Tuesday, May 5, 2015

Партызаны з Налібацкай пушчы: праўда і міфы













Першыя партызаны на тэрыторыі Налібацкай пушчы з’явіліся ўвесну 1942 года. Рапартаў пра іх дзейнасць не захавалася, паколькі гэтыя атрады ствараліся хаатычна, без адзінага камандавання.  

Буйны бой з удзелам партызанаў адбыўся 9 чэрвеня. 125-ы атрад імя Сталіна разбіў у Налібаках “адзінку эсэсаўцаў, літоўцаў і нямецкіх паліцыянтаў”. Партызаны, паводле ўласных сведчанняў, забілі 22 немцаў, а 4 узялі ў палон. Страт па сваім баку ў партызан не было. Гэтая аперацыя сапраўды адбылася. Партызаны разбілі нямецкі атрад, які накіроўваўся на “антыгабрэйскую акцыю”. 

У нямецкіх дакументах наконт узброенага сутыкнення каля Налібак гаворыцца, што “банда партызан складалася з 90-100 расейцаў, сярод якіх былі снайперы-парашутысты ў савецкай ваеннай форме. Банда была добра ўзброеная і мела пры сабе радыёперадатчык”.

Насамрэч, сярод партызанаў 125-га атрада імя Сталіна не было ані снайпераў-парашутыстаў, ані радыёстанцыі. Гэты атрад узнік увесну 1942 года ў Дзяржынскім раёне і складаўся з былых афіцэраў і салдат Чырвонай Арміі. На той момант у яго не было ніякіх кантактаў з савецкім камандаваннем. Пазней гэты атрад перанёсся ў ваколіцы Налібак і, паводле ўласных сведчанняў яго ўдзельнікаў, здзейсніў нямала акцый падобных на напад 9 чэрвеня. 


Партызаны ў Налібацкац пушчы.

Пачынаючы ад верасня гэты атрад, як сведчаць запісы партызанаў, здзяйсняў замахі на чыгуначнай лініі Менск-Баранавічы. 

Акрамя атрада імя Сталіна ў Налібацкай пушчы дзейнічалі атрад Нікіціна і атрад імя Чкалава. Улетку Цэнтральны шмат партызанскага руху хацеў навязаць з імі сувязь, але з гэтага нічога не выйшла. У той час нямецкія сілы правялм некалькі акцый супраць партызан у Налібацкай пушчы. Але знішчыць іх у немцаў не атрымалася. Партызаны працягвалі кантраляваць лясныя тэрыторыі вакол Налібак. Аднак з-за адсутнасці боепрыпасаў планаваць сур’ёзныя акцыі супраць немцаў яны не маглі. Іх дзейнасць абмяжоўвалася нападамі на паліцыянтаў, старастаў, багатых сялян і крадзяжамі. 

Узімку 1942-1943 гг. шмат партызанскіх групаў, якія знаходзіліся ў Налібацкай пушчы, сталі сапраўднай катастрофай для мясцовых жыхароў. Так адбывалася і ў шэрагу іншых рэгіёнаў БССР. Гэтыя факты пацьвярджаюцца рапартамі саміх партызан. Кірыл Арлоўскі, які ад восені да вясны 1943 года са сваім атрадам знаходзіўся ў баранавіцкім і пінскіх рэгіёнах, распавядаў:

“Разам з сабатажам і разведвальнай працай я вёў штодзённую бескапрамісную барацьбу супраць паводзінаў бандытаў адносна мясцовых жыхароў. Гаворка пра некаторыя “партызанскія групы” з баранавіцкай і пінскай абласцей. Я не мог гэтага ігнараваць, паколькі ў кожнай вёсцы адбываліся п’яныя канфлікты, рабункі, гвалты, забойствы, падпалы дамоў, а часам і цэлых вёсак. Гэта ўсё было справай рук крымінальшчыкаў, якія прадстаўляліся партызанамі і тэрарызавалі мясцовае насельніцтва”. 

Нягледзячы на магутную савецкую прапаганду і запалохванні мясцовых жыхароў пасля 1944 года, налібачане і сёння добра памятаюць тыя падзеі. Ядвіга Ліпніцкая з Налібак была сведкай такіх нападаў:

“Партызаны забіралі ўсё, гэта была не рэквізіцыя, гэта быў самы звычайны крадзеж. Забіралі кароў, коней і вопратку”. 

Юзэфа Кавалеўская з неіснуючай ўжо вёскі Налібацкая Рудня гаворыць:

“Партызаны забіралі ўсё, што было ў людзей. Калі яны набліжаліся, трэба было ўсё хаваць”. 

А яе сястра дадае:

“Людзі жылі ў пастаянным страху перад партызанамі. Уначы нельга было спакойна спаць”. 

Увесну 1943 года Цэнтральны штаб партызанскага руху накіраваў ў Баранавіцкую вобласць двух партызанскіх і партыйных функцыянераў на чале з Васіліем Чарнышовым. У красавіку група Чарнышова, якая мела пры сабе радыёперадатчык, прыбыла ў Налібацкую пушчу. У Чарнышова была мянушка “Платон”, ён быў першым сакратором падпольнага камітэта КП(б)Б у Баранавіцкай вобласці, камандзірам мясцовага партызанскага руху. Разам са сваім штамбам Чарнышоў спыніўся ў вёсцы Кляцішча ў 8 км. ад Налібак. Ён адразу ж узначаліў усе існуючыя да гэтай пары партызанскія атрады і пачаў ствараць новыя. У траўні на тэрыторыі, якую ён кантраляваў, было 5 тысяч партызанаў, 36 атрадаў і 4 брыгады. Большасць з іх дзейнічала ў Налібацкай пушчы і ваколіцах. На пачатку ліпеня 1944 года пад камандаваннем генерала “Платона” было 24 992 партызаны. 


Васілій Чарнышоў.
Першай сур’ёзнай акцыяй, якую “Платон” здзейсніў пасля прыбыцця ў пушчу, было масавае забойства ў Налібаках. Пасля нападаў партызан у 1942 годзе, немцы стварылі ў Налібаках гарнізон паліцыі і самааховы, у якія змушалі ўступаць мясцовых жыхароў. Задачай гэтых груп была ахова мясцовага насельніцтва ад нападаў партызан. Бойня адбылася 8 траўня 1943 года. У сваім загадзе з 10 траўня “Платон” хваліць атрады, якія ўдзельнічалі ў аперацыі:

“Уначы на 8 траўня партызанскі атрад імя Дзяржынскага, атрад “Бальшавік” і атрад імя Суворава пад камандаваннем камандзіра Брыгады імя Сталіна здзейнілі неспадзяваны напад на нямецкі гарнізон самааховы ў Налібаках і знішчылі яго. Цягам 4,5 –гадзіннага змагання было забіта 200 чальцоў брыгады самааховы, узята 100 кароў і 70 коней. Я выказваю падзяку камандаванню Брыгады імя Сталіна, а таксама атрадам імя Дзяржынскага, “Бальшавік”, і імя Суворава, а таксама ўсім іншым партызанам, якія прымалі ўдзел у гэтай аперацыі па знішчэнні ганізона ў Налібаках, а таксама за мужнасць і адвагу”. 

На наступны дзень чалец штабу “Платона” выслаў тэлеграму Беларускаму штабу партызанскага руху. 

“Уначы на 8 траўня Брыгада імя Сталіна знішчыла нямецкую самаахову ў мястэчку Налібакі. Больш за 250 забітых”. 

Адзінаццаць дзён пазней з гэтага ж радыёперадатчыка быў высланы рапарт, у якім паведамлялася пра поспехі Брыгады імя Сталіна ад 15 красавіка да 15 траўня. У ім была паўтораная інфармацыя пра тое, што “гарнізон самааховы быў знішчаны, загінула каля 250 немцаў”. Пазней колькасць ахвяр на баку ворага павялічылася ажно да 500. 

Насамрэч людзі, якія загінулі падчас налібцкай бойні, былі не немцамі, а мясцовымі жыхарамі. У вёсцы і сапраўды быў пастарунак самааховы і паліцыі. На руках у іх было ўсяго 26 вінтовак і 2 кулямёты. Налібачан забівалі падчас сну, у ложках, каля дамоў, а частку расстралялі на цэнтральным пляцы. Сярод забітых былі дзве жанчыны і некалькі дзяцей. У адным з дамоў партызаны расстралялі трох братоў. Маці ў роспачы пачала галасіць, каб забілі і яе. "Вы забілі маіх сыноў дык застрэльце і мяне!" У выніку была забітая і яна.

Пакідаючы Налібакі, партызаны рабавалі дамы і падпальвалі іх.  Сёння на мясцовых могілках стаіць помнік, які нагадвае пра 127 ахвяр масавага забойства 8 траўня 1943 года. Гэты помнік быў усталяваны ў 90-ых гадах. Тагачасныя ўлады не пагадзіліся на інфармацыю на помніку пра адказнасць савецкіх партызан за гэтае злачынства. 
Пасля  бойні ў Налібаках атрады саамааховы ў ваколіцы былі распушчаныя. У выніку партызаны атрымалі неабмежаваную ўладу над Налібацкай пушчай. 

Аперацыя “Герман”

Прысутнасць Чарнышова ўзмацніла савецкі партызанскі рух у Баранавіцкай вобласці, асабліва ў Налібацкай пушчы. Там пачалі стварацца новыя атрады. Немцы ж, праз месяц пасля налібацкіх падзей, пачалі аперацыю “Герман”. Яе задачай было знішчэнне партызан і стварэнне ў ваколіцы “мёртвай зоны”.

У адрозненні ад аперацыі “Cottbus”, знішчэнне мясцовага насельніцтва не ўваходзіла ў задачы аперацыі “Герман”. Паводле загаду Гітлера, немцам была патрэбная рабочая сіла. Існавала распараджэнне, згодна з якім немцы павінны былі браць палонных.


Аперацыя "Герман".
Камандаванне аперацыі “Герман” шматразова жорстка забараняла салдатам забіваць мясцовых жыхароў. Інструкцыі з патрабаваннем не забіваць мясцовае насельніцтва прыходзілі некалькі разоў. Хутчэй за ўсё, гэта быў вынік пратэстаў Вільгельма Кубэ ў Берліне пасля масавых забойстваў мірных жыхароў падчас аперацыі  “Cottbus”. З іншага боку, пастаянныя ўзгадкі пра тое, каб салдаты не чапалі жанчын і дзяцей, сведчаць і аб тым, што забойства мірнага насельніцтва ў той час было для немцаў звычайнай штодзённасцю. 

У аперацыі “Герман” па нямецкмм баку ўдзельнічала 8820 чалавек, у тым ліку 1 Брыгада пяхоты СС, палкі і батальёны паліцыі, СС-Зондэрбатальён Дырлевангера, а таксама батальёны дапаможнай паліцыі. 

Перад пачаткам аперацыі адзінкам, якія бралі ў ёй удзел, было паведамлена:

“Звяртаецца асаблівая ўвага на тое, што ў згаданай ваколіцы існуюць два віды бандаў. Гэта бальшавіцкія банды, і нацыяналістысныя польскія банды, якія змагаюцца як супраць нямецкіх атрадаў, так і супраць бальшавіцкіх бандаў”.

У гэтым выпадку пад “польскімі бандамі” немцы, хутчэй за ўсё, мелі на ўвазе так званыя Польскія легіёны (Армія Краёва). Іх база знаходзілася непадалёк ад вёскі Беліца ў паўднёвай частцы пушчы. У іх склад уваходзіла 650 чалавек. Стаўпецкі партызанскі атрад “Легіёны” узнік у красавіку 1943 года. Ім камандаваў падпаручнік Войска Польскага Каспер Мілашэўскі. У той час гэты атрад змагаўся з немцамі і намагаўся супрацоўнічаць з савецкімі партызанамі. У ваколіцы дзейнічалі таксама 2 партызанскія групы, якія ўзніклі ў траўні і чэрвені 1943 года. 


Польскія партызаны ў Налібацкай пушчы.
19 чэрвеня польскія партызаны пад камандаваннем Мілашэўскага ў выніку ўзброенай акцыі занялі Івянец. Савецкія партызаны не прымалі ўдзел у гэтай аперацыі, але па просьбе Мілашэўскага атрад імя Чкалава знаходзіўся непадалёк ад Івянца, каб у выпадку надзвычайнай сітуацыі змагчы далучыцца. Верагодна, што менавіта акцыя ў Івянцы мела вырашальны ўплыў на рашэнне немцаў пачаць аперацыю “Герман”. 

Аперацыя “Герман” пачалася 13 ліпеня і працягвалася да 11 жніўня. 
Нямецкія атрады збліжаліся адзін да аднаго з розных мясцовасцяў пушчы, ствараючы “кацёл”. Моцнага супраціву, паводле нямецкіх дакументаў, партызаны не аказвалі. 24 ліпеня спынілася сувязь радыёперадатчыка ў пушчы з Беларускім штабам партызанскага руху. Праз некалькі дзён большасць партызанаў апынулася ў нямецкім акружэнні. 28 ліпеня немцы пачалі ліквідацыю “катла”. 31 ліпеня нямецкая разведка паведамляла, што “Платон” выдаў загад, каб партызаны ў малых групах спрабавалі разбіць лінію ворага. Пазней усе павінны былі сабрацца ў дамоўленым месцы. “Хто прыйдзе без зброі, будзе расстраляны” – цытуе словы савецкага камандзіра нямецкая разведка. 

Паводле нямецкіх крыніц, “на баку ворага забіта 4280 чалавек (6 канадзіраў і 2 камісары), было ўзята 654 палонных”. З уласнага боку немцы налічылі 46 ахвяр (9 афіцэраў) і трох зніклых. 

Сярод трафеяў, паводле нямецкіх дакументаў, быў танк, 48 гармат, 13 супрацьтанкавых гармат 34 аўтаматы, 849 вінтовак. Акрамя таго, немцы, нібыта, знішчылі 159 лагераў, 156 бункераў, 2 самагонныя апараты, 1 фабрыку зброі, склад зброі. 


Партызанская зямлянка ў Налібацкай пушчы. www.infocenters.co.il
Аднак немцам не ўдалося знішчыць вялікую колькасць партызан, зачыненых у “катле”. Большасць здолела прарвацца праз акружэнне і схавацца ў балотах. Сярод згаданых у нямецкіх дакументах 4280 “бандытаў”, большасць складалі мясцовыя жыхары. Увогуле, лічбы ў нямецкіх дакументах падаюцца значна завышанымі. 

Савецкую справаздачу пра вынік аперацыі “Герман” падрыхтаваў “Платон”. З яе вынікае, што партызаны мелі шмат ваенных поспехаў, падчас цяжкіх баёў амаль не мелі ахвяр і пацьвердзілі тым самым сваю баявую здольнасць. Апрача таго, партызаны “Платона”, нібыта, выратавалі ад смерці тысячы мірных людзей і нават знішчылі штаб Дырлевангера разам з самім крывавым камандзірам.  Паводле “Платона”, немцы страцілі 3000 чалавек, 29 трапіла ў палон, было знішчана 60 аўтамабіляў, 3 танкі, 4 бранявікі. Страты саміх партызан склалі, паводле “Платона”, 129 чалавек, 50 параненых і 24 выпадкі ўцёкаў да ворага. “Платон” сцьвярджаў, што сілы ворага складалі 52 тысячы чалавек. 

30 жніўня Панамарэнка паведаміў Сталіну і ЦК ВКП (б) пра нямецкую аперацыю ў Налібацкай пушчы і пра “вялікі мілітарны поспех” партызанаў пад камандаваннем “Платона”. Ён таксама перадаў, што быў забіты і Дырлевангер. СС-Зондэрбатальён Дырлевангера сапраўды прымаў удзел у аперацыі “Герман”, але яго камандзір загінуў 7 чэрвеня 1945 года, пасля заканчэння вайны. 

Тым часам, зусім інакш, чым “Платон”, паводзіны партызанаў апісваў камандзір спецатрада Брыгады імя Сталіна Васіль Парафянюк. Паводле яго рапарта, большасць атрадаў у Налібацкай пушчы не вытрымалі нямецкі ўдар, спалохаліся і разбегліся ў паніцы. Камандзір Брыгады Гулевіч пакінуў сваю адзінку, а камісар Мурашоў і яго памочнік сабралі два мяхі з харчаваннем і схаваліся на выспе пасярод вялізарнага балота. Уначы, паводле Парафанюка, частка адбываўся памылковы абмен агнём паміж заблукалымі партызанамі. 

Таксама як і Парафянюк, аперацыю “Герман” апісваў польскі аддзел “Карвет”, які назіраў за дзейнасцю камуністаў на тэрыторыі былой Польшчы:

“Падчас вялікай аблавы ў Налібацкай пушчы былі разбітыя і рассеныя савецкія партызанскія атрады. Большыя атрады адышлі ў напрамку Менска, на савецкую тэрыторыю”. 

Другая фаза аперацыі “Герман” – стварэнне “мёртвай зоны”. 

Напачатку жніўня, калі ваенная частка аперацыі “Герман” была амаль завершаная, нямецкі бок пачаў другую фазу аперацыі – стварэнне “мёртвай зоны” ў Налібацкай пушчы. 

1 жніўня камандзір аперацыі “Герман” Курт фон Готберг выдаў загад пра “эвакуацыю” ваколіц, на якіх адбываліся баі:

“Усіх людзей, жывы і мёртвы інвентар, трэба эвакуаваць з гэтай тэрыторыі. Працаздольныя мужчыны будуць накіраваныя на працы ў Нямеччыну. За лёс рэшты насельніцтва адказвае цывільная адміністрацыя. Пакідаць іх у блізкасці тэрыторыі эвакуацыі – неэфектыўна. Вёскі, пабудовы, масты, ураджай (калі яго не ўдасца эвакуаваць) неабходна знішчыць і спаліць. Наколькі гэта магчыма, трэба таксама спаліць лес на гэтай тэрыторыі. У будучыні да людзей, якія здолеюць там застацца, трэба ставіцца як да дзікіх жывёл”.


Курт фон Готберг.
Паводле рапартаў Готберга, з тэрыторыі Налібацкай пушчы было “эвакуавана” 9065 мужчын, 7701 жанчын, 4178 дзяцей. На працягу некалькіх дзён нямецкія войскі вывезлі са згаданай тэрыторыі 20 944 асобы. Але паляванне на гэтым не завершылася. Немцы забралі з сабой 3145 коней, 6776 кароў, 89 цялят, 1 авечку, 1517 сьвіней, 11 тон збожжа, 1 млын, і больш за 100 сельскагаспадарчых машын.   Па колькасці вывезеных на прымусовыя працы ў Нямеччыну, аперацыя “Герман” не мела аналагаў у Беларусі. 

Немцы знішчылі ўсе вёскі і паселішчы ў Налібацкай пушчы і тэрыторыі ў радыюсе 15 км. Пасля заканчэння аперацыі “Платон” загадаў скласці спіс нямецкіх злачынстваў. Разведка Брыгады імя Чкалава зарэгістрвала 76 знішчыных вёсак і 462 забітых мірных жыхароў. Колькасць вывезеных на працу ў Нямеччыну, паводле Брыгады Чкалава, склала 4697. Насамрэч іх было 20 тысяч. Пасля заканчэння аперацыі “Герман” Івянецкі раён стаў морам попелу. 

Гэтыя падзеі ўсё яшчэ жывуць ва ўспамінах мясцовых жыхароў. Некаторыя са спаленых вёсак ужо ніколі не былі адноўленыя. А шмат хто з вывезеных на прымусовыя працы ўжо ніколі не вярнуўся ў родны край. Адны пачалі новае жыццё ў пасляваеннай Польшчы, а іншыя эмігравалі ў ЗША, Канаду і Аўстралію.Усе яны баяліся ізноў трапіць пад савецкае панаванне. 

Юзэфа Кавалеўская жыла ў 1943 годзе са сваім мужам і 1,5 –гадовым сынам у вёсцы Налібацкая Рудня, у самым цэнтры пушчы. Жанчына была цяжарная другім дзіцем. 6 жніўня вёска была “эвакуаваная”. Усіх жыхароў сабралі ў адным месцы. Людзі былі перакананыя, што іх заб’юць. Годам раней немцы цалкам знішчылі разам з жыхарамі некалькі суседніх вёсак. У суседніх Падражджах загінула 72 асобы, у тым ліку і цётка Юзэфы Кавалеўскай з чатырма дзецьмі. 

Жыхароў Налібацкай Рудні не забілі. Іх прымусілі пешшу ісці ў Стоўбцы (50 км). На іх вачах вёску падпалілі. А са Стоўбцаў усіх адправілі ў Нямеччыну. 
Улетку 1943 года ў Налібацкай Рудні было 170 двароў, пасля вайны туды вярнулася толькі 60 сем’яў. Сёння Налібацкай Рудні больш няма. Там засталіся толькі 2 тамы. Большасць жыхароў падчас калектывізацыі 50-ых гадоў была пераселеная. 

У сваю чаргу ў Кляцішчы перад ліпенем 1943 года было 52 дамы. Падчас “эвакуацыі” частка жыхароў паспела ўцячы і схавацца на балотах. Сярод іх была Леакадзія Ланкевіч з бацькам і братам. Частку жыхароў немцы вывезлі на працы ў Нямеччыну, а частку нямоглых адвезлі ў пустое гета ў Івянцы. 

Ланкевічы спрабавалі працаваць і жыць у вёсцы: 

“Але нас увесь час абстрэльвалі нямецкія самалёты і шукалі нямецкія атрады. Нам увесь час трэба было хавацца. Жыццё ў вёсцы стала немагчымым. Мы пайшлі да партызан. Выкапалі зямлянку і жылі ў атрадзе імя Дзяржынскага. Мой бацька будаваў партызанам сховішчы, а я была санітаркай”.

Пасля вайны бацька Лекадзіі адмовіўся прыняць ордэны і ўзнагароды за дзейнасць у партызанскім атрадзе. Пра выезд у Польшчу ён таксама не хацеў чуць. 


Налібакі сёння. wikimapia.org
Нешматлікім шчасліўцам удалося ўцячы ад нямецкай “эвакуацыі” і ў Налібаках. Бацька і брат Леанарды Юнцэвіч з сям’ёй забралі карову і схаваліся ў лесе. Дзеда, які не захацеў пакінуць свой дом, немцы спалілі ў хляве. Юнцэвічы жылі ў лесе да 1944 года. Для немцаў яны былі “дзікай жывёлай”. А для партызан яны заставаліся цэнным таварам, паколькі пры сабе ўцекачы мелі ўсё, што паспелі вынесці са знішчаных дамоў.  

Богдан Мусял, урывак (са скарачэннямі) з кнігі "Sowieccy partyzanci. 1941-1944. Mity i rzeczywistość", Wydawnictwo Zysk i S-ka, Poznań 2014. 

Пераклаў на беларускую ДГ.

No comments:

Post a Comment