэта за памешчык у вас”? Людзі кажуць: “- А які ж гэта памешчык, гэта гаспадар звычайны”. Дык яны на гэта кажуць: “- Ого, у нас такіх хадзяінаў даўно след прастыў”. А яны ж акурат заходзілі ў нядзелю, усе былі хораша апранутыя, да касцёла ж ішлі, дык рускія думалі, што ўсе навокал паны паадзяваныя. Але людзі нашыя іх не баяліся. Нават стрэлу ніводнага не было. Усіх жа ваенных раней забралі пад Нямеччыну, супраць немцаў ваяваць. А тут, на табе, нож у спіну з Усходу. Рускія як прыйшлі, так і пайшлі. Толькі пазней вярнуліся, каб сваю ўладу ставіць. Рабілі сходы, людзі галасавалі. Цяпер дык ніхто нікога не збірае на сходы. Нямашака нічога. Самі недзе там галасуюць і прызначаюць. А ўжо ў 1940-ым пачалі вывозіць людзей у Сібір. Во дзе канец света быў. Вельмі шмат павывозілі, ды самых лепшых, працавітых і харошых людзей. І нас хацелі вывезці, але свой іхны кажа: “ -Дык калі мы будзем такіх вывозіць, то ўсю вёску вывязем і людзей не застанецца”.


Немцы

Потым у 1941 прыйшлі немцы. Рускія паўцякалі. Хто не паспеў, дык у лесе хаваўся. Немцы спачатку нікога і нічога не чапалі. Потым ужо, калі патрэбная была рабочая сіла, дык бралі мясцовых. Было многа нашых там на рабоце ў Нямеччыне, а потым ім яшчэ немцы кампенсацыю плацілі. Але мы тых немцаў мала бачылі. Яны як прыехалі, так і паехалі далей. Парадкі мала змяніліся. Людзі і далей на зямлі працавалі. Немцы нічога не забіралі. Было так да пары, пакуль немцам не пачалі даносіць. Былі падлы свае, што пісалі на суседа даносы, дык немцы маглі і застрэліць. Пісалі, напрыклад, што нешта сказаў на немца, ці што партызанам памагаў. Раз прыехалі немцы па даносе ў Слабаду, арыштавалі цэлую сям’ю, загналі ўсіх у гумно і запалілі. Толькі мужык неяк камень адваліў ад сцяны і вылез. Астаўся адзін. Жонка і дзеці згарэлі. Немцы дазналіся, што ён выжыў і загадалі прыйсці. Вот ён прыйшоў. Расказаў, як усё было дык немяц кажа: “- Уставай і ідзі, жыві хоць 100 гадоў. Ты ўжо і так мёртвы, цябе ўжо нямы сярод жывых”.  

Мужчыны тады ўначы ставілі крыжы, каб вайна хутчэй скончылася, каб спакой у свеце быў. Жанчын ткалі фартушкі, абвязвалі імі крыжы. І за ноч так крыжы ставілі. А саветы потым варочалі гэтыя крыжы. 

Даносы

Паскудных і сярод сваіх хапала. На аднаго напішуць немцам, што патроны партызанам даваў, другі, што каня мяняў. З аднэй хаты, дык помню, бацьку і трох сыноў немцы забілі. Майго брата тады стрэчнага забілі. Харошы чалавек мой брат быў. Надта ж разумны. У Рубяжэвічах вучыўся.  Неяк паліцыя прыехала, дык кажуць: “- Ідзі, прайдзіся па вёсцы, скажы, каб людзі аўса далі коням”. Ён і дас зайшоў на футар. Дык брат мой стрэйшы, Мікалай, кажа: “- Не цягайся, бо яшчэ што якое”. А ён кажа: “ -Чаго мне баяцца, я ж нікуды не замешаны”. Пайшоў дадому, павячэраў і праз дарогу да суседа зайшоў. Жонка таго суседа была нашай пляменніцай. А той чалавек быў у спісе немцаў. Дык як немцы прыехалі, то той чалавек паспеў уцячы да цёшчы ў суседні Лубень. А наш застаўся там, у сястры. А паліцыя прыйшла арыштоўваць: “ -А дзе хадзянін?” – “Няма”. – “А гэта хто”? – “Сусед”. А што яны ведаюць хто гэта! Кажуць: “- Хадзем, там разбярэмся”. Ім абы забраць каго, іх праца такая была. Прывезлі ўсіх у двор да Гардзіеўскіх, пачалі дапытваць. Можа б трохі пабілі і адпусцілі. Але як раз тады ехалі партызаны каля вёскі. Стаяў пост, але яны не спыніліся і давай уцякаць. Адзін саскочыў з каня і пачаў уцякаць. Немяц стрэліў. Глядзіць - дык гэта ж партызан і кажа: “ - Вы тут усе партызаны”. На заўтра павязалі гэтых людзей за рукі лейцамі. Вывялі, паставілі. Была прыехаўшы паліцыя з Івянца. Шэф раз стрэліў угару, а паліцыя потым восем разоў у тых людзей. Пастралялі і паехалі ў Івянец. І цяпер гэтакіх дурняў хапае, якія даносяць.

Блізка смерці

І на мяне ж тады напісалі данос, што шыю вопратку партызанам. Дык мяне адна жанчына выратавала. Яна сама была з Хатавы. Я з ёй пазнаўся на танцах. Ішоў я раз па вуліцы (гэта шчэ да вайны было) і бачу: пярсцёнак ляжыць. Падняў. Іду далей і бачу: тая дзяўчына шукае з сястрой на зямлі нешта, плача. У смецці капаліся. Я зразумеў, што той пярсцёнак шукаюць. Няма ды няма. Я іду і думаю: пэўне іхны пярсцёнак. Падыйшоў і пытаюся: “- А што зрабілася”? “ - Пярсцёнак гэтая авечка згубіла” – кажа яе сястра. Я кажу: “- Марыся, дай руку, я гляну, хто яго падняў і ці вернецца пярсцёнак”. Дзяўчына выставіла руку, а я пярсцёнак раз і на руку ёй паклаў. “- Чым табе заплаціць?” – пытаецца. Я кажу: “- Чым ты мне заплаціш, вот некалі як пойдзеш замуж, то скажаш мужу, што хлапец знайшоў пярсцёнак і аддаў”. І так сталася, што яна потым выйшла замуж за намесніка міністра Незабітоўскага, яго звалі Пазнаньскі. Ён быў немяц, але ўмеў па-польску гаварыць. Ніхто і не ведаў, што ён немяц. Як рускія прыйшлі, то ён да цесця ўцёк, ніхто не выдаў, што гэта чалавек Незабітоўскага. А ўжо як немцы прыйшлі і зрабілі пастарунак, то ён пайшоў на перагаворы і астаўся ў іх перакладчыкам.

І неяк раз прыслалі мне павестку, каб я явіўся ў пастарунак, калі не яўлюся, то ўсю сям’ю пастраляюць. Дзе ж ты не пойдзеш! Тры браты, сястра, матка. Я як выходзіў, то ўжо і развітаўся з усімі. Іду туды і яна ідзе, метраў 50 ад пастарунка, Марыся. Многа год не бачыліся, але пазналі адзін аднаго. “ - А ты куды?” – пытаецца. Я паказаў павестку, дык яна за галаву схапілася. Кажа мне: “- Пастой вунь там, на павароце і чакай мяне”. А яна пайшла ў пастарунак. Я там можа пастаяў 30 хв. Бачу, што ідзе назад і кажа мне: “ -Ідзі, але гавары па-польску. Мой муж сядзіць за сталом, перад ім пісталет. Гавары памалу і не спяшайся. Будзе мой Пазнаньскі цябе дапрашваць”.

Я прыйшоў, сеў і яны мне адразу: “- Рус, рус”. Я кажу: “- Не, пане шэфе, я поляк”. Той пазнаньскі перакладае немцу і кажа: “- Ты  маеш зьвязь з партызанамі і ім шыеш. Я кажу па-польску далей:  “- Я два гады таму машынку закапаў, на раллі працую”. “Чаму не ідзеш у паліцыю?” – пытае. Я кажу: “  Не завуць, не ведаю, ці здольны”. Пыталіся пра сям’ю. Я па-польску кажу, а Пазнаньскі немцу перакладае. Пытаецца: “ -А што вы робіце, як бандыты едуць?” Я кажу: “- Лажымся ўсе ў адзежы, а брат на варце стаіць. Як сабакі стануць брахаць, то адзін за карову, другі за каня і да лесу, бо каля лесу жывем”. Потым яны нешта доўга гаварылі. Тады Пазнаньскі і кажа мне: “- Пан шэф пану даровал”. Помню сходы былі высокія, але не ведаю, як я з іх сыходзіў, можа я ляцеў у паветры. Ужо як адыйшоўся з паўкіламетра, то тады адумаўся, што я дадому іду. Як сказаў ён мне, што свабодны, дык усё роўна, як мне хто ліхтаром пасьвяціў у вочы. Каб не тая жанчына, то цяпер ляжаў бы на могілках. Не дай вам Бог бачыць тое, што я перажыў.

Партызаны

У нас амаль не было партызанаў. Было больш каля Налібак, у пушчы. Але яны таго немца і не бачылі. Яны толькі цяпер славяцца. Прыходзілі да нас, як есці трэба было. Бралі каня ці карову і павялі. Нічога яны ў нас не пыталі. І нічога ім нельга было сказаць. Калі хто супраціўляўся, то ляснуць раз і ўся гутарка. 

У Налібаках партызаны забілі больш як 100 чалавек. Гэта ж падумаць, цягаліся тут па вёсцы разам, зналі гэтых людзей, бралі ў іх есці, а потым прыйшлі і ўсіх пазабівалі. 

Партызанаў было ў пушчы 17 тысяч, а ў Івянцы немцаў было можа з 10 чалавек. Паліцыя была. Дык яны і Івянца нават не разбілі. Яны толькі ваявалі з мужыкамі: за карову, за адзежу, цягалі ўсё. Яны немца і не бачылі. Раз ідзе партызан, ён сам з Ляўкоўшчыны быў. Ішоў у Навікі, каб прыдбаць нешта. А побач мой брат Мікалай ідзе. Дык брат кажа: “- Слухай, вазьмі ты хоць раз стрэльні. Бо колькі вайна ідзе, я яшчэ ані разу стрэлу не чуў”. Дык ён адказвае: “- Няма шомпала, не магу страляць. Няма чым патрона выбіць”. Вот табе і партызан. Што тут казаць. Я ж ім шыў. Ані разачку не прывезлі нічога нямецкага. Толькі палатно якое, бабскае. Бабскія сукенкі, кашулі. Раз прыносіць партызан кажух. Кажа: “- Во, з немца зняў”. Гляджу, дык гэта ж мая работа. Падвярнуў кішэню і гляджу, во вышыта маёй рукою імя хлопца, якому я шыў. Бо раней, бывала, калі танцы, усе паскідаюць кажухі, і каб не перамяшаліся, то я вышываў імёны на кішэні. “А дзе ты,  - кажу, - яго ўзяў”. “З немца сарваў” -  адказвае. “Ах - кажу, - тваю маць, гэта ж во мая работа. Ты ані разу немца не бачыў. Во такі ты ваяка”. 

Уцёкі 

Прыехалі яны раз да мяне на футар і загадалі, каб збіраўся ў лес. Забралі і паехалі ў суседнюю вёску Тонавы, каб шчэ болей браць. Двое пайшлі ў вёску, а адзін з намі застаўся. Была ў нас пры сабе гарэлка. Мы паставілі яму тую бутэльку і прапануем выпіць. Ён за пару хвілін напіўся і ляжыць, спіць п’яны. А мы ходу ў лес. Далей на дарогу, там пераначавалі і дадому. Дык раз ізноў за мной прыйшлі. Мяне не было дома. Брат кажа: “- Вы ж яго забралі, дзе вы яго дзелі?” Трохі хаваліся, а потым аціхла ўсё.

Потым прычапіліся да мяне, каб шыць ім на машынцы.  Я пагадзіўся. Дома – гэта ж не ў лесе. Каб я не шыў на машынцы, то і не выжыў бы. Машынку я некалі яшчэ за Польшчай купіў, ёй ужо больш за 80 гадоў. Год цэлы на яе працаваў. Шыў на іншай, потым дадаў грошай і купіў за 200 зл. За гэта можна было тады 3 каровы купіць. А на рэшту купіў сабе ровар. Тады гэта вялікая рэдкасць было. Тры ровары на ўсю вёску было. 

Канец вайны

Як прыйшлі ў 1944 годзе ізноў рускія, то пачалі браць у войска, на фронт. Хто запісваўся беларусам, то адразу на перадавую кідалі. Хутка і пахаронкі прыходзілі. У нас так 8 хлопцаў прапала. Я пісаўся палякам, дык мяне не ўзялі. Сталін баяўся, што як дасць палякам зброю, то бунт зробяць у войску. 

Як вайна скончылася, то ізноў пачалі людзей у Сібір вывозіць. 

Калхозы

У 1950 годзе я ажаніўся. А ў 1956 годзе мы з жонкай пераехалі ў Налібакі. Там быў саўхоз, а ў нашых Русаках – калхоз. У Налібаках плацілі грашыма, можна было зарабіць і купіць нешта ў краме. А ў калхозе ходзіш-ходзіш і нічога. 

Мой брат запісаўся у калхоз, дык адразу забралі трое коней. Воз, барану, плуг, збожжа. Але спачатку, пасля вайны, саветы налажылі “падстаўкі” на людзей. Мы плацілі ажно 150 пудоў” падстаўкі”. Многія трымаліся спачатку падалей ад калхозаў, але потым пачалі запісвацца, бо да ніткі абіралі. Пачалі ўжо гнаць людзей з футароў назад у вёскі. Цягалі гэтых людзей, бо рабіць ім не было чаго.



“Савецкі рай”

Раз брат мне кажа, што трэба дамалаціць жыта на “падстаўку”. Я ўзяўся яму памагаць. Мы ўжо малоцім цапамі. Прыязджаюць да нас. “ - Дзе падводы?” – пытаецца першы сакратар. Ён з прадсядацелем прыехаў і фурманам. Брат кажа: “ - Во, дамалачваю ды павязу” – брат кажа. А той узлаваўся: - Што ты, блядзь кулацкая, фсе срокі мне срываеш?! А я, як стаяў з тым цэпам, дык і думаю сабе, ах ты паскуда прыблудная, я ж табе зараз гэным цэпам па гарляку перацягну. Кажу яму: “- Как вам не стыдна, старава чэлавека блядзью называць, гэна вы такія парадкі ў Савецкому союзі хочаце строіць?” А ён на мяне глянуў ды кажа: “- Штоооо?” А я сціскаю цэп і іду ў ягоны бок, а ён са страху адскочыў ажно. – “Чаго вы скачаце, я ў хату вады іду напіцца" - кажу ўжо яму. А быў з ім прадсядацель, неблагі чалавек, ён і кажа яму: “- Успакойцесь, эта харошые людзі”. Я пайшоў у хату, выпіў вады, вяртаюся з цэпам, а той гіцаль даў драла пад дрывотню. Во, браток ты мой, яны ўсе адважныя пакуль мы іх баімся.

Праз пару дзён пасля гэтага я працаваў у лесе. Прыселі мы адпачыць. Бачу, ізноў гэныя ўдвох. Я ўжо лёг, ляжу.  Той самы ўсіх апытвае, ці здалі падставу. І да мяне дайшлі. Я ляжу, не падымаюся, падыйшлі да мяне. “Не, не здаў. А чаму? Бо ў мяне нічога няма” - адказваю і паказваю яму на сякеру. Кажу: “- Каб вы такое пацягалі, дык і вы ледзь жывы хадзілі б”. А тады кажа: “- Ладна, я цябе ўжо ведаю”. 

Я працаваў у калхозе толькі два гады. Пасля першага года пайшоў за палучкай, дык на плячах яе і прынёс. Па 100 грам на трудадзень далі. Мяшок за цэлы год. Як пераехалі ў Налібакі, то стала прасцей. Хоць сена можна было зрабіць, пушча ж, лес. Затым 8 гадоў працаваў у сталярнай майстэрні. Рабілі вазы, колы, што закажуць, сані. Нават труны. Нялёгкая праца была. Бярэш сырыя дошкі з піларамы і габлюеш. Заробкі смешныя былі. Жанчыны за 15 капеек у дзень рабілі. Потым я будаўніком працаваў. Раз прымусілі нас салому скірдаваць. Велькі кавалак быў зямлі. Два дні працавала 8 чалавек, а як прыйшлося заробак браць, дык далі ўсяго па 37 капеек на булку хлеба. 

Але ж ужо начальства сабе панажывала. Прадсядацель 15 гадоў быў, дык тры дамы збудаваў у Стоўбцах, дзецям і сабе. А я прарабіў 35 гадоў і што я зарабіў? Нічога нямашака. Цэлымі днямі ішачыў, без станкоў габляваў. Дадуць заробак і глядзіш на яго. 

Некалі, пры Польшчы, як ішоў да пана працаваць, то перад працай ты ўжо ведаў, колькі заробіш. Цэлы дзень касіць – 3 злотыя каштавала (50 кг. хлеба). А ў нас месяц працаваў у калхозе і не ведаў, што дадуць. А цяпер дык і калхозы да ручкі дайшлі. Адзін палявод і сем начальнікаў. 

Камуністы

Як памёр Сталін, то надта ж мы цешыліся. Столькі ж людцоў ён угробіў. Пагавораць два чалавекі вечарам на вуліцы, а на раніцу ўжо і нямашака іх.

Уся гэтая банда жыла дзякуючы нашай працы. Прыедуць начальнікі да прэдсядацеля возьмуць задарма тое, што ім трэба, і паехалі далей. А каб гэта чалавек працаваў на ўласным кавалку, то ён жа не дасць нічога дарма. Правільна, усё начальства крычала і крычыць: калхозы, калхозы. Бо яны ім выгадныя. А мужыку дух вон. Чэсным людзям, якія не ілгалі і не кралі, цяжка жылося. Хітрэйшыя пойдуць уначы на поле і малоцяць сабе збожжа з мэндлікаў. 

Каб жа яны раздалі гэтую зямлю людзям і далі такія ж умовы, якія яны даюць калхозам. Дык яны за 5 гадоў не пазналі б гэнага калхоза. Да нас гадоў з 18 таму прыехаў балгарын у вёску, часьнік, трошкі папрацаваў і людзі вунь як разжыліся. Направіў гэты закінуты кахлоз, бо сам сваё чалавек рабіў. За 3 гады ўсё перарабіў, нават каровы чысценькія хадзілі. 

Цяперашняе

На вуліцы часам бабы кажуць: “- От добра цяпер жывецца, у магазіне ўсяго хапае”. А я тады адказваю: “- Дык а ці ўсё ты гэна ясі, ці ёсць табе за што гэта купіць?” Я б дык на дзень раз еў, абы намі рускія не кіравалі. Некалі мы жылі без іхнага газу, і добра жылі, і галодныя ніколі не былі. І цёпла ў нас было. Мы і без газу перажывем. Во, лес пад бокам. Трэба адмаўляцца ід іхнага газу, шукаць як па-другому жыць, каб толькі Расея нас не чапала, каб жыць дала. 
А гэны наш сам сябе загнаў у кут. Сядзіць, як у крэпасці, а навокал чужыя самалёты. Не дай бог якая трывога, дык Беларусі нашай першай будзе смерць. У яго ўжо нічога свайго няма. Толькі сядзіць. 

Яшчэ мо што Пуціну хто зробіць у самой Расеі. Ён яшчэ можа прайграць сваю Расею, расцягаюць яе на кавалкі. Там жа нямала людзей хочуць сваім розумам жыць. І гэты ў нас такі самы. Увесь свет за Ўкраіну, а ён як прагаласаваў? Чаму Беларусь не ўстрымалася ад голасу? Не хоча праўду па тэлевізары казаць. Рускім каналам я не веру. Паказваюць, што рускім ва Ўкраіне гуманітраку прывезлі: ежу, адзежу. Каторы раз думаю: ах каб вас, думаю, пярун паразбіваў. Па вачах бачу, што ілгуць. Паўсюль жа рускія ёсць, у кожнай дзяржаве. Паўсюль іх прымаюць, дык жывіце вы як людзі, чаго вы да ўсіх чапляецеся? Прыцягнулі да нас сваё войска. Навошта яно нам? Гэты наш, калі што якое, кіне ўсё ды паедзе сабе, а народу што рабіць? 

Ганяць Еўропу, а за машынай дык чаму не ў Расею едуць, а ў Польшчу. Я глухі, ледзь чую. Сяджу, бывае, на лаўцы. Часам чую, што  машына едзе. Ужо здалёк чуваць, што руская машына. Пры цары, дзяды расказвалі, добра людзі жылі. Хлеб ажно ў Амэрыку вазілі. Калі ўжо Амэрыка не брала, бо замнога было, дык у мора высыпалі. Яны ня ведалі, куды хлеб дзяваць. Расея багатая некалі была. Усей свет карміла. А нарэсце да чаго тая Расея дайшла. Я неяк чуў, як Ельцын выступаў: камуністы зрабілі з Расеі палігон і як хацелі, так і ляталі па ім. Як рускія з палякамі ваявалі, дык хлебам коней кармілі, а потым што з імі парабілася? Паслухалі гэнага Леніна, а ён нарабіў вэрхалу. 

Мы 80 год у палоне пражылі. Свайго няма ў нас нічога. Я сам усё рабіў, хату будаваў. Дык яшчэ трэба гэную хату і зямлю выкупляць. Ужо два разы купляў тое, што сам збудаваў, як памру, дык дочкі будуць ізноў выкупляць. А чыя ж гэта зямля?  Што гэта, Лукашэнка зямлю гэтую прывёз? Гэта нашых дзядоў-прадзедаў зямля. Яны кроў за яе пралівалі. Босыя і галодныя хадзілі, каб толькі дзецям у спадчыну зямлю перадаць. 

Запісаў Дзмітры Гурневіч

24 comments:

  1. гэта проста няма словаў, як добра дзед кажа!
    дай Бог кожнаму да гэткіх год у гэткім розуме дажыць.

    ReplyDelete
  2. Вот интересно!!! вы специально публикуете мнения людей, которые порддерживает 5 % населения. Редакция печатайте не однобоко. Ну давайте разберемся, что мы вытяним без РФ )))) это утопия все наши товары нужны только там. Как мне знакомы с майдана говорят вы идите от Раши и будете кормить всю Европу, а ну да ну да конечно, только поеште польских продуктов, которые в 2 раза дешевле и подумайте кто будет кого кормить. Маз МТЗ и Белаз вообще только русские могут покупать слов нет. Экспорт нефтепродуктов без льгот восточной соседки нерентабелен!!!! Остаются калийные удобрения, но и они торгуются как оказывается по хорошей цене только в кооперацией с сами знаете с кем. Ах да транзитная территория лес и т.д и т п, ну сколько они нам дадут рабочих мест, точно все эти предприятия не заменят. Поэтому если вы хотите что бы вас читали и к вам прислушивались. Давайте объективно. Моя просьба, так нехватает объективных материалов.То у власти маразм в информации, то у вас (уж не ругайте) все тоже самое только наоборот

    ReplyDelete
    Replies
    1. Вылыйце нам сваё меркаванне, аформленнае ў кантэксце тэматыкі нашага сайту і мы яго апублікуем, калі вы ўраджэнец альбо жыхар Налібацкага краю. Так што ваша праблема цалкам надуманая.

      Што да рэшты. Дык а хто кажа, што трэба разрываць гандлёвыя адносіны з Расіяй? Мы суседзі і трэба жыць у згодзе, сябраваць і гандляваць. Але ці трэба прадаваць аднаму суседу стратэгічныя прадпрыемствы, дазваляць яму размяшчаць тут свае ваенныя базы, аддаваць ёй культурнае і інфармацыйнае поле. Ва ўсім павінна быць прапорцыя, а ў адносінах з нашай усходняй суседкай яе няма, на жаль. Пахне паталогіяй.

      Вашыя прэтэнзіі наконт аб'ектыўнасці ўвогуле не да месца. Гэта краязнаўчы сайт, прысвечаны гісторыі. І гэты матэрыял ці не першы ў якім герой выказвае адносіны да справаў сённяшняга дня. А наконт чытаемасці, дык за суткі яго прачытала больш тысячы чалавек.

      Маеце думку - высылайце і мы апублікуем. Хочаце, каб з вамі зрабілі размову, як з герояем гэтага матэрыяла - давайце кантакт. Калі ж вы прыйшлі проста так, каб пагаманіць ананімна, то веры вам няма і вашыя словы - пустазвонства.

      Доброга вам дня :-)

      Delete
    2. для AnonymousMay 2, 2014 at 4:46 AM
      Чем больше людей думает как вы тем хуже..чарка..шкварка..мазы..белазы..

      Delete
    3. "Маз МТЗ и Белаз вообще только русские могут покупать слов нет." - Нам бы научиться конкурентноспособный товар производить, и продавать научиться. А не на восток ссылаться.

      Delete
  3. Ну да, давайте остальных 499 долгожителей проинтервьюируем.

    ReplyDelete
    Replies
    1. Давайце, інтэрвіруйце. А ў чым, па-шчырасці, праблема. За работу!

      Delete
  4. Нiбы свайго дзеда паслухаў, ад пачатку i да апошняй кропкi. Мы з берасцейшчыны.

    ReplyDelete
  5. cпасибо. очень интересно.

    ReplyDelete
  6. прабабка со Щорсов, тоже недалече от налибокской пущи. Про партизан также рассказывала

    ReplyDelete
  7. Кожнаму б мець на старасці такі розум. Які цудоўны дзед! Так добра кажа! Вельмі нагадаў размоваю майго дзядулю, які жыў зусім недалёка ад Налібак.

    ReplyDelete
  8. Vialiki dziakuj Vam Dzmitry za pracu. Na samoj sprave, naliboki.org - krjaznauchy partal a ne show "Duel' z Salauevym"...
    I vel'mi dobry dy pa dzelu adkaz usim nezadavolenym - rabicze svau pracu, dyk vas i pabachacz'

    ReplyDelete
  9. Как редактор могу только порадоваться: чистая работа, хороший монолог. Автору отдельная благодарность за сохранение" братка ты мой" - и, еще раз подчеркну, одновременно чистую, простроенную работу. Редко встретишь такие материалы.
    Как житель же Беларуси считаю, что такие материалы бесценны.
    Но капча у вас тут просто зверь:0)

    ReplyDelete
    Replies
    1. Дзякуй за добрае слова) Ну, а капча - гэта не мы))

      Delete
    2. Цудоўна, дзякуй.

      Delete
  10. Деда поддерживаю на 100%. Человек рассказал реалии жизни при коммунистическом режиме, который продолжает нынешняя власть!

    ReplyDelete
  11. Дима, спасибо большое, что делаете то, что делаете. праўнўчка старога Цыбулi з Налiбок Кацярына

    ReplyDelete
  12. Дзякуй вялікі за дзедаўскі аповед! Пазнавальна і карысна для сучаснікаў!

    З павагай, Васіль Грыбоўскі-Гурыновіч

    ReplyDelete
  13. Вельмі змястоўны аповед ад сучасніка ўсіх апісаных падзей. Так ён успрымаў жыццё. За ім праўда. Вялікі дзякуй!

    ReplyDelete
  14. Спасибо Яну Чарняцу! С удовольствием прочла его взгляд на ход истории и на современное время. Спасибо за статью!

    ReplyDelete
  15. Дзякуй вялiкi, вельмi цiкава!

    ReplyDelete
  16. Дзякуй вялікі, тое самае чуў i ад сваiх продкаў.

    ReplyDelete
  17. файны дзед, вельмі цікава апавядае ) слухала б і слухала такога, на жаль няма ў мяне жывых ні бабкі, ні дзеда

    ReplyDelete
  18. файны дзед, вельмі цікава апавядае, слухала б і слухала такога, на жаль сваіх дзядкоў-бабуль ужо няма..дзякуй за матэрыял

    ReplyDelete