У аўторак, 9 ліпеня, Налібакі наведала група нашчадкаў беларускіх габрэяў, якія падчас вайны ратаваліся ад смерці ў Налібацкай пушчы. Сярод сотні гасцей было дзевяцёра прадстаўнікоў двух былых налібацкіх сем'яў - Шлосбергаў і Вайнэраў. Падчас памятнай цырымоніі ў былым габрэйскім лагеры каля вёскі Кляцішча выступіў Міхаэль Шлёзберг з Ізраіля.
Міхаэль прыехаў у Беларусь разам са сваім сынам Алмагам з гораду Халон нападалёк ад Тэль-Авіва. Бацька Міхаэля Ісроэл нарадзіўся ў Налібаках, у сям'і Іцхака Шлосберга і Хаі Гальперын. Да вайны ў Шлосбергаў была свая аптэка ў Налібаках на вуліцы Ліпеньскай і шчаслівае жыццё. Пра трагедыю, якая змяніла лёс сям'і Шлёзбер Міхаэль узгадаў у шчымлівай прамове перад сотняй нашчадкаў выжылых у Халакосце ў Налібацкай пушчы.
Прамову з іўрыту пераклаў Сяргей Шупа.
![]() |
Вуліца, на якой жылі сем'і Вайнэраў і Шлосбергаў |
«На тым месцы, дзе я цяпер стаю перад вамі, я стаю не адзін: са мной стаяць тут у гэты момант яўрэі мястэчка Налібакі. Хоць яны ня змогуць устаць на сваіх нагах, іх кроў крычыць, але іх голас ня будзе пачуты. Я буду іхнымі вуснамі.
Тут са мной члены сям’і Шлосбэрг і Вайнэр, прадстаўнікі другога і трэцяга пакаленняў ацалелых у Катастрофе, з яўрэяў Налібакаў, якія рознымі дарогамі і сваім геройствам перажылі пекла і заснавалі сем’і ў Дзяржаве Ізраіль.
Ніхто ня ведае дзень тваіх народзінаў, наша мястэчка Налібакі. Ужо ў сярэднявеччы, у эпоху ўладарства польскай шляхты, ты было земляробчай сядзібай арандатараў, тут білі прыгонных сялянаў, адсюль і тваё імя - Налібакі, што значыць: “бі ў сьпіну” - на старой польскай мове.
Налібакі было тыповае беларускае мястэчка, далёкае ад цэнтраў эканомікі і культуры, з некалькімі дзясяткамі яўрэйскіх дамоў на рынку і блізкіх да яго вуліцах. Яўрэйская абшчына Налібакаў да Катастрофы налічвала каля 300 душаў.
Гэтыя яўрэі, чые продкі жылі на гэтым месцы на працягу многіх пакаленняў, не былі заможныя. У цяжкай працы і нястачы зараблялі яны сабе на пражыццё сярод беднага беларускага сялянства і польскага асадніцтва.
Як і ў кожным яўрэйскім мястэчку, яўрэі займаліся рознымі рамёствамі: гарбарствам, кавальствам, кравецтвам, вырабам рамянёў. Былі сярод іх і земляробы, дробныя крамнікі і вулічныя гандляры, у нашых сем’яў былі пякарня і аптэка. Сціплымі былі гэтыя яўрэі, людзі працы. З яўрэйскай сінагогі ў мястэчку, якую ў вечар суботы запаўнялі малельнікі, можна было пачуць песьню “Лэло Додзі” (“Прыйдзі, каханы мой”, літургічны гімн, якім вітаюць надыход суботы), а з яўрэйскіх дамоў - суботнія спевы, а на свята Сімхэс-Тэйрэ (Сімхат Тора) усе ўдзельнічалі ў традыцыйных танцавальных шэсцях (з сувоямі Торы).
Праз некалькі дзён пасля пачатку савецка-нямецкай вайны ў чэрвені 1941 году, мястэчка было акупаванае нямецкімі войскамі, якія распачалі тэрор супраць яўрэяў; разрабоўвалі маёмасць яўрэяў, прыніжалі іх, здзекаваліся з іх. Яўрэі былі змушаныя насіць жоўтую латку і хадзіць па дарогах толькі ў прызначаных для іх месцах.
Праз некалькі месяцаў, зімою 1941 году, налібацкіх яўрэяў змусілі пакінуць іхнае мястэчка і перабрацца за 30 км у гета ў Рубяжэвічах. Умовы ў гета былі цяжкія.
Гета ў Рубяжэвічах служыла толькі транзітным пунктам. Працаздольных забіралі з гета і пераводзілі у працоўны лягер у мястэчку Дварэц.
Гета ў Рубяжэвічах служыла толькі транзітным пунктам. Працаздольных забіралі з гета і пераводзілі у працоўны лягер у мястэчку Дварэц.
На працягу 1942 году яўрэі, а сярод іх і мае родныя, былі знішчаныя ў ямах смерці у Дварцы і ў Рубяжэвічах.
Пасля таго, як немцы ліквідавалі гета ў Рубяжэвічах, яны праходзілі міма мястэчка Налібакі, і там на іх напалі з засады партызаны, а сярод іх і ацалелыя яўрэі мястэчка, і забілі іх усіх. Там знайшлі сваю смерць забойцы, якія зьнішчылі мястэчка Налібакі.
Каля 40 налібачанаў далучыліся да атраду Бельскіх.
Каля 40 налібачанаў далучыліся да атраду Бельскіх.
Калі летам 1943 году атрад Бельскіх перайшоў у раён Налібацкай пушчы, у ім вызначаліся налібоцкія, бо яны добра ведалі ўсе дарогі і пераходы ў наваколлях іхнага мястэчка, і выконвалі дзейсныя і адказныя заданні па выведцы і забеспячэньні атраду.
Калі прыйшоў канец вайны і вызваленне, у жывых з налібацкіх яўрэяў засталося ўсяго 26 чалавек.
У сакавіку 1946 году ля берагоў Эрэц-Ісраэль прычалілі караблі з нелегальнымі ўцекачамі “Дов Гоз” і “Голомб”, а ў іх прыплылі мой бацька Ісроэл, моя дзядзька Хаім і яго жонка Пніна. Дазвольце мне зачытаць вам з сведчанняў маёй цёткі Пніны Шлосбэрг для Дома Шмідт, з ацалелых яўрэяў мястэчка, маці Эстэр і Гедаліі, якія цяпер тут са мной.
“Мястэчка сваё я буду памятаць заўсёды, кожны камень, кожны куток, усе двары, усе вуліцы, яўрэяў мястэчка яшчэ ў часы яго росквіту. Калі мы вярнуліся ў мястэчка пасля разні, я прайшла ўсе двары, і паводле ацалелых камянёў бруку, я ведала чый быў дом, калі мы падышлі да нашага дома, я пазнала яго паводле кухоннай пліты, побач з зялёнай печчу, ля якой сядзела мая маці і чытала сідур.
Памятаю я, як яўрэі мястэчка ішлі ў свой апошні шлях. Мы - выпадковыя абгарэлыя галавешкі вялікага пажару, якіх толькі сляпы лёс уратаваў ад смерці. Наш доўг - расказаць наступным пакаленням пра крывавую Катастрофу, пра трагедыю сыноў нашага народу, каб яны ведалі і разумелі, што тыя, хто ішоў на забой, ішлі не па сваёй волі. Я буду заўсёды памятаць маё мястэчка, якое штогод у траўні расцвітала і патанала ў квецені. Буду заўсёды памятаць жахлівае гета, дымам пажару якога я дыхаю ад таго панядзелка, 28 сьнежня 1942 году".
На гэтым месцы стаім мы, прадстаўнікі сем’яў ацалелых у Катастрофе яўрэяў мястэчка, каб сказаць вам сёньня - мы тут!»
![]() |
Нашчадкі Вайнэраў і Шлосбергаў на было габрэйскай вуліцы ў Налібаках |
Чытайце таксама:
No comments:
Post a Comment