Sunday, December 23, 2018

Першая зіма новага налібацкага крыжа


Увосень на ўздзе ў Налібаках усталявалі новы каталіцкі крыж. Яго фундатарамі сталі былыя парафіяне. Ініцыятарам збору сродкаў і ўсталявання крыжа стаў Вячаслаў Мішук.


Пра пачатак збору грошай на новы крыж Блога налібацкага краю пісаў 2 кастрычніка. Ужо праз 10 дзён патрэбная сума была сабраная. На заклік адгукнуліся налібачане, якія сёння жывуць па-за роднай вёскай, у тым ліку і новыя жыхары Налібак. Аднымі з фундатараў стала сям'я, якая зусім нядаўна купіла ў вёсцы пляц для будаўніцтва дому.


Каталікі заўсёды ставілі крыжы на ўедзе ў свае мясцовасці. Крыж усталявалі на скрыжванні дарог: з Налібак у Пруды, з Налібак у Дзераўное.


Гісторыя ўзнікнення Налібак звязаная з каталіцтвам. Паводле легенды, калі вялікі князь Жыгімонт Кейстутавіч цудам уратаваўся ад маланкі падчас палявання ў пушчы, ён загадаў пабудаваць на гэтым месцы капліцу. Сёння там знаходзіцца наш касцёл. Першая афіцыйная згадка пра Налібакі ў 1447 годзе таксама датычыць гісторыі парафіі.



Выкананы дыхтоўна крыж шмат гадоў паслужыць налібацкім вернікам.


Шчыра дзякуем Вячаславу Мішуку за ініцыятыву. Вялікі дзякуй усім, хто адгукнуўся на просьбу і перадаў сродкі на ўсталяванне крыжа. Вялікая падзяка Яніне Шчэцька (Грышан), нашай зямлячцы, якая жыве цяпер у Маладэчне, не толькі як фундатарцы, але і за яе практычныя парады пры выбары дызайну крыжа, за арганізацыю дастаўкі крыжа. 

No comments:

Post a Comment