Thursday, April 30, 2020

«Пры Грэкаве тут усё шумела і гудзела». Пра чалавека, які жыў для Стаўпеччыны



Паміж стаўпецкімі плошчамі Бессмяротнасці і Леніна ёсць драўляны сіні дом даваеннай пабудовы. Некалі тут жыў дзяржаўны службоўца польскіх мясцовых уладаў Каткоўскі. Трое ягоных дзяцей выехалі пасля 1939 года ў Польшчу, а гаспадар і яго незамужняя, старэйшая за яго сястра, засталіся дажываць свае дні ў родным доме. Пасьля іх смерці ў 60-я гады дом выкарыстоўваўся савецкай уладай на дзяржаўныя патрэбы. Спачатку тут была кантора, а пазьней ЗАГС.

Апошнія дзесяцігодздзі тут знаходзіцца раённы аддзел культуры. Праўда, пару гадоў таму назву паправілі. Цяпер культура на шыльдзе на апошнім месцы. А назва установы гучыць як аддзел ідэалагічнай работы і культуры.
Некалі я пабываў ў гэтым будынку, калі на шыльдзе яшчэ не было ідэалогіі. 

Гэта быў 2000 год. Я вучыўся ў школе і пайшоў разам з дырэктаркай ДК да тагачаснага загадчыка аддзела культуры Анатоля Васільевіча Грэкава, каб выпрасіць дазвол на правядзенне канцэрта НРМ. Размова з ім трывала некалькі хвілінаў. Грэкаў пагадзіўся і аддаў даручэнне ўсё арганізаваць. Гэта быў першы і апошні ў гісторыі гораду канцэрт легенды беларускага року.

Пры Грэкаве ў Стоўбцах і раёне ўсё шумела і гудзела. Яго ня стала 10 гадоў таму. Анатоль Грэкаў памёр на рак.


Анатоль Грэкаў.
Я сяджу з яго жонкай Галінай Іосіфаўнай, шматгадовым інспектарам аддзелу адукацыі, у пакоі, застаўленым партрэтамі мужа, ягонымі кнігамі і іншымі памяткамі.

— Бацька Анатоля быў рускім, ваяваў у Беларусі, пазнаёміўся з жанчынай з Пухавіч і так застаўся ў Беларусі. Сам Толя нарадзіўся ў Зэльве. Вельмі культурнае мястэчка. Яго бацькоў там так і называлі — пан Грэкаў, пані Грэкава. Пры тым, што яны проста працавалі ў гандлі.


З будучым мужам яна пазнаёмілася ў педінстытуце. Потым яны разам працавалі ў адной са школаў раёну.

— Як раз быў Новы Год і не было Дзеда Мароза. А Толя да мяне прыехаў у госці. Я сказала дырэктару, што ёсць кандыдат. Калі дырэктар пабачыў яго і пагаварыў з ім, ён быў у захапленні. Ён яго запрасіў на працу. 6 год мы жылі і працавалі ў Цеснавой. Анатоль Васільевіч быў там вельмі актыўным. То нейкія алеі ў гонар Гагарына рабіў, спартыўныя рэкорды, любое мерапрыемства — была процьма ідэяў. Школа грымела, нас ведалі ўсе на свеце. Потым, па гэтай прычыне, нас адтуль і забралі. Мы любілі і ўмелі вучыць дзяцей.



Кніжная серыя, якую запачаткаваў Анатоль Грэкаў.

У 1979 годзе Грэкавы пераехалі ў Стоўбцы, дабудавалі дом у бацькоўскім двары Галіны Іосіфаўны. Яна пачала працаваць інспектарам у аддзеле адукацыі, а мужу прапанавалі працу дырэктарм спартыўнай школы. І 6 год ён там працаваў.

— Ён з дзяцінства займаўся спортам, гандболам, спяваў, граў на баяне. Займаўся вельмі сур’ёзна фатаграфіяй. Ён вёў у Стоўбцах мора гурткоў. Вучыўся ён звычайнай у школе, але ён быў апантаны працай. Ён генераваў незвычайную колькасць ідэяў. Цікавіўся філатэліяй, нумізматыкай, калекцыянаваў кнігі. Ад коркі да коркі чытаў «Культуру». Вельмі любіў футбол. Звязаўся з зоркамі. З Малафеевым, Сахаравым. Ствараў клубы футбольныя. Усе каманды-дублёры ўсіх савецкіх рэспублік, гулялі заўжды ў нас, у Стоўбцах. Ён арганізоўваў на стадыёне спартыўныя святы, спаборніцтвы. ФАК нават заснаваў прэмію яго памяці.

Грэкава запрашалі начальнікам аддзела культуры ў Нясвіж. Там, на фоне Радзвілаў, ён быў развярнуўся, кажа жонка. Але ён баяўся, што людзі не даедуць у горад, дзе няма чыгункі. А Стоўбцы — горад Коласа, і тут пад бокам чыгунка, якая злучае Еўропу і Азію. Запрашалі Грэкава дырэктарам філармоніі ў Брэст, але ён таксама адмовіўся.

— Колькі ён коласаўскіх святаў арганізаваў, фестываляў: Каласавіны, Сымон-музыка, З песняй да Коласа. Ён вельмі добра сябраваў з Данілам Канстанцінавічам Міцкевічам і з малодшым Міхасём таксама быў у добрых адносінах. Раз ён быў ва Ўкраіне і ўбачыў там «Сцежку Івана Франка» і ў яго ўзнікла ідэя стварыць «Шлях Коласа». Ён стварыў фэліял музея ў Стоўбцах. Збіраў рэзчыкаў па дрэве з усёй Беларусі, яны тут месяцамі жылі і стваралі драўляныя скульптуры. Праводзіліся святы «Красуй, Беларусь». Гэта былі масавыя гулянні. Народныя промыслы, спартоўцы, гандаль. Усе на гэта працавалі. Былі канцэрты. Тры месяцы ўсе рыхтаваліся. Аўтобусамі вазілі людзей.


Адна са скульптур "Шляху Коласа". Фота: holiday.by

Грэкаў вельмі любіў Прыбалтыку. Калі яны пабраліся шлюбам, то ездзілі туды купляць яму гальштукі, кашулі, шпалеры, плафоны. У іх тады ўсё было цікавейшае, яны жылі па-заходняму, тлумачыць Галіна Іосіфаўна. Падчас адной з такіх паездак яны пабывалі ў музеі каменных скульптураў Чурлёніса.


Фота: holiday.by

— Яго гэта вельмі зацікавіла. Дзякуючы яму былі пастаўленыя дзесяткі камяняў з шыльдамі ў памяць аб гістарычных асобах. Камяні Сыракомлю, Адаму Плугу, Юзэфе Кодзіс, Вінцэнту Каратынскаму, Карусю Каганцу, Язэпу Фарботку, продкам Янкі Купалы. Дзясяткі камянёў з шыльдамі па ўсім раёне. Гэта ж помнікі на вякі. У нас нядаўна тут заявілі, што ў раёне былы старшыня райвыканкаму Горлаў пачаў праводзіць свята вёсак. Людзі добрыя, гэта ўсё рабілася 20 гадоў таму. Я сама пісала сцэнары, гісторыі вёсак. Працаваў чалавек — ведалі. Памёр — ніхто і не памятае. Усё пачынаюць з чыстага аркуша.

У 2006 годзе Стоўбцы займелі свой герб і сьцяг з выявай віціны на Нёмане. Гэта таксама ідэя Анатоля Грэкава.



— Ён падымаў гісторыю Стоўбцаў. Наш горад змрочны, хаця я сама стаўбчанка. Недзе ўрыўкамі, ёсць здымкі чагосці. Анатоль Васільевіч ініцыяваў усталяванне помніка забітым габрэям. Іх вывозілі з гета ў лясок на сённяшняй мяжы гораду і там расстрэльвалі. Нейкім цудам знайшоўся сваяк расстраляных. Прыяжджалі сюды яны. Было ўрачыстае адкрыццё. Скульптура жанчыны. Ёсць і вандалізм, праўда. Малююць там рознае. Габрэі далі яму 100 даляраў. Ён прынёс дадому і кажа — Галка, а што з імі рабіць? На прыход іх не паставіш, бо гэта валюта. Кажу, ствары камісію, стварыце акт дарэння і купляйце нешта для помніка. Яны так і зрабілі.
На каталіцкіх могілках у Стоўпцах калісці знайшлі пахаванні ўдзельнікаў І сусветнай. Грэкаў усталяваў там табліцы і крыжы.


Праект краязнаўчага музея ў Стоўбцах.

— Памёр не паспеўшы стварыць музей. Ён прыходзіў і заўсёды казаў: — Галка, я грукаюся ілбом у зачыненыя дзверы.

Пад музей аддалі будынак былога КБО. Грэкаў ужо наняў нават ахоўніка. Былі два штаты. Паставілі вокны, дзверы. Але фінансаваць яго ніхто не спяшаўся. Грэкаў сышоў з пасады. Старшыня выканкаму прадаў гэты будынак прыватнаму прадпрымальніку.


Будынак, дзе меўся размясціцца музей, сёння.

— З гэтым галаўным болем ён сыйшоў з жыцця. Быў вельмі уважлівы, дарыў падарункі. Нашага адзінага сына ён абагаўляў. Але жыў працай, не заўважаў дзён. Канешне, ён нешта не дадаў нашай сям’і, але мы дазволілі яму так жыць. Мы дазвалялі яму сядзіць на працы да ночы, праводзіць там суботу і нядзелю.

Дзмітры Гурневіч.

No comments:

Post a Comment