Monday, December 15, 2014

“Белпошта” выпусціла маркі з лога Налібацкай пушчы











Напрыканцы лістапада Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі выпусціла ў абарачэнне счэпку з чатырох марак пад назвай «Налібоцкая пушча». Мастак Аляксандр Міцянін. Дызайн Ганны Малаш. Памер марак 28х40мм.

На марцы выкарыстанае лога Налібацкай пушчы, распрацаванае краязнаўцам і дызайнерам Дзянісам Салашам пры ўдзеле гісторыка і папулярызатара пушчы Алеся Белага. У дадзены момант лога з’яўляецца сімвалам нефармальнай групы падтрымкі Налібацкай пушчы.


Лога было распрацаванае ў 2012 годзе падчас семінару па брэндынгу Налібацкай пушчы. Галоўным элементам лога была абраная птушка зімарадок. Распавядае Алесь Белы:

"Па-першае, налібацкая папуляцыя зімародка самая вялікая ў Беларусі. Статус Налібацкай пушчы як тэрыторыі, важнай для птушак нададзены праз 3 віды, у тым ліку зімародка. І да таго ж, дзякуючы БССРаўскаму фільму "Зімародак" гэтая птушка нясе пабочную "партызанскую" сімволіку. Сімвалізуючы тым змаганне партызанаў савецкіх, польскіх, габрэйскіх супраць нацызма ў гады 2-й сустветнай вайны".

Дызайн лагатыпу быў падрыхтаваны Дзянісам Салашам у 3-х моўных версіях: па-беларуску, па-польску і на іўрыце.

“Белпошта” проста выпадкова знайшла яго ў Інтэрнэце, калі рыхтавала выпуска марак, і звярнулася да аўтара з просьбай выкарыстаць” – дадае Алесь Белы.

Аўтары спадзяюцца, што трапіўшы на паштовыя маркі, лога атрымае болей шанцаў і для афіцыйнага прызнання.

Налібацкая пушча - адзін з самых вялікіх лясных масіваў Беларусі, які размяшчаецца ў басейнах правых прытокаў Нёмана - Бярэзіны і Усы, сягаючы да Ашмянскіх град на поўначы і Мінскага ўзвышша на ўсходзе.



Налібацкая пушча мае вялікае значэнне як унікальны аб'ект біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці.

Зараз на яе тэрыторыі адзначана 30 відаў раслін, 12 відаў беспазваночных жывёл, 3 віду рыб, 3 выгляду амфібій і рэптылій, 29 відаў птушак, 4 віды млекакормячых, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі і Міжнародную Чырвоную кнігу.

Дзмітры Гурневіч.

1 comment:

  1. лагатып - нейкае страхоцце, жах жаХ ЖАХ!

    ReplyDelete