Friday, October 16, 2015

Бегам па пушчы - Несцеравічы

















Вёска Несцеравічы знаходзіцца на шляху з Івянца на возера Кромань. Каб дабрацца туды з Налібак, трэба ехаць у заходнім напрамку па Навагрудскай вуліцы. Сёння мы мяняем напрамак і бяжым кросам з Несцеравіч у Налібакі.


Наша траса складае каля 5 км. Бяжым каля 18.00 гадзіны, надвор'е - каля 4 градусаў.


Наш шлях мы пачынаем ад уезду ў Несцеравічы з бок вёскі Ніўнае. Тут мы робім размінку і першыя здымкі. Несцеравічы - гэта вёска-рака. Яна з'яўляецца часткай Налібацкага сельсавета і налібацкай парафіі святога Бартламея.


Дабрацца ў Несцеравічы можна і аўтобусам са Стоўбцаў. Аўтобус курсуе штодзённа. Траса з раённага цэнтра складае каля 45 км. За гадзіну аўтобус заімчыць вас з Несцеравіч на чыгуначную станцыю, адкуль вы можаце дабрацца амаль у любую кропку краіны.


Несцеравічы - гэта тыповая пушчанская вёска. З усіх бакой - лес. Ад дзікоў і ваўкоў няма спасу - скардзяцца мясцовыя жыхары.


Падчас аперацыі "Герман" улетку 1943 года нацысты спалілі Несцеравічы. Вёска пачала адбудоўцца пасля вайны. Будынкі - прыклад тыповай драўлянай вясковай архітэктуры Беларусі.


Сёння ў Несцеравічах жыве менш сотні жыхароў. Вёска паволі аджывае сваё, пусцее. Сустрэць чалавека - гэта трэба пастарацца і вышукваць вачыма па дварах.


Пушчанскія краявіды ў Несцеравічах. Да лесу - рукой падаць. Улетку несцяроўскія людзі зарабляюць на жыццё ягадамі. Сёлета загатоўшчыкі плацілі за кілаграм 22 тысячы. А чарніцаў навокал - мора. На пытанне, у якім баку ягад найбольш, мясцовая жанчына ўсміхаецца: - Не скажу, бо ўсё нам летам павыбіраеце.


Большасць хат у вёсцы - не абшытыя дошкамі і не памаляваныя. Для пушчанскіх вёсак гэта рэдкая з'ява, бо мясцовыя людзі любяць маляваць будынкі стракатымі колерамі.


Несцераўцы - каталікі. З кожнага ўезду ў вёску стаяць крыжы.


Старых апусцелых дамоў больш, чым жылых. Цяжка паверыць у тое, што яшчэ 15 гадоў таму амаль у кожным двары бушавалі ўнукі з гораду, а ўвечары на лаўках паабапал дарогі не было аніводнага вольнага месца.


Сёння пра гэта няма і напаміну. На кожным другім двары - замок, як смяротны прысуд вёсцы.


Вялікі кантраст да пустых двароў - дагледжаныя агароды. Пакуль яны маюць гаспадара, Несцеравічы жывыя.


А гэта, дарэчы, рэдкая карціна і для Налібак. Мала хто сёння ў вёсцы адважваецца трымаць кароў. Гара працы, сенакосы, ветэрынары. Прасцей выйсці па млека да аўталаўкі.


Але ёсць сярод несцераўцаў і аматары натуральнай гаспадаркі.


У Несцеравічах адна вуліцы - Цэнтральная. У 1994 годзе паклалі асфальт. Калгасная тэхніка па дарозе амаль не ездзіць дык вуліца захавалася не ў кепскім стане.


Чысты куток амаль у кожным двары. Чаго душыцца ў хаце, калі пра чысціню можна дбаць і на вуліцы.


А такі во від маюць несцераўцы са сваіх туалетаў у дварах.


Апусцелыя двары ўсё часцей набываюць гарадскія жыхары, якія потым будуць лецішчы паводле ўласных густаў. Сціпленька, але з густам :-)


Несцяроўскае вакно і густоўныя пасляванныя фіранкі. У справе густу несцяроўцы традыцыяналісты.


Лясная дарога ў Налібакі. Гэтым гасцінцам мясцовыя вернікі дабіраліся па нядзелях у налібацкі касцёл.


Але сёння мы ідзем іншай дарогай. Вяртаемся з выгану на галоўную вуліцу.


Дарэчы, у 1960-ыя гады Несцеравічы славіліся сваім майстрам па вырабе свісткоў для паляўнічых, якімі вабілі жывёлу, панам Губарам.


Несцяроўцы - адданыя сваёй веры людзі і не саромеюцца гэта паказваць.


Ідзеш па вуліцы і адчувае паўсюль водар яблыкаў.


Людзі дбаюць пра парадак у сваёй вёсцы. Усё хораша пакошана, лісце прыбранае, дарога змеценая дзяркачамі.


Некаму пашанцавала з маляўнічым дваром ажно да самага лесу.


Вясной у маі ля гэтага крыжа несцяроўцы збіраюцца на маёўкі, падчас якіх моляцца да Божай Маці.


Чарговы апусцелы дом. Гаспадара ня стала нядаўна.


Лавачка пад векавым дрэвам, дзе несцяроўцы гаманілі пра жыццё, а ўнукі, развесіўшы вушы, слухалі аповяды дзядоў.


Дарога на Кромань. Да славутага пушчанскага возера - 10 км.


Гэта не хобітаўскі дамок. Гэта склеп. Тут несцяроўцы хаваюць на зіму свае багацці: грыбы, кампоты, бульбу.


Напрыканцы вуліцы паварочваем управа. На Налібакі - вунь за той лес. Пачынаем нашу прабежку.


У лесу звяртае ўвагу цікавы факт - праз кожныя некалькі метраў па шпакоўні. Пяцёрка з плюсам налібацкім леснікам.


У Новай Англіі ў ЗША турысты адмысловы восенню ездзяць па лясах, каб цешыцца каляровымі лістамі на дрэвах. Мы таксама спыняемся на імгненне, каб пстрыкнуць фотку. Заадно і зробім глыток вады з несцяроўскай студні.


Плэер і навушнікі нам сёння непатрэбныя. Цешымся кожным імгненнем і слухаем шум лесу. А паветра свежае, што ажно ў галаве круціцца. У такіх выпадках вясковыя людзі смяюцца: - Во гарадскі на свежым паветры млее, давай яго пад выхлапную трубу, мо палягчае.


Наш лес, што мадэль - стройны і роўненькі.


Перад Налібакамі прабягаем праз Целяхі.


Целяхі лічацца налібацкім засценкам. Тут некалі жыла шляхта. Кажуць, што галоўным уу вёсцы быў пан Целях, які і даў назву мясцовасці.


Кто ты естэсь? - Поляк малы! Цікава, што польскі герб тут - без кароны. Гэта некалі быў сімвал Польскай народнай рэспублікі, лаяльнай СССР.


А вось і наша сталіцы пушчы. Спыняем нашу прабежку і далей ідзем спакойнай хадою.


Пасля такой дарогі можна і адпачыць троху, пасядзяўшы ля возера і папіваючы несцяроўскую ваду.

Фота і апісанне ДГ.



6 comments:

  1. о, вялікі дзякуй за гэты матэрыял, неяк яго раней не заўважыў. Толькі праскокваў Несцеравічы, звяртаў увагу заўжды толькі на Boze bogoslaw nam

    А чарніцаў навокал - мора. На пытанне, у якім баку ягад найбольш, мясцовая жанчына ўсміхаецца - гэта тое месца, пра якое пан казаў?

    у 1960-ыя гады Несцеравічы славіліся сваім майстрам па вырабе свісткоў для паляўнічых, якімі вабілі жывёлу, панам Губарам. - вельмі цікава! а ці захавалася нешта з ягонай прадукцыі? от жа каб зірнуць хаця б!!!

    ReplyDelete
  2. У доме на якiм "Boze blogoslaw nam" жыве мая бабуля !

    ReplyDelete
  3. У доме на якiм "Boze blogoslaw nam" жыве мая бабуля !

    ReplyDelete
    Replies
    1. Жадаем ёй вялікага здароўя і смачных яблыкаў на лета. Абавязкова заскочым :-)

      Delete
  4. Дзякуй! Дарэчы нарадзiлася яна у мястэчку Стокi ( так яго называюць тутэйшыя жыхары ) што знаходзiцца памiж вёскай Нiунае i Несцеравiчы

    ReplyDelete