Monday, June 20, 2016

Як з налібацкага касцёла скралі залатую манстранцыю


Газета “Віленскі кур’ер” за 1924 год паведамляе пра выпадак блюзнерства ў касцёле святога Бартламея ў Налібаках.


Гаворка пра стары драўляны касцёл, пабудаваны Альбрэхтам Радзівілам у 1636 годзе. Ён знаходзіўся побач з сённяшняй святыняй, з левага боку. Сёння пра яго нагадвае вялізны драўляны крыж.

Здарэнне адбылося праз некалькі гадоў пасля таго, як Налібакі ўвайшлі ў склад Польшчы. Як паведамляла 92 гады таму газета, двое мужчын трапілі ў касцёл, выламаўшы акно. Злачынцы скралі залатую манстранцыю і скарбонку для ахвяраванняў.

Калі мужчыны хацелі ўцячы з нарабаваным, шум данёсся да арганіста, дом якога стаяў побач з касцёльнай званніцай.

 Касцёл святога Бартламея.
На знак трывогі прыбыла налібацкая паліцыя. Пастарунак перад вайной знаходзіўся на цяперашняй вуліцы Азёрнай, на месцы сядзібы Сарнацкіх. У выніку пагоні за злодзеямі ўдалося злавіць Мікаля Каваленку, перабежчыка з Савецкага саюзу. Другі злачынца, Юзаф Стэцкі, здолеў уцячы.

Уцякаючы злодзеі зламалі манстранцыю на кавалкі. Прадмет літургічнага рытуалу і скарбонку паліцыя вярнула касцёлу.

Тут да 1943 года стаяў касцёл святога Бартлаемя, пакуль яго не спалілі партызаны.
У 1990-ыя гады на месцы драўлянага налібацкага касцёлу адбыліся раскопкі. Удалося знайсці шмат прадметаў, якія выкарыстоваюцца падчас імшы. Хто ведае, магчыма сярод іх была і залатая манстранцыя, якую спрабавалі ў 1924 годзе скрасці Каваленка і Стэцкі.

ДГ

Здымак манстранцыі: flickr.com/leo gonzales

No comments:

Post a Comment