У часы ІІ Сусветнай вайны ў Налібацкай пушчы дзейнічаў найбуйнейшы ў Еўропе яўрэйскі партызанскі лагер. Звыш тысячы чалавек уратаваліся ў ім ад Халакосту. Упершыню больш за сотню яго былых жыхароў і іхных нашчадкаў сабраліся ў аўторак разам у тым самым лесе, які выратаваў іх ад смерці.
75 гадоў таму, калі немцы пакінулі Беларусь, іх родныя змаглі выйсці з пушчы, піша Радыё Свабода.
Партызанскі лагер пад назвай «Лясны Ерусалім» заснавалі браты Бельскія — Тувія, Асаэль і Зусь. Іх атрад першапачаткова дзейнічаў каля роднай вёскі Станкевічы на Наваградчыне. Ад верасня 1943-га да ліпеня 1944 году галоўная база атраду была ў Налібацкай пушчы, каля вёскі Кляцішча. Ад знішчэння тут выратаваліся 1200 чалавек. Пасля вайны большасць з іх выехала ў Палестыну і стварала Дзяржаву Ізраіль. Частка трапіла ў ЗША.
Жывых сведак тых драматычных падзеяў засталося няшмат. Але гісторыю свайго выратавання яны перадаюць з пакалення ў пакаленне. На першую сустрэчу былых жыхароў лагеру і іх нашчадкаў сабралася сотня чалавек з розных краін свету.
«Прыемна, што наш лес дапамог уратаваць так шмат людзей»
Свой візіт у Налібацкую пушчу яны пачалі ад вёскі, якая дала ёй імя. У Налібаках гасцей сустракаў старшыня сельскага савету Аляксандар Пілінкевіч.![]() |
Тамара Вяршыцкая (стваральніца Музея яўрэйскага супраціву) і Аляксандар Пілінкевіч |
«Нам, налібачанам, вельмі прыемна, што наш лес дапамог уратаваць так шмат людзей. Тут дзейнічалі два яўрэйскія партызанскія атрады: братоў Бельскіх і Шлёмы Зорына. Мы вельмі цешымся, што нашчадкі людзей, якія выратаваліся ў Налібацкай пушчы, сёння завіталі да нас», — сказаў Аляксандар Пілінкевіч.
Сярод гасцей з Ізраілю былі дзевяцера нашчадкаў былых налібачан. У Беларусі яны ўпершыню. Міхаэль Шлёзберг з сынам Алмагам прыехалі ў Налібакі з надзеяй знайсці былых суседзяў сваёй сям’і. Тут нарадзіўся бацька Міхаэля.
![]() |
Міхаэль (справа) з сынам Алмагам |
Але на былой вуліцы Віленскай (сёньня Садовай), якая да вайны была цалкам габрэйскай, не засталося нічога, што б нагадвала пра мінуўшчыну. У 1943 годзе немцы цалкам спалілі Налібакі, а вуліцу адбудавалі ўжо пасьля вайны новыя гаспадары.
«Кожны яўрэй з Налібак, якога мы ведалі, быў часткай нашай сям’і»
Цыпі Краўз разам з мужам прыехалі ў Налібакі з Хайфы. Тут нарадзіўся тата Цыпі Абрахам Вайнэр. Ягонымі бацькамі былі Барух і Цыпі, у гонар якой назвалі ўнучку. На пахаванні яе бацькі, ужо ў Ізраілі, яна вырашыла, што калісці наведае роднае мястэчка. У Налібаках Цыпі сказала, што сёння збылася яе мара.
![]() |
Цыпі Краўз з мужам |
«Абсалютная большасць, рызыкуючы сваім жыццём, ратавала нас, як магла»
З Мінску ў Налібакі прыехаў адзіны ў Беларусі жывы партызан атраду Бельскага Яўген Андрэйчык. Сёння ён узначальвае Беларускую асацыяцыю былых вязняў гета і нацысцкіх канцлагераў. Яўген Ёсіфавіч — карэнны мінчанін са змяшанай сям’і: ягоная маці яўрэйка, а бацька беларус з Наваградчыны. У Налібацкую пушчу ён трапіў пасля ўцёкаў з Мінскага гета. Яму было тады 6 гадоў.
![]() |
Яўген Андрэйчык |
У лагеры Яўген Андрэйчык прабыў некалькіх месяцаў у пачатку 1944 году. 16 ліпеня ён ужо вярнуўся ў родны Мінск.
Зоя Якаўлеўна прыйшла ў Налібацкую пушчу ў кастрычніку 1943 году. Гэта быў апошні дзень існавання Мінскага гета. Уся яе сям’я загінула. Калі яна трапіла ў пушчу, ёй было 14 гадоў.
![]() |
Зоя Якаўлеўна |
«Беларускі бок ушанаваў этнічную групу, якая была непажаданай для савецкага рэжыму»
З Налібак памятныя ўрачыстасці перанесліся ў былы лагер «Лясны Ерусалім». Падчас вайны тут быў самы сапраўдны штэтл з двума шпіталямі, майстэрнямі і нават школай для дзяцей. На інфармацыйнай шыльдзе, усталяванай зусім нядаўна, гаворыцца, што жыхары мясцовых вёсак ведалі пра «Лясны Ерусалім», але ніколі ня выдалі яго нацыстам.
Пасол Ізраілю ў Беларусі Алон Шогам падчас прамовы падзякаваў беларусам за памяць пра яўрэйскі партызанскі атрад насуперак савецкаму наратыву, які замоўчваў пра яўрэяў у часы вайны.
![]() |
Алом Шогам (справа) |
У лес, які выратаваў ад смерці 1200 габрэяў, праз 74 гады пасля заканчэньня вайны вярнуўся наймалодшы і адзіны жывы з братоў Бельскіх Арон. Сёння яму 93 гады, ён жыве ў ЗША. На пытанне, ці памятае ён гэтую мясціну, Арон Бельскі адказваў па-філасофску:
«Лес — гэта лес. Мне было тут 10-13 гадоў. Мне яго хапіла. Калі мы ўжо адсюль паедзем?»
![]() |
Арон Бельскі |
Але нашчадкі выжылых не спяшаліся пакідаць «Лясны Ерусалім».
Больш за пяць гадзінаў яны гулялі па лесе, размаўлялі, знаёміліся, апавядалі сямейныя гісторыі, абдымаліся, спявалі і нават танчылі.
«Важней выратаваць аднаго яўбрэя, чым забіць 10 немцаў»
Асаэль Бельская, дачка сярэдняга брата Бельскіх Асаэля, упершыню наведала Беларусь у 1993 годзе, як толькі гэта стала магчымым для грамадзян Ізраілю. Свайго бацьку яна ніколі ня бачыла. Ён загінуў у 1945 годзе ў баі за Кёнігсбэрг.
![]() |
Асаэль Бельская |
Пра бацьку расказала дачка Тувіі Бельскага Рут. Яшчэ да пачатку вайны ён збіраўся з'ехаць у Палестыну, але застаўся ў роднай вёсцы, каб дапамагаць сям’і.
![]() |
Рут Бельская |
Тувія Бельскі пасьля вайны іміграваў у Палестыну. Змагаўся за незалежнасць Ізраілю, але ў 1955 годзе пераехаў у Нью-Ёрк. Ён памёр у 1987 годзе, пахаваны ў Ерусаліме.
У Налібацкай пушчы сёння быў і ўнук Зуся Бельскага Мэцью, які памёр у 1995 годзе ў Нью-Ёрку.
![]() |
Мэцью Бельскі пасьля малітвы |
«Урокі зь гісторыі рабіць ніколі ня позна»
Маліўся ў лесе ня толькі Мэцью Бельскі. Адмысловую памінальную ўрачыстасць правёў галоўны рабін рэлігійнага аб’яднання суполак прагрэсіўнага юдаізму ў Беларусі Рыгор Абрамовіч.
«Я прыехаў прачытаць памінальную малітву тым партызанам, якія загінулі, і па якіх, магчыма, яшчэ не прачыталі малітву за ўсе гэтыя гады. Я першы раз тут. Але памяць ня мае тэрміну даўнасці. Мы тут дзеля таго, каб яшчэ раз успомніць гэтую гісторыю, гісторыю гераізму, болю і горычы. І каб разам аддаць даніну памяці там, дзе былі нашыя блізкія. І гэта робіць нас мацнейшымі. У такія хвіліны мы разумеем, што за намі ёсьць гісторыя і мы ня хочам, каб яна паўтарылася. Урокі з гісторыі выносіць ніколі ня позна».
![]() |
Рыгор Абрамовіч |
З дзвюма дочкамі з ЗША ў Налібацкую пушчу прыехала Хэлен Кушнер-Зэліг, сваячка зяця і дарадцы амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа Джарэда Кушнера. Яе маці Лея Кушнер разам з 250 яўрэямі падчас вайны ўцякла з Наваградскага гета праз тунэль, які выкапалі вязні, і больш за год пражыла ў лагеры Бельскіх.
У 2007 годзе Лея Кушнер разам з дачкой упершыню пабывала на радзіме. Пасля гэтага Гэлен вырашыла, што павінна паказаць гэтае месца і сваім дочкам.
«Для нас быць тут сёння вельмі важна. Мая мама выжыла дзякуючы гэтаму лесу. Я пыталася ў яе: „Мама, як ты магла там выжыць, у гэтым холадзе, бязь ежы, як гэта ўвогуле магчыма?“ А яна мне адказала: „Я выжыла, бо мы былі свабоднымі. У гета ў нас не было свабоды. Калі мы трапілі ў лягер Бельскіх, то ведалі, што пра нас паклапоцяцца. Мы дбалі адзін пра аднаго і таму ў нас была надзея“. Калі я была тут у 2007 годзе, то адчула, што мушу паказаць гэтае месца маім дочкам. Гэта вельмі важна для мяне. Гэтая гісторыя павінна перадавацца з пакалення ў пакаленне».
![]() |
Хэлен Кушнер-Зэліг |
«Наш абавязак – расказаць наступным пакаленням пра крывавую Катастрофу»
Адным з найбольш узрушальных момантаў цырымоніі ў былым лагеры быў ліст, які зачытаў нашчадак налібацкіх яўрэяў Міхаэль Шлёзберг. У адным з фрагментаў былі ўспаміны ягонай цёткі Пніны, якая выратавалася ад Халакосту ў пушчы. Вось урывак яе ўспамінаў:
«Мястэчка сваё я буду памятаць заўсёды, кожны камень, кожны куток, усе двары, усе вуліцы, габрэяў мястэчка яшчэ ў часы яго росквіту. Калі мы вярнуліся ў мястэчка пасля разні, я прайшла ўсе двары, і па ацалелых камянях бруку я ведала, чый быў дом. Калі мы падышлі да нашага дома, я пазнала яго па кухоннай пліце побач з зялёнай печчу, ля якой сядзела мая маці і чытала сідур.
Памятаю я, як габрэі мястэчка ішлі ў свой апошні шлях. Мы выпадковыя абгарэлыя галавешкі вялікага пажару, якіх толькі сляпы лёс уратаваў ад смерці. Наш абавязак — расказаць наступным пакаленням пра крывавую Катастрофу, пра трагедыю сыноў нашага народу, каб яны ведалі і разумелі, што тыя, хто ішоў на забой, ішлі не па сваёй волі. Я буду заўсёды памятаць маё мястэчка, якое штогод у траўні расцьвітала і патанала ў квецені. Буду заўсёды памятаць жахлівае гета, дымам пажару якога я дыхаю ад таго панядзелка, 28 сьнежня 1942 году».
![]() |
Сям'я Шлёзбэргаў |
«На гэтым месцы стаім мы, прадстаўнікі сем’яў ацалелых у Катастрофе габрэяў мястэчка, каб сказаць вам сёньня: мы тут!» — завяршыў свой выступ Міхаэль Шлёзбэрг.
«У свеце жыве 25 тысяч нашчадкаў людзей, якія выжылі ў Налібацкай пушчы»
Ініцыявала гэтую сустрэчу нашчадкаў партызанаў з «Ляснога Ерусаліму» куратар Музея яўрэйскага супраціву з Наваградку Тамара Вяршыцкая. Яна кажа, што гэта толькі пачатак і што такія спатканьні стануць традыцыяй для нашчадкаў тых, хто перажыў Халакост у Налібацкай пушчы.
![]() |
Тамара Вяршыцкая |
No comments:
Post a Comment