Monday, May 5, 2014

"Мне сказалі, што я паехала ў лагер ахвотніцай у заработкі"













Напярэдадні чарговай гадавіны заканчэння ІІ сусветнай вайны запрашаем пазнаёміцца з успамінамі 90-ай жыхаркі вёскі Янкавічы Стэфаніі Макавай. Гэта праўдзівая карціна жыцця нашых людзей ад даваеннага часу да сённяшніх дзён.




Знаёмства

Мяне завуць Стэфанія Макава, бацька зваўся Імпаліт. Жылі мы перад вайной на сваёй зямлі, працавалі. Мелі валоку зямлі, гэта 20 гектараў. Лес свой мелі, сенакос. Цяпер там усё парасло дзірваном, ніхто ёю не займаецца. Скончыла я 3 класы польскай школы. Ужо як рускія зайшлі, дык мама сказала, няма чаго ісці ў школу, трэба кудзелю прасці.

Вайна 

Потым прыйшоў немяц і ўсіх нас паразлучаў. Тату забілі немцы ў нашай Вайнілаўшчыне. Мама тады хлеб мясіла ў хаце. Выйшлі мы на двор і давай уцякаць. Уцякалі праз высокія каноплі да дзядзькі. У яго мы і засталіся, а сваю хату кінулі. На другі дзень прыехаў немяц конна і загадаў, каб да 20.00 гадзіны мы ўсе выехалі. Нас накіравалі ў Налібацкую Рудню. Потым цётка нас забрала ў Кляцішча. Неяк перазімавалі. Не пусцілі нас дадому ані жыта сабраць, ані бульбу выбраць. Усё папрападала. 

У Паўдарожжы дык людзей сагналі ў восядзь, зачынілі ўсё, падлілі бензінам і запалілі. Усе пагарэлі людцы, толькі адзін мужчына выратаваўся. Потым, як шукалі там каго, дык бачылі, што людзі хавалі пад сабою дзяцей. Гэта ўсё немцы, сволачы. 

Развітанне з домам

Вясной толькі сталі араць дык немяц ізноў прыйшоў. Усіх, хто быў дарослы, немцы хапалі, кідалі на машыны і вывозілі. Схапілі і мяне. Мне было ўжо 16 гадоў. Прывезлі ў турму ў Стоўбцы. Мы ўжо думалі, што нас пазабіваюць. Надта многа было там партызанаў. Яны ляжалі, прывязаныя на ланцугах. Потым гэтых партызанаў завялі на могілкі, прымусілі капаць сабе ямы, і ўсіх расстралялі. І мы ўжо чакаем сваёй чаргі. Усе плакалі. А праз два дні прыехаў цягнік і нас забралі ў Нямеччыну. Везлі ў адным цягніку з коньмі і цялятамі. 

Прымсовыя працы

Прыехалі ў Чэхаславаччыну. Працавалі там на фабрыцы. Тыдзень у начную змену, тыдзень удзень. Жалеза цягалі, трубы ў вагонь кідалі, шкло ў печ. На машынах сядзелі. За дзень 100 трубаў трэба было ўпарадкаваць. Холадна там было, вецер моцны быў, і ён гэты пясок кружыў. Мэнчыліся мы там. Сцены баракаў былі з досак, а паміж імі апілкі. Холадна было вельмі. Дык мы туліліся адна да адной, каб цяплей было. На тыдзень давалі кілю чорнага і паўкілі белага хлеба. 300 грам цукру, масла і вот усей наш паёк. Бывала чэхі ў кішэню ўсунуць лустачку хлеба, а я яе потым з’ем дзе ў калідоры. Не сказаць, каб над намі там здзекваліся, але аднойчы адна руская скрала гадзіннік у некага. Яе забралі. Дабравата яе не было. Калі ўжо вярнулася, то была белая і худзенькая. Казала, колькі жыць буду, нічога больш не ўкраду. Яе загналі ў падвал, прывязалі да слупа і выпусцілі пацукоў. Дык пальцы былі паабгразаныя. Я, як ішла дзе, дык бывала нават баялася яблык з зямлі падняць. 

Разлука з сям’ёй

Мама мая была ў лагеры ў Аўстрыі, там памерла. На пахаванне мяне не пусцілі. Сястра яшчэ была ў мяне, ёй было 10 гадоў. Толькі аднойчы я атрымала вестачку ад яе, што яна ў Гданьску доіць кароў. Пашпарту ў яе не было, ніякіх дакументаў ёй не выдавалі. Таксама мы з ёю разлучыліся. Не ведаю, што з ёю сталася. Я яе ніколі пасля вайны не бачыла. 

Там мы былі 2,5 гады. Потым я вярнулася. Жыла ў другой сястры. У яе быў муж памёр, дык мы разам аралі і сеялі. У яе ажно пяцёра дзяцей было і сама засталася яна. А потым як стаў калхоз, дык раскідалі гэтую вёску Балевічы на дровы, а людзей адтуль выселілі. 

Свая сям’я

Потым замуж выйшла. Але вяселля ніякага не было. Хлеба нават не было. Партызаны ў вайну сабе хапалі, немцы сабе, а ў нас нічога і не засталося.   І ў яго бацькоў не было. Сірата-сіратой. Гэдак злучыліся. Спачатку жылі ў зямлянцы. А потым, як трое дзяцей ужо было, паехалі дрэва прасіць. Мы трохі грошай сабралі, каб хатку паставіць. Дык неяк зрабілі і хатку. І вот мне ўжо 90 гадоў. А адкуль жа яны прыляцелі, тыя гады? Мне здаецца, што я ўчора прыехала, а сёння тут хаджу (плача).  

Ажаніліся мы, а потым пачалі хапаць людзей у армію. І майго тады асудзілі, як дызертыра. На 10 гадоў. У Магадане ажно быў. Ён і так бы не пайшоў у войска, бо ў яго адна нага карацейшая была. Але доктар хабар пачаў прасіць, каб далі. Ён і заплаціў. А потым уначы прыехалі і забралі з хаты майго Мечыка. У мяне тады ўжо было адно дзіцятка. Год і два месяцы (першая дзяўчынка памерла). Дык я адна яго гадавала, арала, сеяла. А потым пачалі калхозы рабіць. Усё забралі, што я мела. Толькі дзіця адно асталося. І так адна чатыры гады жыла. А потым, як Сталін памёр, яго пусцілі. Выехаў улетку і вярнуўся ўвосень. Там ён больш глядзеў за прарабавай сям’ёй. Хату мыў, за дзіцем глядзеў, печку паліў, рыбу яму лавіў. Быў яго служачым.  

Без мужа

А мне адной цяжка надта было. Бывала, малога да дзядзькі ягонага занясу, а сама на работу альбо па дровы. І ў хаце малога замыкала ды ішла працаваць, а яму накідаю цацак. Якія там цацкі, вот карчажкі якой, а ён хаткі будаваў, студні. Ніхто не памагаў, не было ў нас нікога. Калгас нічога не памог. Не даваў ані сена на карову, нічога. Хадзіла красці сена пад навес. Думаю, ах вы гады, не далі мне сена, ну дык я ў вас украду. Вазьму дзяружку і насіла так. Трэба ж было малачка. А грошай няма. Дадуць у канцы года які рубель і кілю зярна. Але мне хапала. Дзякуй Богу вот, што не злавілі. Я ішла з Богам, ішла і пацеры гаварыла. Хай прашчае Бог. І ксёндз мне пазней казаў, што гэта не грэх, бо мы ж яго і ссенавалі, і скідалі. А прадсядацель страшна кепскі быў. Нічога не даваў. Нават саломы. Цяпер дык колькі хочаш саломы можна браць. Ён быў прыезджы, не наш, з Расеі. Страшны быў чалавек. А работа ж цяжкая была. Сярпамі жанчыны жалі. 

Падаткамі абкладалі. А я ж без мужа. Як плаціць? Вот былі дзяўчаты, ніхто не браў, без дзяцей. Дык халасцяцкі падатак казалі плаціць. 

Пасля смерці Сталіна

І раз у радзіве сказалі, што Сталін памёр. Дык я моцна радавалася. Слава Богу, думаю, муж вернецца. Цяжка было дровы цягаць, усё адна. 

Я пайшла ў калгас працаваць, а муж працаваў на лесапілцы. Сказаў, што ў калхоз ён не пойдзе. Так і жылі. Усё рабілі разам. Удвох па дровы ездзілі. Я рада была. Ён хацеў раней у Польшчу ехаць жыць, але я адгаварыла. І так усё самім трэба рабіць, кажу яму. Будзьма жыць тут, кажу, ёсць кавалак хлеба, кароўка, трое дзяцей і дзякуй Богу. Ён пражыў 82 гады і памёр ад хваробы.

Крыўда

Уперад давалі трохі кампенсацыі за тое, што немцы вывозілі на работу. Дык потым больш не далі, сказалі, што я сама на заработкі паехала. Раней да пенсіі дадавалі, а потым перасталі. Дадалі за лагер 2 гады стажу. Ніякіх льгот не далі. Кажуць мне: “- Вы ахвотніцай паехалі”. А якая ж я ахвотніца была? Свету не бачыла, вочы ад плачу папухлі. А потым больш і не прасіла. Каб з гэнымі грашыма. Збіралі ўсё жыццё на кватэру дзецям. На кніжку лажылі. Усё згарэла, дык паўтара мяшкі цукру далі за гэта. 

Сёння

А цяпер дык дзякую Богу, што на сваіх нагах хаджу. Малюся Богу. Ёсць тут у нас каплічка у вёсцы. Яна і за палякаў стаяла, і за немцаў, і за саветаў. Але неяк раз прыехалі са Стоўбцаў і загадалі брыгадзіру сцягнуць яе. І ўсе яны паўміралі даўно, тыя, што цягалі. А мы яе адваявалі і паставілі назад. Мы там ў маі молімся. Як памрэ хто, то каля каплічкі молімся, развітваемся з нябожчыкам. Як гэта, каб без каплічкі. Хто доску, хто дзве, так і склаліся. А той быгадзір дык на мацыклеце разбіўся. Бог пакараў. Трэба па-божаму жыць. А без Бога і я не дала б рады.

Ганна Шарэнда і Павал Сітнік, Беларускі ахіў вуснай гісторыі (поўнае відэа)
Тэкст: ДГ

No comments:

Post a Comment