Sunday, March 28, 2021

Ганебная хлусня. Газета «Прамень» назвала фэйкам забойства 128 налібачан падчас вайны

Калі я гэта пабачыў, то ў мяне зрабіліся мокрымі вочы. Я, вядома ж, ведаю, наколькі подлым можа быць чалавек, але ТАКОЕ стала для мяне нечаканасцю. Рэдактарка стаўпецкай раёнкі “Прамень” Нэлі Астрэйка ў сённяшнім нумары заявіла, што “налібацкая бойня” 8 мая 1943 году, у выніку якой партызаны расстралялі 128 жыхароў вёскі, дзе я вырас – фэйк.


Я памятаю суседку, бабу Ўршулю Лукашэвіч, памятаю яе вочы да сёння. Партызаны забілі яе мужа. У доме з другога боку жыла Леанарда Юнцавіч, якая малой дзяўчынкай маліла партызанаў не забіваць яе тату, пакуль той хаваўся за печчу. Ідучы ў школу, я спускаўся з таго самага пагорка, з якога, паводле сведкаў тых падзеяў, 8 мая ручаём цякла кроў. А непадалёк ад школы стаяў стары савецкі абеліск у гонар партызанаў, на якім памылкова былі выбітыя і імёны іхных ахвяраў.

Мемарыял у гонар забітых партызанымі налібачан на могілках


Дык вось што піша Астрэйка:
“У нашым краі ёсць Налібацкая пушча, дзе падчас Вялікай Айчыннай вайны дзейнічалі партызаны. І вось усплывае фэйк: у Налібаках былі расстраляны партызанамі мірныя жыхары. І толькі намаганнямі райвыканкама і старшыні раённай арганізацыі ветэранаў Наталлі Лапко, якія паслалі запыты ў архівы Баранавіч, Мінска, арганізавалі сустрэчу са сведкамі тых падзей, было даказана, што жыхары Налібацкага краю не загінулі, а былі вывезены за мяжу і засталіся там пражываць».

Пры гэтым Нэлі Астрэйка піша абсалютныя ганебныя рэчы, што аўтары нібыта такіх фэйкаў хацелі б, каб фашысты перамаглі ў вайне, і цяпер мы, нібыта, пілі б баварскае піва. Няхай гэтыя гнюсныя словы застануцца на яе сумленні. У прававой дзяржаве з гэтай спадарыняй за хлусню пра гістарычны факт, абразу памяці налібачан, можна было б судзіцца і перамагчы. Але не ў цяпершаняй Беларусі, дзе пасадзіць могуць за сняжынкі на балконе.

 

Малюнак з кнігі "Апошні дзень Налібак", расстрэл партызанымі жыхароў вёскі

Пра бойню 8 мая 1943 году даўно апублікаваныя ўспаміны, названыя ўсе імёны забітых (сярод якіх жанчыны і дзеці), ёсць кнігі навукоўцаў, артыкулы, у пушчы працавалі экспедыцыі гісторыкаў. На могілках за лічаныя хвіліны можна знайсці магілы забітых, а ў цэнтры могілак 25 год стаіць вялізны манумент у гонар ахвяраў партызанаў, дзе чорным па белым напісана пра 128 забітых жыхароў Налібак. Штогод у гэтую трагічную дату каля помніка моляцца налібачане, а да нядаўна выступалі і сведкі, якія памяталі той дзень.

Чытайце больш тут: 8 мая 1943 г. партызаны расстралялі ў Налібаках 128 чалавек. 

Улетку 1942 году немцы загадалі ўтварыць у Налібаках «самаахову». Прыцягнутыя туды пад пагрозай смерці налібацкія мужчыны мусілі ахоўваць мястэчка ад рабункаў партызанаў. На Налібакі з 2 тысячамі насельніцтва немцы пакідаюць 28 старых карабінаў. З аднаго боку немцы і пагроза сьмерці, а з другога — тысячы савецкіх партызанаў у пушчы.
Але кіраўнік налібацкай самааховы і савецкія партызаны дамовіліся пра супрацоўніцтва. Яны вырашылі імітаваць напад на самаахову», каб вёска пазбегла нямецкай помсты. Маўляў, мы нападзём, вы пастраляеце ўгару і пяройдзеце на наш бок, а немцам людзі скажуць, мы вас гвалтам павялі ў лес. Бакі дамаўляюцца перад «нападам» сустрэцца яшчэ раз і да «захопу» пазбягаць сутыкненняў. «Напад» нібыта дамовіліся ўчыніць 10 мая. Хаця дэ-факта самаахову распусцілі ўжо ў красавіку.

Але партызаны прыходязць ранкам 8 мая. Экзэкуацыі адбываюцца амаль у кожным двары паводле таго самага сцэнара. Партызаны — забягаюць у хату, страляюць у гаспадара, а часам і ў цэлыя сем’і, і рабуюць дом. Байцы «самааховы» разгубленыя і ня ведаюць, што адбываецца. Зброі амаль у нікога няма, бо немцы на ўсё мястэчка далі 28 карабінаў. Дык і страляць ніхто не збіраўся, была ж дамова. Людзі выбягаюць на падворак, мяркуючы, што гэта дамоўленая з партызанамі аперацыя. Той, у каго ёсць зброя, страляе, як і дамаўляліся, угару, а партызаны адказваюць чэргамі з аўтаматаў, падпальваючы будынкі.

 Сакаловіч Павел. Яшчэ жывыя сведкі гэтай крывавай бойні - яго дочкі.


Напад партызанаў мог быць трагічнай памылкай, выпадковасцю, чым заўгодна. Але гэта гістарычны факт. А мясцовыя не маглі бараніцца, у іх не было і зброі. Зрэшты, забітыя былі жанчыны і дзеці. Таямніцай застаецца, як нехта з раёну не сустрэў у Налібаках людзей, якія б расказалі пра расстрэл. Сёння іх вобмаль, але яны ёсць. І ёсць успаміны тых, хто ўжо не жывы.

Я ведаю, які адказ кіраўніцтва раёну магло атрымаць з архіваў. Такі, як і ў раённай кнізе «Памяць». Там напісана пра разгром у Налібаках 8 мая нямецкага гарнізону. Прытым што аніводнага немца ў той дзень у Налібаках не было. А 100 кароў і 70 коней, пра якія ўзгадваў у сваёй падзяцы партызанам за аперацыю першы сакратар падпольнага камітэта КП(б)Б у Баранавіцкай вобласці, камандзір мясцовага партызанскага руху, Васілій Чарнышоў "Платон", таксама былі нямецкімі? Ці гэта фэйк?


Вуліца Ліпеньская, былая Навагрудская. Менавіта тут жыла большасць ахвяраў.


Калонка Нэлі Астрэйкі ў раёнцы называецца «Мінулае вучыць нас, як жыць сёння». Савецкае мінулае навучыла яе хлусіць пра гісторыю, і яна так жыве сёння. Такія «настаўнікі» здольныя толькі крычаць слова «Хатынь», махаць ім як сцягам, выкарыстоўваючы ў палітыцы. Але яны не здольныя ўбачыць трагедыі ахвяраў. Яны паўтараюць старыя лозунгі пра «савецкіх грамадзян», але не ў стане разгледзець трагедыю рэальных людзей. Ані ў Хатыні, ані ў Налібаках.
Што вам сніцца, спадарыня Астрэйка? Няхай прысняцца гэтыя людзі.
1. Адамцэвіч Станіслаў „ Стрэк”
2. Агейка Ян
3. Астапей Міхал
4. Астапей Уладыслаў
5. Астапей Францішак, сям’я жыла на вул. Навагрудскай
6. Акуліч Станіслаў
7. Бычкевіч Стэфан „Ганік”, жыў на вул. Навагрудскай
8. Багдановіч Вітальд, жыў каля касьцёла
9. Башура Стэфан „Жыўчык”, жыў на вул. Навагрудскай
10. Башура Вітальд „Жыўчык”,
11. Баранцэвіч Стэфан, паліцэйскія пенсіянер
12. Верамей Станіслаў
13. Верамей Канстанцін сын Станіслава
14. Верамей Ізабэла, маці Канстанціна
15. Волан Эдвард
16. Грыгарцэвіч Караль „Захарук”, сын Нікадзіма, жылі каля Мішукоў
17. Грыгарцэвіч Нікадзім „Дэк”
18. Грыгарцэвіч Караль „Балабоста”
19. Грыгарцэвіч Антоні „Тосік”
20. Грыгарцэвіч Вацлаў „Есці”, жылі на вуд. Наваградскай, у бок цэнтра
21. Грыгарцэвтч Генрык
22. Грыгарцэвіч Францішак „Качка”
23. Грыгарцэвіч Балястаў „Юрка”, жыў у палове вул. Наваградскай
24. Годыль Станіслаў „Смаляк”
25. Годыль Юзаф „Румка”
26. Годыль Анеля
27. Годыль Зофія
28. Годыль Караль
29. Годыль Казімір
30. Годыль Аляксандар „Паўлюк”
31. Годыль Нікадзім
32. Годыль Антоні „Бздыр”
33. Годыль Эдвард, сям’я жыла на вул. Наваградскай
34. Гасюк Вінцэнт
35. Гасюк Адам „Мернік”
36. Галуб Антоні, да ІІ сусьветнай вайны працавай у малачарні
37. Галашэвіч Рафал,
38. Дубіцкі Юзаф „Ціляк”
39. Дубіцкі Стэфан „Шылак”
40. Дубіцкі Баляслаў „Шылак”, сям’я жыла на вул. Наваградскай
41. Емельяновіч Казімір
42. Захаранка Вацлаў
43. Зялёнка Караль
44. Зялёнка Марыя
45. Зялёнка Ян
46. Зялёнка Баляслаў
47. Зялёнка Мечыслаў
48. Зялёнка Ян
49. Каржэнька Ян
50. Каржэнька Браніслаў „Уратнік”
51. Каржэнька Баляслаў
52. Каржэнька Адам
53. Каржэнька Аляксандар
54. Каржэнька Вацлаў, працаваў у гміне
55. Каржэнька Анатоль, брат
56. Кашужка Антоні
57. Кажушка Юзаф
58. Кажушка Вітальд, сям’я жыла на рынку
59. Карп
60. Карневіч Барбара
61. Карневіч Ян
62. Карневіч Альбэрт
63. Карневіч Юзаф
64. Карневіч Станіслаў, чатыры сыны і маці.
65. Куніцкі Баляслаў
66. Клімовіч
67. Лазэўскі
68. Ланіскі Юзаф
69. Лукашэвіч Караль
70. Лукашэвіч Ян „Каспар”,
71. Лукашэвіч Міхал
72. Лукашэвіч Бэрнард
73. Лукашэвіч Пётр
74. Лукашэвіч Браніслаў
75. Лойка Рафал „Трус”
76. Лойка Юзаф „Кавальчук”, зяць Нікадзіма Грыгарцэвіча
77. Лойка Ян „Чэпчык”
78. Лойка Адам
79. Макоўскі Станіслаў
80. Макоўскі Ян „Цецька”
81. Макоўскі Францішак
82. Макоўскі Нікадзім
83. Мазун Эдвард, жыў на вул. Навагрудскай
84. Маслоўскі,
85. Мішук Рафал „Галыш”
86. Мішук Эдвард
87. Мельнік Антоні
88. Мельнік Станіслаў, сям’я жыла на вул. Наваградскай
89. Марцінкевіч Юзаф „Брукар”
90. Мірон Ян
91. Нецка Караль, паліцыянт, які стрэліў у партызана
92. Нецка Юзаф
93. Петрашкевіч Міхал, арганіст у касцёле сьв. Бартламея
94. Пузоўскі Эдвард
95. Пузоўскі Юзаф
96. Паплаўскі
97. Радзівон Караль
98. Ражко Баляслаў, вартавы
99. Сакаловіч Павал
100. Собаль Уладыслаў
101. Собаль Антоні,
102. Сазановіч Казімір,
103. Страшэўскі Караль
104. Стасюкевіч Стэфан „Шымшаль”
105. Тычынскі, „прыежджы”
106. Чуйко Пётр „Югась”,
107. Шаржановіч Міхал „Антосік”
108. Шэмят Казімір „Стрэк”
109. Шэмят Станіслаў
110. Шунейка Ян
111. Шмукста Баляслаў, жыў каля рынка
112. Фарботка Антоні „Пятрук”
113. Фарботка Віктар „Жыжыч”
114. Фарботка Антоні „Бомбель”
115. Фарботка Юзаф „Гусак”
116. Фарботка Антоні „Барэц”
117. Фарботка Браніслаў „Дрозд”
118. Фарботка Станіслаў
119. Фарботка Чэслаў „Піус”
120. Хіліцкі Міхал „Азюка”
121. Хіліцкі Пётр „Зайца”, жыў на вул. Навагрудскай
122. Хмара Антоні „Спас”
123. Хмара Юзаф
124. Хмара Станіслаў
125. Хмара Ян
126. Хмара Ганна, сям’я жыла на вул. Навагрудскай

Дзмітрый Гурневіч, налібачанін

No comments:

Post a Comment