Monday, October 19, 2015

Налібачанін знайшоў шкло і кераміку на месцы гуты Радзівілаў





















Ураджэнец Налібак Віктар Хмара працягвае знаходзіць шкляныя прадметы на месцы, дзе ў 18-19 стст. знаходзілася шкляная гута князёў Радзвілаў. Цяпер на тэрыторыі былой гуты размяшчаецца сядзіба сям'і Хмара. Незвычайныя знаходкі спадар Віктар выяўляе ў бацькоўскім агародзе. На яго думку, у мінулым там мог быць сметнік, куды гутнікі скідалі непатрэбнае шкло і кераміку. Нетрэбнымі яны маглі быць 200 гадоў таму. Сёння ўсе гэтыя прадметы маюць вялізную каштоўнасць, улічваючы факт, што ў Беларусі не захавалася вырабаў налібацкіх майстроў.


Пра свае знаходкі Віктар Хмара напісаў нам. Дарэчы, верагодна, што налібацкія гутнікі - Адам Хмара і Марцін Пока (бабуліна сям'я) - былі продкамі аўтара гэтага артыкула.

Маленькі Зюнтэль – невялікае мястэчка у Нямеччыне, у зямлі Ніжняя Саксонія. Там калісьці таксама, як і ў Налібаках, існаваў шкляны завод, які вырабляў бытавое шкло. Падчас раскопак там былі знойдзеныя розныя шкляныя прадметы, якія археолагі адносять да 18 – 19 стагоддзя.

Кавалкі шкла. Германія, Маленькі Зюнтель, 18-19 стст.
Кавалкі шкла. Беларусь, Налібакі, 18-19 стст.
Цікава, што кавалкі шкла, якія знайшлі ў Германіі, вельмі падобныя на кавалкі шкла знойдзеныя мною ў Налібаках, побач з былой радзівілаўскай гутай.




Як вядома, першымі працаўнікамі Налібацкай гуты былі іншаземныя майстры менавіта з Саксоніі. Гутнікі былі кваліфікаванымі, добра ведалі рэцэптуру вытворчасті шкла. Галоўным відам сыравіны быў поташ, пясок і вапна. Поташ атрымлівалі з драўнянага попелу, дзе шмат жалеза, таму шкло было зелянявага, альбо блакітна-зялёнага колеру. Непразрыстым шкло часта рабілі таму, што ў ім не былі бачныя бурбалкі і вырабы з такога шкла выглядалі значна прыгажэй, чым з празрыстага.

Кавалкі зялёнага шкла, знойдзеныя ў Налібаках на тым месцы, дзе была радзівілаўская гута.

Лес даваў сыравіну для вытворчасці шкла, яго называлі яшчэ лясным шклом. На кілаграм поташа ішла тона драўніны. Вакол Налібак былі размешчаны вялізныя лясныя масівы, што давала магчымасть параўнальна лёгка арганізаваць вытворчасць попелу, а таксама нарыхтоўку паліва і будаўнічых матэрыялаў. Тут жа, недалёка, знаходзіліся значныя запасы шкляных пяскоў.

У Налібаках, з зялёнага шкла рабілі бутэлькі, збаны і іншыя бытавые вырабы, пра што сведчаць наступныя шкляныя знаходкі на месцы былой гуты:



Фрагмент бутэлькі. Налібакі, Беларусь XVIII – XIX ст.
      (форма бутэлек якія выраблялі ў тыя часы на іншых шкляных гутах)

Бутэлька, 1828 г.

Бутэлька, 1792 г.
Дарэчы, гутнае шкло - гэта шкло вольнага выдзімання. Кожны выраб індывідуальны і непаўторны, бо створаны ў гуце ручной працай майстра.

Наступная знаходка вельмі цікавая, бо з кавалачкаў шкла атрымалася склеіць збан.

донца збана
З пачатку знайшоў донца збана, дзе бачны след ад шкловыдзімальнай трубкі і дэкарацыя. У той час шкляныя вырабы выдзімаліся, фармаваліся, дэкараваліся ўручную ў гарачым стане каля плавільнай печы.


Посуд вырабляўся метадам вольнага выдзімання, і ўпрыгожваўся ляпнымі жгутамі, рэльефнымі ніткамі. Невялікія недакладнасці ручнога выдзімання - паветраныя бурбалкі.



Механізацыя вытворчасці, якая адбывалася ў 19 стагоддзі, дазволіла пазбавіцца ад маленькіх паветраных бурбалак, якія часта сустракаюцца ў вырабах 18 стагоддзя.

Збан з Налібацкай гуты XVIII ст?
збан змяняе колер у залежнасці ад асвятлення.
Вядома, што звычайная шкляная маса пасля астывання мае блакітна-зялёнае адценне. Жалезістыя злучэнні афарбоўваюць шкло ў колеры ад блакітна-зялёных і жоўтых да чырвона-бурых, вокіс марганца - ад жоўтых і карычневх да фіялетавых, вокіс хрому у травяніста-зялёны, вокіс урану у жаўтлява зялёны (уранавае шкло), вокіс кобальту – у сіні, вокіс нікеля ад фіялетавага да шэра – карычневага.



Шкляны адбітак ад бутэлькі чвэрці, жоўтага колеру, знойдзены на месцы былой Налібацкай гуты. XVIII – першая палова XIX cт.

Назва бутэлькі ”Чвэрць” адбываецца з самых старажытных часоў, калі купцы прадавалі гарэлку ня скрынямі з бутэлькамі, як цяпер, а вёдрамі – ёмістасцю роўнай 12, 3 літра. А самай хадавой рознічнай тарай стала ёмістасць роўная ¼ вядра, альбо 3,075 літра, якая ў народзе здабыла назву – чвэрць вядра.

Умелі, аднак, раней піць.
Калі б удалося знайсці усю бутэльку, то яна выглядала б прыблізна вось так.
         Наступная знаходка, хутчэй за ўсё, ножка ад келіха. Відаць, келіх ня атрымаўся.


Майстар нават спрабаваў шліфаваць шкло.
Келіх з Налібацай гуты.

Фота і тэкст Віктара Хмары.

1 comment: