Saturday, April 15, 2017

Гісторыя Беларусі ў 5 фотаздымках з налібацкіх могілак



У старой частцы налібацкага могільніку захавалася багата пахаванняў, якім больш за 200 гадоў. Надмагільныя пліты, як і архіў, могуць распавесці шмат цікавага пра нашу гісторыю гэтага часу.


Помнікі распавядаюць пра людзей, у гонар якіх яны пастаўленыя. Дзякуючы гэтай інфармацыі можна аднавіць архіўныя кнігі, знішчаныя падчас войнаў ці катаклізмаў. Але помнікі каштоўныя ня толькі гэтым. Форма помнікаў, іх сціпласць альбо багацце, могуць распавесці нямала пра мінулыя часы.

Зірнем на налібацкія могілкі пра прызму напісання аднаго мясцовага прозвішча - Грыгарцэвіч. Так яно гучыць сёння. Але так было не заўжды. На старой частцы могілак можна пабачыць напісанне гэтага прозвішча ў чатырох формах.

1. Hrehorcewicz.

 
Nikodem Hrehorcewicz нарадзіўся ў 1822 годзе і пражыў 32 гады. Ён нарадзіўся і вырас у часы, калі Налібакі належылі Расійскай імперыі, пасля падзелаў Рэчы Паспалітай. Прозвішча ўтварылася ад імя Hrehory. Менавіта так яно пісалася яшчэ ў часы ВКЛ. У 16 ст. так пісалася імя навагрудскага кашталяна Валовіча - Hrehory (і шмат іншых). Няглядзячы на тое, што надпіс на пліце выкананы па-польску, форма напісання прозвішча не польская. Імя Hrehory па-польску гучыць як Grzegorz.

2. Hryhorcewicz


Праз 43 гады форма напісання прозвішча змяняецца на адну літару - Y - замест - E - Hryhorcewicz. Гэтая форма пачынае нагадваць беларускую форму імя Грыгорый. Але надпіс зроблены ўсё яшчэ па-польску. Тут няма нічога дзіўнага. Налібакі знаходзіліся ў Расійскай імперыі, але каталіцкае духавенства карысталася польскай мовай.

3. Ryhorcawicz.


На пачатку 20 ст. форма прозвішча набывае сучаснае беларускае гучанне імя Рыгор - Рыгорцавіч. Менавіта так яшчэ 20 гадоў таму налібацкія старажылы называлі гэтае прозьвішча. У 1999 годзе, падчас інтэрвію, амаль 100-гадовая Ганна Лойка назвала сваё дзявочае прозьвішча - Рыгорцавіч. На пытаньне, чаму не Грыгарцэвіч, жанчына адказала, што так было "па-правільнаму", а "па-просту" - Рыгорцавіч. Некалькі помнікаў з такім напісаннем былі пастаўленыя ў часы ІІ сусветнай вайны, у 1943-1944 гадах. Гэта былі самаробныя помнікі, усталяваныя ў часы, калі ў Налібаках адсутнічаў каталіцкі святар. Можна меркаваць, што менавіта гэта паспрыяла таму, што прозвішча нябожчыка было напісана "па-просту", а не "па-правільнаму".

4. Grygorcewicz.


Ад 1920-ых гадоў, калі Налібакі ўвайшлі ў склад Польшчы, форма прозвішча набывае польскае гучанне - Grygorcewicz. У такой форме яно пісалася ўсе наступныя паўстагоддзя, і "за польскім часам", і "за саветамі". У СССР не забаранялася рабіць польскамоўныя надпісы на могілках, таму зразумела, што выхаванцы польскай школы ў Налібаках аддавалі перавагу такому напісанню свайго прозвішча, якое чулі з дзяцінства.

5. Григорцевич.


Апошнія 20 гадоў польскамоўных надпісаў на налібацкіх могілках значна паменела. На замену ім прыйшлі рускамоўныя помнікі. Адпаведна русіфікавалася і раней паланізаваная форма прозвішча Grygorcewicz на Григорцевич.

За апошнія 200 гадоў прозвішча Hrehorcewicz мяняла сваю форму чатыры разы. Гэтыя змены паказваюць адыход ад яго напісання паводле ўзору Вялікага княства літоўскага, праз паступовую беларусізацыю, набыццё польскай формы і русіфікацыі ў 21 ст. Гэтыя змены невыпадковыя. Менавіта такой была храналогія змены свядомасці мясцовага насельніцтва.

Адзінае звяно, якога пакуль не хапае ў гэтым ланцугу, гэта беларускамоўнае напісанне. Няглядзечы на тое, што дзяржава Беларусь існуе 25 гадоў, беларускіх надмагільных плітаў на могілках у Налібаках усяго некалькі дзясяткаў. Рабіце надпісы на помніках сваім сваякам і блізкім па-беларуску. Пакіньце сваім нашчадкам інфармацыю, што іх бацькі і дзяды жылі ў Беларусі, у якой была свая мова і свае прозвішчы.

ДГ

У публікацыі выкарыстаныя здымкі з сайту www.graves.by


3 comments:

  1. Дзiма, вялiкае дзякуй табе за стварэнне i падтрыманне блога. Нашаму краю,i людзям з каранямi адсюль, пашанцавала, а мо было наканавана, што чалавек з такiм пазваннем як у цябе нарадзiýся i вырас на нашай малой Радзiме.

    ReplyDelete
  2. Памятаю з даýна,яшчэ з другой паловы 1950-х,з таго часу як хавалi дырэктара Налiбацкай школы Новiкава,на старых могiлках, у паýночна-заходняй частцы, было вельмi шмат цiкавых надмагiльных плiт з тэкстамi (часам дужымi) на розных мовах. У той час я i мае калегi маглi адрозьнiць пльскi ад нямецкага (нямецкi ý 50-х паýсюдна вывучалi ý İвянецкiм раёне), i спрабавалi,з цiкаýнасьцi,чытаць. Але былi так сама i напiсы, якiя для нас былi поýнай "абракадабрай".Хтось сказаý што гэта па-ангельску. Так сама было многа прыгожых крыжоý i на вярху помнiкаý, i проста на магiлах. Астатнiя былi большых памераý з надпiсамi на iх, альбо на прымацаваных таблiчках. Надпiсы былi i на гранях некаторых добра адпалiраваных помнiкаý.Савецкiя ýлады не ýмешвалiся ý справы на могiлках, сьвятара не было,але людзi самi ладзiлi парадак, як было з даýна. Так трывала да перастроечнага часу.
    Аднаго разу, не магу цяпер успомнiць якi гэта быý год, святара ý парафii,здецца, яшчэ не было, Саюз, акурат, развльваýся, мы са спадарожнiкамi заýважылi двух добра апранутых людзей з добрымi фотакамерамi. Яны хадзiлi па старых могiлках i многа фотаграфавалi. Мясцовыя людзi, якiя былi на могiлках да нашага прыезду,так сама не ведалi, што гэта за незнаёмцы. Нiхто не адважыýся iх запытаць. Прайшло некалькi часу, але меней чым год, i я заýважыý, што прыгожыя крыжы i надмагiльныя плiты пазьнiкалi. Не ýсе, але мне здаецца,засталася адна трацiна.
    Я не магу сьцьвярджаць, што адно з другiм звязана, але падазрэнне застаецца.

    ReplyDelete
  3. Вось і ў маёй галаве паўстае пытанне, калі наведваю налібацкія могілкі , ці беларусы тут пахованы...

    ReplyDelete